Яблычны лёс

Лёс гарадоў, вёсак, мястэч­каў вельмі часта можна параўнаць з лёсам чалавека. Гэта і не дзіўна, таму што кожная мясціна, як і чалавек, мае сваю гісторыю, свае карані. Гісторыя ўзнікнення вёскі Яблычнае ў цэлым нічым асаблівым не адрозніваецца ад гісторый іншых вёсак. А вось сённяшняе жыццё вёсачкі з такой цудоўнай назвай мае свае адметнасці. Запытаўшыся ў некаторых маладых людзей, дзе знаходзіцца гэтая вёска, убачыла разгубленыя вочы і пацісканне плячыма. Ды і сама я вельмі дрэнна ўяўляла месцазнаходжанне Яблычнага. А гэта, напэўна, усё з-за таго, што маленькая вёсачка, забытая і зусім не перспектыўная. На сённяшні дзень у вёсцы жывуць усяго толькі 22 чалавекі, з якіх толькі два працаздольнага ўзросту, усе астатнія — пенсіянеры. Убачыўшы знак з надпісам “Яблычнае”, не адразу зразумела, што гэта пачатак вёскі. Ля дарогі, нібы грыбочкі, сустракаюць нячастых гасцей пакінутыя пакрыўджаныя хаты. Пустая вуліца спачатку крыху нават палохае, хочацца як мага хутчэй знайсці хоць адну жывую душу. І вось з цікаўнасцю мне насустрач выходзіць старэнькая жанчына. Спачатку крыху насцярожана яна ўглядаецца ў твары незнаёмых гасцей, але, пасля таго, як мы пазнаёміліся, з ахвотай запрашае ў двор. Параскева Максімаўна Крэнь усё сваё жыццё правяла ў Яблычным – гэта яе маленькая радзіма, яе дом і прытулак. Параскеве Максімаўне 85 год, і яна шмат чаго памятае. Сёння жанчына жыве разам з мужам, якога, дарэчы, не застала дома (паехаў у суседнюю вёску). Параскева Максімаўна нарадзілася ў вёсцы Яблычнае ў 1926 годзе, усяго ў сям’і іх было чацвёра дзяцей. Але сёння ў жанчыны засталася толькі адна сястра: двух братоў яшчэ ў маладым узросце забілі. У 25 год маладая дзяўчына выйшла замуж, хлопец таксама быў мясцовы, таму і засталіся маладыя жыць у роднай для абаіх вёсцы.

Маладая жанчына (як і многія вясковыя жанчыны ў той час) хадзіла працаваць у брыгаду, а муж усё жыццё быў трактарыстам. Параскева Максімаўна прызнаецца, што сёння яна багаты чалавек: “Бог даў мне 6 дзяцей (дачку і пяць сыноў), 12 унукаў і ўжо аж 6 праўнукаў, але мне яшчэ вельмі хочацца і прапраўнукаў дачакацца”. Нельга сказаць, што лёс жанчыны быў просты і лёгкі. “Я заўсёды з болем успамінаю тыя часы, калі дзеці былі малыя, грошай амаль зусім не было,таму было і такое, што мы галадалі, — расказвала яна, — але я верыла ў лепшае, верыла ў Бога, магчыма, гэта і дапамагло нам”. Раней у кожнай хаце жылі людзі, былі дзеці, а сёння гэта “вёска пенсіянераў”.
Параскева Максімаўна любіць хадзіць у храм, але сама ўжо дабірацца туды не можа, таму вельмі задаволена, калі сыны знахо­дзяць час, каб завезці яе ў царкву. Пажылым людзям, гаварыла бабуля, у першую чаргу не хапае простых чалавечых зносін. А гэта, пагадзіцеся, так патрэбна! Наступнай субяседніцай стала Вера Лявонцьеўна Папко. Яна на пенсіі, таму вольнага часу шмат. “Я нарадзілася і вырасла тут, — успамінае Вера Лявонцьеўна. — Мы, малыя дзеці, заўсёды ўсе разам збіраліся і хадзілі ў школу. І тады, як цяпер, нас ніхто не падвозіў, хадзілі пешшу, нават ў дрэннае надвор’е”. Дарослае жыццё жанчына правяла ў Брэсце, але вельмі часта наведвала бацькоў і родную вёску. Сёння ўжо, на жаль, і бацькоў няма, і вёска не такая, як раней, але як толькі пацяплее, Вера Лявонцьеўна пераязджае жыць у Яблычнае, а на зіму вяртаецца ў горад. “Не магу я ў горадзе ўвесь час сядзець, — гаворыць жанчына, — мне хочацца на прыроду, у бацькоўскі дом, дзе ўсё нагадвае пра бацькоў. Душа просіцца сюды, да родных вытокаў, тут зямелька родная і дыхаецца неяк лягчэй”. Слухаючы Веру Лявонцьеўну, міжволі ўспамінаю сваю родную вёску: вялікае шчасце быць сярод родных і блізкіх табе людзей.
Анастасія Максімук.
На здымку: Параскева Максімаўна Крэнь.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

3kovra.com.ua/kovrolin/vystavochnyi-kovrolin/

velomarket.org.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!