У старажытнай вёскі Мельнікі будзе свой герб? (Маларыцкі раён)

У вёсцы Мельнікі Маларыцкага раёна распрацавалі герб свайго населенага пункта. 

Думка аб стварэнні герба в.Мель­нікі ў дырэктара Мельніцкай базавай школы Івана Шышука ўзнікла даўно. Ад­нак практычным крокам для яе рэа­лізацыі стала зацікаўленасць шасцікласнікаў ўстановы аду­кацыі мінулым роднага краю.

Яшчэ напачатку верасня 2018 года яны на ўроку гісторыі задалі Івану Шышуку пытанні: “Чаму адны населеныя пункты маюць свае гербы, а іншыя – не? Чаму ў в.Мельнікі да гэтага часу няма свайго герба?” Настаўнік вучням патлумачыў, а заадно і расказаў пра такую навуку, як геральдыка, пазнаёміў з яе спецыфікай.

Паколькі ў школьным курсе на ўроках гісторыі тэма “Геральдыка” не вывучаецца, то быў праведзены своеасаблівы “лікбез” пасля заняткаў. Яўгенія Мірчук, Аляк­сандра Смаль, Уладзіслава Мак­сімук і Дар’я Саўчук выказалі жаданне  заняцца стварэннем герба роднай вёскі. Так у Мель­ніцкай базавай школе старта­ваў краязнаўчы праект, кіраўніком якога стаў дырэктар установы адукацыі Іван Шышук. У яго рэалізацыю таксама быў уключаны настаўнік тэхнічнай працы Эдуард Засухін. Ён па-мастацку і ўвасобіў сабраны і напрацаваны вучнямі матэрыял.

Шасцікласнікі спачатку пад­ра­бязна вывучылі навуковую літаратуру і пазнаёміліся з за­канадаўчымі дакументамі, а по­тым ўзяліся за працу дружна і з энтузіязмам.

– Падчас пошукавай працы мы даведаліся шмат новага пра мінулае  Мельнікаў,  – гаворыць Яўгенія Мірчук. – Гісторыя нашага населенага пункта ба­гатая і разнастайная. Былі ў ёй не толькі светлыя старонкі, але і трагічныя.

У пісьмовых крыніцах вёска Мельнікі як населены пункт упершыню згадваецца ў 1564 го­­дзе ў “Апісанні межаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай”. У 1566 годзе з’явілася першае ўпамінанне пра Мельнікі ў Акце рэвізіі Брэсцкага княства. У гэтым жа дакуменце напісана: “На рацэ Рыта паміж Хаціславам і Ляхаўцамі ёсць вадзяны млын”. Пра гэта гаворыць таксама і па­данне, якое яшчэ бытуе сярод мясцовых старажылаў. Яно расказвае, што ў ваколіцах сучаснай вёскі Мельнікі некалі жылі сяляне Мірчук і Саўчук. Яны пабудавалі на лясной рэчцы Кубанцы, прытоку Рыты, вадзяны млын, асушылі ўчасткі прылеглага балота, пабудавалі хаты, а пазней перавезлі сю­ды свае сем’і. Неўзабаве з ін­шых вёсак і хутароў да Мір­чука і Саўчука сяляне сталі пры­возіць  малоць зерне. З цягам часу тут сталі сяліцца і іншыя сем’і. Людзі пра гэты хутар з вадзяным млынам ста­лі гаварыць: “Паехалі да мель­нікаў…” Верагодна, адсюль і па­ходзіць назва вёскі.

Распрацаваны герб вёс­кі Мельнікі мае памеры 35х48 сантыметраў. Ён цал­­кам адаптаваны да за­конаў, правілаў і традыцый геральдыкі. Кожная дэталь герба мае сваё значэнне і гісторыка-геральдычнае аб­грун­таванне. Ён нагадвае сабой варажскі шчыт. У цэнтры герба на блакітным полі размешчаны вадзяны млын з вадзяным колам жоўтага колеру. Згодна з народнай традыцыяй, вадзяны млын з’яўляецца сімвалам упартасці, стараннасці і праца­любства  мясцовых жыхароў. Мельнікі (млынары) карысталіся па­вагай сярод мясцовага на­сельніцтва, якое імкнулася  ім заўсёды дагадзіць. Пад млынам – выява ракі Рыта бе­ла-серабрыстага колеру, яшчэ ніжэй адлюстраваны зялёны луг. Блакітны колер  увасабляе прыгажосць, веліч і водныя рэсурсы ваколіц вёскі. Зялёны колер – сімвалізуе пла­давітасць, радасць, дастатак і маладосць. Гэта яшчэ  знак надзеі, вясны і адраджэння. Белы колер – гэта мір і чысціня думак. Такім чынам, нягледзячы на строгасць і лаканічнасць, сімволіка адлюстравання на гербе Мельнікаў мае шмат­значны і глыбокі сэнс.

Герб вёскі Мельнікі пакуль мае статус неафіцыйнага. Яго яшчэ павінен адобрыць Маларыцкі раённы Савет дэпутатаў. Афі­­цыйным ён стане пасля рэгістрацыі ў Геральдычным Савеце пры Прэзідэнце Рэс­публікі Бе­ларусь.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!