Педагагічная вышыня Галіны Барычэўскай (Маларыцкі раён)

Загадчык ясляў-сада № 4 г.Маларыта Галіна Барычэўская на ніве дашкольнай адукацыі шчыруе ўжо 43 гады. За гэты час яна ні разу не пашкадавала аб выбары жыццёвай дарогі. Педагагічны шлях Галіны Якаўлеўны адзначаны многімі здабыткамі. Спыняцца на дасягнутым не ў характары жанчыны. Галіна Якаўлеўна ў паўсядзённай рабоце прытрымліваецца ўзятага некалі правіла: быць наперадзе, рабіць усё і заўсёды толькі на выдатна, так, як сабе.

Па старой завядзёнцы кожную раніцу з задавальненнем і радасцю спяшаецца Галіна Якаўлеўна знаёмай сцежкай на працу. Ёй карціць праверыць, ці ўсё падрыхтавана да прыходу  дзяцей. Робіць гэта не таму, што не давярае, а таму, што за шмат гадоў выпрацавала такую звычку. Спакойна ёй працуецца ўвесь дзень толькі тады, калі зранку ўсё пабачыць на свае вочы.

З самага дзяцінства Галіна ма­рыла стаць настаўнікам рускай мо­вы і літаратуры. Таму старанна рых­тавалася да гэтага. Шмат чытала, з задавальненнем праводзіла вольны час за кнігамі рускіх і сусветных класікаў. Падабаліся таксама і творы беларускіх аўтараў. У дзявяты і дзясяты клас Галіна хадзіла вучыцца за восем кіламетраў у суседнюю вёску, але гэта не стамляла. Час, затрачаны на дарогу, пралятаў хутка. З сябрамі можна было многае абмеркаваць і спланаваць. Менавіта так і ўзнікла думка аб будучай прафесіі. Пасля заканчэння Колкаўскай сярэдняй школы (Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці) за вышэйшай адукацыяй дзяўчына накіравалася ў Ленінградскі педагагічны інстытут імя А.І. Герцэна.

– Набыць вышэйшую адукацыю ў Ленінградзе было прэстыжна, – гаворыць Галіна Якаўлеўна. – Многія з нашай школы туды імкнуліся паступіць. Чаму паехала я ? У Ленінградзе жыла мая старэйшая сястра Ніна. Яна абяцала ва ўсім дапамогу і падтрымку. Так яно і было. Аднак стаць студэнткай не пашанцавала, бо не прайшла па конкурсе.

Вярнуўшыся дадому, уладкавалася ў мясцовы лясгас уздымшчыкам – зборшчыкам сасновай смалы. У вольны час старанна займалася самападрыхтоўкай. Думка стаць на­стаўнікам рускай мовы і літаратуры не пакідала дзяўчыну. Праз год Галіна Барычэўская зноў паступае ў ВНУ. На гэты раз падае дакументы ў  Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Аднак зноў не праходзіць па конкурсе. Расчараваная, не ведала, што рабіць, але вырашыла, што ў родную вёску Сякерычы вяртацца не будзе. Работу знайшла ў Мінску: уладкавалася  памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе  № 262. Галіну Якаўлеўну цягнула да дзяцей. Неўзабаве зразумела, што працаваць з дашкольнікамі – яе прызванне. На стараннага і адказнага маладога работніка хутка звярнула ўвагу адміністрацыя дашкольнай установы і прапанавала павысіць сваю кваліфікацыю на курсах медсясцёр. Адначасова вучылася і працавала выхавальнікам ясельнай групы. Яна па-ранейшаму штодзень працягвала выхоўваць у дзя­­цей лепшыя якасці і раскрываць іх адметныя рысы, думала пра ўсебаковае іх развіццё.

 – У мяне было ажно 25 дзяцей ва ўзросце ад года да трох, – успамінае Галіна Якаўлеўна. – Дзяцей любіла, таму з радасцю і нейкім асаблівым натхненнем узялася за працу. Пачынаць заўсёды нялёгка. А ў маім выпадку было яшчэ і адказна, бо даручылі сур’ёзную справу. Гэта быў своеасаблівы аванс. Таму імкнулася апраўдаць давер адміністрацыі. З першага дня карміла лыжачкаю па чарзе кожнае дзіця, брала на рукі, люляла, напявала песні, супакойвала, расказвала казкі і нават сама прыдумляла розныя гісторыі.  Хоць і стамлялася, але адчувала задавальненне і радасць. Сілы надавалі выказаныя бацькамі словы падзякі.

