«Да нас тут рэдка хто заязджае» Хутар Кожух афіцыйна не існуе, а людзі жывуць (Маларыцкі раён)

Адразу адзначым, што населенага пункта пад назвай Кожух на карце Маларыцкага раёна не шукайце, не знойдзеце. Рашэннем Маларыцкага Савета дэпутатаў ад  23 снежня 2016 года хутар Кожух быў далучаны да Ляхаўцаў. Былыя хутаранцы, якіх усяго толькі 9 чалавек, сталі жыхарамі вуліцы Савецкай, што ў вёсцы Ляхаўцы. Праўда, мясцовыя людзі ўсё роўна працягваюць лічыць сябе хутаранцамі.

Амаль у самым пачатку вёскі збочваем з галоўнай дарогі на прасёлачную. Едзем уздоўж  лесу. Першай нас сустракае дыхтоўная сядзіба з добра агаро­джаным вялікім надзелам зямлі. Гэта адзін з мясцовых арандатараў ўзяў у карыстанне каля 5 гектараў зямлі, на якой вырошчвае буякі. Хаатычна раскіданыя там-сям сярод узлеску віднеюцца хаціны хутаран ды іх гаспадарчыя пабудовы. Палова хат,  нібыта тыя здані, стаяць маўклівыя ды пустыя. Навокал  — цішыня і самота. У пошуках людзей блукаем па зарослай травой дарозе, якая то губляецца ў лесе, то выводзіць на луг. Нарэшце трапляем на падворак да гаспадыні Лідзіі Іванаўны Максімук. Жанчына якраз корпалася ў агародчыку. Убачыўшы машыну, яна пакідае сваю справу і спрытна падыходзіць да нас.

— Адразу заўважыла, што, мабыць, некага шукаеце, — пасля прывітання, гаворыць кабета. – Да нас тут рэдка хто заязджае. Здаецца, што быццам і вяскоўцамі ўжо сталі,  але дарогі больш-менш прыдатнай для язды тут няма, а вуліца Савецкая – гэта шэраг раскіданых сям-там хат. Вам патрэбна Кацярына Дворак? Дык бабуля жыве ў тым накірунку. Бачыце, вунь хата стаіць сярод бярозак. Там і зной­дзеце нашу бабулю Кацярыну – адну са старэйшых жыхарак хутара.

Сядзіба на хутары Лідзіі Іванаўне дасталася ў спадчыну ад бацькоў. Кожную вясну жанчына пакідае сваю гарадскую кватэру, што ў Маларыце, і перасяляецца ў Кожух. Кажа, што тут вельмі добра, спакойна і паветра чыстае, гаючае, настоенае на водары бярозы ды хвоі. Жанчына садзіць у агародчыку бульбу, цыбулю, моркву, буракі, капусту ды іншую садавіну і агародніну. Восенню збірае ўраджай і вяртаецца на зімоўку ў горад.

— Зараз тут добра ў нас, — кажа Лідзія Максімук,  якая дваццаць гадоў адпрацавала ў раённай друкарні. – Сапраўдны маленькі рай, птушкі спяваюць так хораша, што слухаць іх можна бяс­конца. Адзіны мінус – змей чамусьці многа развялося. Вось чаму ўвесь час хаджу ў гумовых ботах.

Лідзія Іванаўна расказвае пра свой хутар. Яшчэ гадоў дваццаць таму тут пражывала 37 чалавек. Зараз і дзесяці не набярэцца, ды і тыя ўсе старыя, нямоглыя. Бадай, самы малады жыхар хутара – гэта 55-гадовы Аляксандр Хапаль, хата якога стаіць у самым лесе. Старажылы, што ўсё сваё жыццё пражылі на хутары – Дзмітрый Дворак, якому мінула 92 гады, і васьмідзесяцідзвюхга­довая Кацярына Дворак, а таксама Ганна Хапаль, якая размяняла 9-ы дзясятак. Дажываюць старыя паціху свой век.

Аўталаўка сюды прыязджае два разы на тыдзень, перыядычна праведваюць старых урач і яго памочнік, што працуюць у Ляхавецкай амбулаторыі агульнай практыкі. Аўталаўка ля кожнай хаты спыняцца не можа, таму некаторым жыхарам, як, напрыклад, Кацярыне Дворак, даводзіцца пехам дабірацца да магазіна на колах. Улетку яшчэ нічога,  а вось калі снегам замяце ўсё наваколле, тады і ўзнікаюць пэўныя цяжкасці. Дзіўна, але вяскоўцы,  якія ўсё сваё жыццё адпрацавалі на зямлі, свету белага не бачыўшы, успрымаюць гэта як належнае.

