Новы храм на Маларытчыне

На Маларытчыне стала больш на адну праваслаўную царкву. Новая царква размясцілася ў памяшканні, у якім раней  знаходзілася Дрочаўская пачатковая школа. У  2011 годзе навучальная ўстанова была зачынена. Мясцовых дзяцей аўтобусам сталі вазіць у Арэхаўскую СШ. У снежні 2011 года рашэннем райвыканкама будынак школы перадалі праваслаўнаму прыходу ў гонар  вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы. У дзень памяці праведнага Іаана Рускага архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан асвяціў храм у гонар гэтага святога ў вёсцы Дрочава (Арэхаўскі сельсавет).

Пасля заканчэння набажэнства архіепіскап Іаан сумесна з духавенствам  і прыхаджанамі хрэсным ходам абышлі вакол храма. Затым усе вернікі былі акроплены асвечанай вадой. Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан узнагародзіў найбольш актыўных прыхаджан архірэйскімі падзякамі з нагоды заканчэння будаўніцтва царквы. На малітоўную памяць  архіепіскап уручыў  настаяцелю прыхода  протаіерэю Анатолію Дударчуку ікону мучаніка Афанасія Брэсцкага. На асвячэнні храма таксама прысутнічаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана Вітаноўская. Ад імя кіраўніцтва раёна Алег Якубчык  падарыў прыходу ікону  прападобнага Сергія Раданежскага.

*  *  *

Протаіерэй Анатоль Дударчук адзначыў, што будаўніцтва храма вялося на грашовыя сродкі мясцовых жыхароў. Пэўную фінансавую дапамогу таксама аказвала і ААТ “Арэхава”. Цяпер у в.Дрочава, па словах старшыні Арэхаўскага сельскага Савета Святланы Вітаноўскай, зарэгістравана 165 чалавек,  большасць з якіх – праваслаўныя. Многія з жыхароў Дрочава маюць шаноўны ўзрост. Таму ім раней трапіць на богаслужэнні ў Арэхава было і далекавата, і цяжка. Цяпер – царква побач, у вёсцы.

У храме праведнага Іаана Рускага ў в.Дрочава  ёсць ікона гэтага святога. Восьмага чэрвеня  гэтага года хрэсным ходам яе ўрачыста прынеслі з храма ў гонар вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы. У Арэхаве  ікона захоўвалася з мінулага года.

З’явілася яна ў аграгарадку так. Неяк падчас паломніцкай паездкі протаіерэй Анатоль Дударчук пазнаёміўся з мінчанкай Галінай. Падчас размовы жанчына  сказала, што яна пасадзейнічае з’яўленню  іконы Іаана Рускага ў новым храме. Па просьбе Галіны ў Грэцыі была спецыяльна напісана ікона гэтага святога,   а ў 2018 годзе перададзена ў Арэхаўскі храм.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!