Лёсавызначальным для Галіны Якаў­леўны стаў 1978 год. На Дзень міліцыі, які тады адзначаўся ў СССР 10 лістапада, на танцах яна выпадкова пазнаёмілася са сваім будучым мужам Пятром Барычэўскім. Полымя кахання амаль з першага погляду загарэлася ў сэрцах маладых людзей. Неўзабаве яны ўзялі шлюб. Шумнае вяселле згулялі ў вёсцы Опаль Іванаўскага раёна, на радзіме мужа. У 1982 годзе Пётр Барычэўскі заканчвае Вышэйшую школу міліцыі. Маладога спецыяліста накіроўваюць на работу ў Маларыцкі раённы аддзел унутраных спраў, дзе яму прапаноўваюць пасаду старшага следчага. Між іншым, на гэтай пасадзе Пётр Васільевіч працаваў да 1991 года, а затым быў суддзёй. Так Галіна Якаўлеўна трапіла ў далёкую і невядомую ёй Маларыту. Усё было нязвыкла. Нават тое, што першым мес­цам прапіскі маладой сям’і стаў пакой на пятым паверсе  завадскога інтэрната. Пачынаўся новы этап яе жыцця.

Праз некаторы час Галіна Барычэўская стала працаваць выхавальнікам дзіцячага сада № 3 Маларыты.  Яна па-ранейшаму імкнулася аддаць сваім хлопчыкам і дзяў­чынкам часцінку свайго сэрца і душы. Пазней стала яго загадчыкам. Адчувала, што не хапае неабходных ведаў, таму паступіла вучыцца ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, набыла спе­цыяльнасць “Ме­­та­дыст па да-ш­кольным вы­­ха­ван­ні, вы­хаваль­нік”.

Са жніўня 1999 года яна шчыруе на пасадзе за­гад­­чыка яс­ляў-сада № 4 Маларыты. Ме­на­віта тут най­больш яскрава і поўна раскрыўся талент Галіны Якаўлеўны як кіраўніка, вы­датнага ар­га­нізатара, якая за кароткі тэр­мін змагла згур­­­таваць ка­лектыў,  запаліць іскрынкай твор­часці і жадання ісці пастаянна наперад да но­вых вяршынь. Яна ўзяла за жыц­цёвае правіла кож­ную сітуацыю не ўспрымаць надзвычай эмацыянальна, а ўважліва, дэталёва, усебакова прааналізаваць, узважыць і толькі тады прыняць рашэнне. Галіна Барычэўская пераканана, што паспешлівых правільных рашэнняў ніколі не бывае. Аб правільным жыццёвым прынцыпе загадчыка сведчаць шматлікія ўзнагароды ўстановы адукацыі. Яны заваяваны штодзённай руплівай працай. Калектыў ясляў-сада № 4 Маларыты ўзнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі розных узроўняў. У скарбонцы дасягненняў – узнагароды за лепшую арганізацыю ў галіне сацыяльнага парт­нёрства, лепшы метадычны кабінет дашкольнай установы, за поспехі па асноўных накірунках дзейнасці, лепшую дашкольную ўстанову па выніках работы за навучальны год, за ўдзел у фестывалях дзіцячай творчасці і раённых  спартакіядах сярод дашкольнікаў. Калектыў ясляў-сада № 4 таксама ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў БССР за актыўны ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Зялёны агеньчык” і добрую пастаноўку выхаваўчай работы з дзецьмі па авалодванні правіламі дарожнага руху.

– Прафесія выхавальніка мне пада­баецца, – кажа Галіна Барычэўская, – бо яна дае магчымасць пастаянна знаходзіцца ў свеце дзяцінства, казкі і фантазіі. За пасадай загадчыка ніколі “не ганялася”. Калі прапанавалі яе, вырашыла паспрабаваць. Праз некаторы час зразумела, што атрымліваецца. Таму і засталася загадчыкам да-школь­най установы… Наш невялікі калектыў укладвае ў работу душу, каб усім выхаванцам кожны дзень было і цёпла, і сытна, і пазнавальна, стварае дзецям утульнасць, камфортныя ўмовы знаходжання.

Вялікая ўвага ў садку надаецца фар­міраванню ў дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця. Ніхто не дзеліць работу на сваю і не сваю. Усе працуюць на агульны вынік і станоўчы  імідж ясляў-сада № 4.

На тэрыторыі гэтай дашкольнай ус­тановы адукацыі сапраўды створана казка. Чаго толькі тут няма! Гэта са­праўдны куток бесклапотнага дзя­цінства, расквечаны яркімі фарбамі і ўсмешкамі тых, хто ў ім працуе. Таму кожную раніцу хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем і радасцю бягуць у свае любімыя яслі-сад.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!