ЛЁГКААТЛЕТ

Майстар спорту па кіданню кап’я, другаразраднік па скачках у даўжыню і штурханню ядра, трэцяразраднік па падняццю штангі. Гэтыя спартыўныя дасягненні належаць аднаму чалавеку – Васілю Хапалю. Васіль Дзмітрыевіч нарадзіўся і вырас ў в.Ляхаўцы. Тут жа закончыў школу і адразу паехаў з сябрамі на Украіну, каб падразабіць грошай. Аднак там прабыў непрацяглы час. Вярнуўшыся ў родную вёску, стаў падумваць пра стабільны даход. Пасля чарговых абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў Васіля адбылася сур’ёзная размова з Беразняком, які тады працаваў намеснікам начальніка аблана.
-Беразняк добра мяне ведаў, — успамінае Васіль Дзмітрыевіч, — бо я быў пастаянным удзельнікам розных абласных спаборніцтваў і амаль заўсёды выходзіў у лік пераможцаў ці прызёраў. Ён і прапанаваў пасаду настаўніка ў школе. Затым я сустрэўся з Васілём Маркавым, загадчыкам аддзела адукацыі. З 1 лютага 1958г. стаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры на стаўку ў Радзежскай школе. Жыў на кватэры. Займаўся любімаю справаю, таму яна прыносіла задавальненне і радасць. На працу ішоў, сапраўды, як на свята. Ды і кожная сустрэча з дзецьмі была чаканай і жаданай.
Затым была служба ў арміі. Тут Васіль Хапаль адшліфоўваў і спасцігаў сакрэты многіх відаў спорту, набыў неабходныя веды, якіх не хапала. Дзякуючы сваёй настойлівасці, мэтанакі­раванасці, працавітасці, хутка стаў майстрам спорту па кіданню кап’я. Ён выступаў на спаборніцт­вах рознага ўзроўню, у тым ліку не раз прымаў удзел у першынстве Узброеных Сіл СССР. Васіль Хапаль мог бы стаць вядомым спартсменам. Аднак жыццё ўнесла свае сур’ёзныя карэктывы. Пасля службы ў арміі хлопец паступае вучыцца ў Мінскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і адразу ж пераводзіцца за завочнае аддзяленне. Чаму? Асноўная прычына – шлюб, які ўзяў з любімай дзяўчынай Еўдакіяй. Атрымалася так, што Васіль ні дня ў ВНУ так і не правучыўся. Ён стаў працаваць інструктарам па спорту ў вучылішчы (Маларыта), а пасля – у добраахвотным сельскім спартыўным таварыстве “Ураджай”. Спачатку трэнерам па веласпорту на базе Макранскай школы, пазней – па лёгкай атлетыцы на базе Ляхавецкай школы.
— У школе тады навучалася амаль 460 вучняў, — гаворыць Васіль Дзмітрыевіч. – Многія дзеці добраахвотна наведвалі спартыўныя секцыі. Ніхто іх не прымушаў. Дзяцей неабходна толькі зацікавіць нечым, і ў іх саміх узнікне жаданне прыйсці на заняткі яшчэ і яшчэ раз. Імкнуўся даць вучням усё, што ведаў і ўмеў рабіць сам. Таму і вынік быў адпаведны. Акрамя таго, ва ўсім патрэбен асабісты прыклад педагога. Вельмі часта вучні імкнуцца браць прыклад з настаўніка, якога любяць.
Васілю Хапалю праца з дзецьмі падабалася, аднак вышэйшай адукацыі за плячамі ў яго не было. Таму ў сілу абставін давялося звольніцца. На жаль, усё далейшае жыццё непасрэдна са спортам і фізічнай культурай звязана ўжо не было. Але ж Васіль з ім не развітаўся назаўжды. Займаўся спортам для сябе. Доўгі яшчэ час ён выступаў на розных спаборніцтвах, паказваючы выдатныя вынікі. Васіль Дзмітрыевіч быў таленавітым трэнерам. Многія яго выхаванцы дасягнулі ў спорце добрых вынікаў. Ён быў першым трэнерам у Пятра Пачанчука, сярэбранага прызёра Алімпіяды-1980 па спартыўнай хадзьбе на 20 км.
— А які Ваш любімы від спорту? – цікаўлюся.
— Кіданне кап’я. Ім захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. У нейкай ступені гэтаму паспрыяў мой школьны настаўнік фізічнай культуры Іван Сярдзюк. Пасля службы ў арміі ён стаў выкладаць у мяне гэты прадмет. Менавіта Іван Іванавіч і ствараў умовы, каб я сур’ёзна стаў зай­мацца спортам. Ён спачатку даў асновы тэхнікі кідання вучэбнай гранаты. Адразу ў мяне ўсё атрымліва­лася. А потым я зрабіў драўлянае кап’ё і стаў сам для сябе трэніравац­ца на выгане за вёскай. Ніхто не прыму­шаў.
— Васіль Дзмітрыевіч, а ў якіх гарадах Вы пабывалі на спаборніцтвах?
— У многіх. Гэта, напрыклад, польскія гарады, а таксама Кіеў, Тбілісі, Данецк… У час службы ў арміі забралі з Беларускай ваеннай акругі ў Маскву для падрыхтоўкі да спартакіяды па салдацкаму трохбор’ю паміж арміямі краін сацыялістычнага лагера. Аднак гэтае мерапрыемства не адбылося, бо тады (быў, здаецца, кастрычнік 1961г.) рэзка пагоршылася міжнароднае становішча. Акрамя таго, 5 разоў прымаў удзел у спаборніцтвах БССР-рэспублікі Прыбалтыкі, некалькі разоў пабываў на першынстве Саюза ССР. Практычна з усіх мерапрыемстваў вяртаўся з узнагаро­дамі.
— А цяпер яшчэ сябруеце са спортам?
— Вядома ж, (усміхаец­ца). Улічваючы мой узрост, не ведаю, ці можна гэта так назваць… Але ранішнюю фіззарадку раблю абавязкова, хоць некалькі практыкаванняў. Гэта падбадзёрыць, нават, бывае, уздыме настрой.
-Васіль Дзмітрыевіч, а ці памятаеце вынікі сваіх выступленняў?
-Так, памятаю. Напрыклад, кап’ё, выпушчанае з маёй рукі, праляцела 69 метраў. У даўжыню скочыў на 6 метраў і 86 сантыметраў. Прагрэс ідзе наперад. Ён назіраецца ва ўсім, у тым ліку і ў спартыўных дасягненнях. Таму мае вынікі, магчыма, з улікам сённяшняга часу не так ужо і ўражваюць.
Мікалай НАВУМЧЫК,
в. Ляхаўцы.
НА ЗДЫМКУ: Васіль Хапаль: “Фізічнай культуры і спорту я аддаў лепшыя гады свайго жыцця”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!