— Учора чакалі па графіку прыезду аўталаўкі — не прыйшла, — з роспаччу ў голасе кажа былы трактарыст Пётр Касянюк, за плячыма якога больш за сорак гадоў механізатарскага стажу. — Патэлефанавалі ў райспажыўтаварыства, нам паабяцалі, што аўтамагазін заўтра абавязкова будзе. 

Хата ў Пятра Міка­лаевіча дагледжаная, нават з еўравокнамі і талеркай спадарожнікавай антэны. Падворак, на якім ходзяць курачкі, старанна ахоўвае аўчарка Жулік.

— Агародзік невялічкі пасадзілі, — далучаецца да размовы Лідзія Іванаўна, жонка гаспадара. – Шмат не садзім,  здароўе не дазваляе.

Лідзія Іванаўна яшчэ даглядае за сваёй старэнькай маці Праскоўяй Васільеўнай, якая ледзьве ходзіць пры дапамозе мыліц.

— Адкуль хутар мае такую назву – Кожух? – пытаюся ў бабулькі. – Можа, кажухі тут некалі выраблялі?

— Наўрад ці, пра такое я не чула. Раней хутары былі больш параскіданы па лесе. Гэта пасля вайны пачалі тут сяліцца. А Кожухам называлася тутэйшае ўрочышча. Вось і назва адтуль такая пайшла.

— А калі б прапанавалі вам перабрацца на пастаяннае месца ў вёску альбо нават у горад, ці пагадзіліся б? – пытаюся ў Касянюкоў.

— Не. Тут усё сваё. Ды і большая частка жыцця прайшла на хутары, — адзначае Лідзія Іванаўна. – Тут кожнае дрэўца знаёмае, не адна сцяжыначка пратаптана ў полі. Канечне, бывае самотна, асабліва зімой, але мы, хутаране, прывыклі.

Завіталі мы і на гасцінны двор бабулі Кацярыны Дворак. Кацярына Антонаўна разам з дачкой Валянцінай, якая з Брэста прыехала адведаць матулю, сустрэлі нас на вуліцы. Ладны домік стаіць у надзвычай маляўнічым месцы. За агародчыкам адразу пачынаецца лес.

— Месцы ў нас ягадныя ды грыбныя, — кажа бабуля Кацярына. – Прыязджайце па чарніцы, баравічкі ды лісічкі. У спрыяльны год іх тут процьма.

І сапраўды, адразу за плотам зялёным дываном распаўзліся па ўсім двары кусты чарніц. Калі паспеюць ягады, дастаткова толькі выйсці з хаты і збірай удосталь сакавітыя чарніцы.

Кацярына Антонаўна 60 гадоў як жыве на хутары. У свой час сюды выйшла замуж. Чатыры гады таму пахавала мужа, з якім пражыла няпростае і цікавае жыццё. Выгадавалі трох дачушак, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Цяжка зараз бабулі без гаспадара, маркоціцца,   сумуе Кацярына Антонаўна па сваім Васілю. Але хутар пакідаць ніяк не хоча, хоць дочкі клічуць маці, просяць пераехаць жыць у горад.

— Пакуль здужаю хадзіць, адсюль — ні нагой, — катэгарычна заяўляе бабуля Каця. – Няхай не крыўдуюць дзеці, але свой хутар я не пакіну.

— А  ўзімку тут як? Не страшна? Лес ды пустэча вакол, адны звяры, мабыць, тут і хо­дзяць? – даймаю пытаннямі Кацярыну Антонаўну.

— Зімой гэтак,  як і ўлетку, — адказвае жанчына. – Адзінае, што, бывае, снегам дарогу занясе так,  што ні прайсці, ні праехаць. Тады бяда,  да аўталаўкі не дайсці. А так то тэлевізар гляджу, слухаю радыё.  Мясцовыя навіны даведваюся праз “”. А звяроў навошта баяцца? Прыбяжыць зайчык,  паскача па двары, альбо знянацку казуля забрыдзе,  пад снегам пашукае яблык і зноўку ў лес шугане. Добра тут,  спакойна: ні мітусні людской,  ні грукату машын. Цішыня неверагодная стаіць. Лепшага месца і не трэба.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!