Дзіцячаму баяннаму аркестру дзіцячай школы мастацтваў — 30! (Маларыта)

Узорны баянны аркестр Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў хутка адзначыць сваё 30-годдзе. Заснавальнікам, мастацкім кіраўніком аркестра стала Валянціна Калоша, таленавіты педагог, захоплены баяннай і аркестравай музыкай. Яна ў 1989 годзе стварыла аркестр баяністаў і акардэаністаў. Ужо ў 1999 годзе калектыву за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўнае творчае жыццё прысвоена званне “Узорны”. З таго моманту баянны аркестр высокае званне пацвердзіў ужо шэсць разоў. Атэстацыйная камісія заўсёды  адзначала высокі мастацкі і  прафесійны  ўзровень калектыву. Цяпер баянны аркестр рыхтуецца да чарговага пацвярджэння.

З лістапада 2010 года ка­лек­ты­вам кіравала Наталля Яром­чанка, якая шмат часу і сіл аддавала любімай справе – пра­цы з дзецьмі. У 2015 годзе баянны аркестр узначальвалі дырэктар школы мастацтваў Ірына Пятрухіна і выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вікторыя Багданава. Дыры­жорам калектыву Вікторыя Сяргееўна стала ў верасні 2015 года. Яна педагог творчы, іні­цыятыўны і энергічны, які з ад­казнасцю ставіцца да лю­бой даручанай справы. З яе прыходам калектыў не спыніўся ў развіцці. Вікторыя Багданава, якая цяпер з’яўляецца яшчэ кі­раўніком цымбальнага і фаль­клорнага ансамбляў педагогаў установы адукацыі, з усёй музыкі аддае перавагу найперш класічным творам.

– Музыка змяняецца з часам, – гаворыць яна. – З кожным годам з’яўляюцца новыя стылі і накірункі, якіх не было яшчэ некалькі гадоў таму. Але мне асабліва падабаецца класічная музыка. Спакойная і ўмераная, яна супакойвае і дапамагае разабрацца ў сваіх адчуваннях, думках, марах.

Аркестравае  выканальніцкае  мастацтва, на думку Вікторыі Сяргееўны, далучае юных му­зы­кантаў да свету чароўнага і прыгожага, спрыяе  духоўнаму і гарманічнаму фарміраванню асобы.

Цяпер узорны дзіцячы баян-ны аркестр школы мастацтваў – згур­таваны прафесійны ка­лектыў аднадумцаў, у якім кож­ны адчувае адказнасць і за ся­бе, і за ўсіх ўдзельнікаў. Ва ўзорным баянным аркестры на­цыянальныя традыцыі, му­зычныя ўменні і навыкі перадаюцца ад старэйшых да малодшых і ат­рымліваюць далейшае раз­віццё.

– Кожны год наш калектыў част­кова абнаўляецца, – га­во­рыць Вікторыя Багданава. – Гэта заканамерны працэс, бо вучні заканчваюць навучанне і пакідаюць сцены школы мас­тацтваў. Ім на змену прыходзяць іншыя. А гэта значыць, што многае патрэбна зноў пачынаць спачатку, каб не зніжаўся пра­фесійны ўзровень, высокая твор­чая планка. Каб трымаць дасягнуты за 30 гадоў высокі ўзровень, неабходна шмат пра­цаваць, не стаяць на месцы, а развівацца. Гэта дасягаецца праз рэпетыцыі, якія звычайна праводзяцца два разы на ты­дзень. Калектыў, у якім цяпер  27 чалавек, скрупулёзна працуе над вывучэннем кожнай партыі, пастаянна ўдасканальвае тэхніку ігры. Для ўдзельнікаў узорнага дзіцячага баяннага аркестра галоўным з’яўляецца вынік, а ён найперш заключаецца ў канцэртнай дзейнасці.

Іграць ва ўзорным дзіцячым баянным аркестры прэстыжна і ганарова. Не так проста стаць яго аркестрантам. Туды трапляюць найбольш здольныя вучні, якія перавадны экзамен па спецыяльнасці “Баян” здаюць лепш за ўсіх. У калектыве цяпер дзейнічае дзве ўзроставыя гру­пы. У малодшай іграюць вучні 2 і 3 гадоў навучання ў школе мастацтваў, у старэйшай – 3 і 4 гадоў навучання.

У баянным аркестры так­са­ма іграюць і тыя, хто ўжо закончыў школу мастацтваў, але выказаў жаданне не рас­cтавацца з калектывам. У рэ­пертуары баяннага аркестра ёсць творы разнастайныя па стылі і накірунках. Гэта су­час­ная папулярная і класічная  музыка, песенна-танцавальная і народная. Калектыў выконвае творы як беларускіх, так і за­меж­ных аўтараў.

За час свайго існавання ар­кестр адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Найбольш знач­нымі ў скарбонцы творчых дасягненняў за апошні час стаў дыплом лаўрэата першай ступені V рэспубліканскага  адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты” ў намі­нацыі “Інструментальнае вы­кананне. Баян і акардэон” і дыплом дыпламанта першай ступені II міжнароднага конкурсу  выканальніцкіх мастацтваў “#Сябры-2019”.

Калектыў мае стабільную кан­цэртную праграму, якая ад­павядае высокаму мастацкаму ўзроўню. Нягледзячы на гэта, ця­пер узорны дзіцячы баянны аркестр Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў актыўна пра­цуе над новым рэпертуарам, рыхтуецца да чарговых творчых спаборніцтваў і канцэртных вы­ступленняў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!