В Малоритский профессиональный лицей сельскохозяйственного производства подают документы абитуриенты из Кобрина и Бреста

15 чэрвеня ў краіне пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы  прафесійна-тэхнічнай аду­ка­цыі. Ён працягнецца па 20 жніўня ўключна. З гэтай нагоды ў Маларыцкім прафесійным ліцэі адбылося ўрачыстае адкрыццё прыёмнай кампаніі. Дарэчы, гэтая ўстанова адукацыі сёлета ажыццяўляе набор на­вучэнцаў у шэсцьдзясят сёмы раз. Са словамі вітання да будучых абітурыентаў, іх бацькоў звярнулася дырэктар прафліцэя Алена Талашка.

– Сёлета для абітурыентаў, якія за­кончылі адзінаццаць класаў,  Ма­ларыцкі прафліцэй прапаноўвае набыць дзве здвоеныя спецыяльнасці, – гаворыць Алена Аляк­сан­драўна. – У адным “наборы” гэта – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вы­твор­часці ка­тэгорыі “А” і вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С” (тэрмін навучання – адзін год, план прыёму – 25 чалавек), а ў другім – электразваршчык ручной зваркі трэцяга разраду і вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С” (тэрмін навучання – адзін год,  план прыёму – 25 чалавек). Для тых,  хто паступае пасля заканчэння дзевяці класаў,  прафесійны ліцэй прапаноўвае набыць адразу тры кваліфікацыі: электразваршчык ручной зваркі трэцяга разраду, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С” і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”, “В” і “D” (план прыёму –  сто чалавек, тэрмін навучання  – тры гады).

Калі да канца тэрміну прыёму да­кументаў колькасць  пададзеных заяў на асобныя прафесіі будзе меншай, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, то ён будзе працягнуты  да поўнага ўкамплектавання  груп, але не пазней чым да 15 верасня.

Самымі першымі дакументы для паступлення ў Маларыцкі прафліцэй прывезлі Міхаіл Стральчук з в.Навасёлкі (Кобрынскі раён) і Дзмітрый Данілюк (г.Брэст). Юнакі захапляюцца тэхнікай, з выбарам навучальнай установы канчаткова вызначыліся пасля таго, як пабывалі на прома-акцыі “Будучыня краіны – у тваіх руках”.

Чым цяпер прываблівае Маларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці? Установа адукацыі мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, кваліфікаваных выкладчыкаў. Тут створаны ўмовы для навучання і адпачынку. Кожны навучэнец можа рэалізаваць сябе ў спорце,  дэкаратыўна-прыкладной, тэхнічнай і сцэнічнай творчасці. Усе жадаючыя забяспечваюцца пражываннем у інтэрнаце і аднаразовым бясплатным харчаваннем.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!