Маларытчыну наведалі родныя воінаў 75-й стралковай дывізіі, якія змагаліся на тэрыторыі раёна з нацыстамі ў першыя дні вайны

Пакуль мы памятаем сваіх родных, яны жывыя. Пакуль мы памятаем Вялікую Айчынную вайну, яна не паўторыцца. Менавіта памяць дапамагае нам зрабіць вывады  з мінулага і будаваць сваю мірную будучыню. Гэтую думку ў чарговы раз пацвердзілі мерапрыемствы, якія прайшлі на Маларытчыне 22 і 23 чэрвеня і былі прымеркаваны да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай датай супала чарговае наведванне Маларыцкага раёна роднымі салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі. Прыехалі ўнукі, праўнукі, пляменнікі тых, хто са зброяй у руках сустрэў фашыстаў на тэрыторыі нашага раёна ў першыя дні вайны.

Прайсці дарогамі баёў

Ініцыятарам і ар­ганізатарам трэцяга па ліку, як і першага ў 2017 годзе, другога ў 2018 годзе прыезду ў Маларыту дэлегацыі з 19 чалавек стаў Глеб Цукалаў, унук камандзіра ўзвода 115-га стралковага палка малодшага лейтэнанта Ігната Раманавіча Цукалава, які, лічылася,  загінуў без звестак у перыяд з 22 па 26 чэрвеня 1941 года. Між іншым, на Кургане Славы пад нумарам сорак пяць значыцца яго імя сярод тых, хто пахаваны тут. У 1981 годзе Глеб Цукалаў прысутнічаў падчас сустрэчы ве­тэранаў 75-й стралковай дывізіі, затым у Маларыце ён пабываў у 2015 годзе са сваімі двума сынамі, у 2016 годзе – з бацькам. Дзякуючы дырэктару СШ №1 Наталлі Івановай, Глеб Валер’евіч змог адшукаць тое месца, дзе пахаваны яго дзядуля.

Родных салдат і афі­цэраў дзесяці сямей з Асіповіч (Беларусь), Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кацярынбурга,  Ніжняга Ноўгарада (Расія), Дняпра (Украіна) у Маларыту ў чарговы раз паклікала памяць.

Адны ў Маларыту прыехалі ўпершыню, другія ўжо былі ў мінулыя гады. Родных салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі аб’яднала надзея, што змогуць тут хоць нешта даведацца пра тое, дзе пахаваны іх дзядулі і прадзядулі, дзядзькі і цёткі. Яны прыехалі, каб нізка пакланіцца магілам сваіх родных, паспрабаваць прайсці іх нялёгкімі дарогамі, адчуць, усвядоміць, зразумець трагізм становішча і пранікнуцца ваеннымі падзеямі лета 1941 года.

– 22 чэрвеня для нашай сям’і стала днём “знаходжання”  дзеда, урача 110-га медыка-санітарнага батальёна, ваенурача трэцяга ранга Аляксандра  Якаўлевіча Шабада, – гаворыць яго ўнучка, масквічка, мастацтвазнаўца Таццяна  Кандрашова, якая прыехала ў Маларыту ў трэці раз. – Ён быў шмат гадоў без звестак прапаўшым. Маларытчына – гэта тое месца, дзе мой дзядуля знайшоў апошні прытулак.  Хоць яшчэ і да гэтага часу мы дакладна не ведаем, дзе ён загінуў і пахаваны. Маларыцкая зямля, якую мужна абараняў дзядуля, для нашай сям’і стала сімвалам няскоранасці народа,  памяці, пе­рамогі над ворагам. Подзвіг Аляксандра  Шабада, як і подзвіг усіх тых, хто вызваляў нашу Радзіму ад фашысцкіх акупантаў, павінен жыць вечна ў памяці на­шчадкаў.

 

— Мая маці нарадзілася ў 1939 годзе, —  расказвае Надзея Палякова, унучка памочніка камандзіра ўзвода 28-га Чырванасцяжнага  стралковага палка 75-й стралковай дывізіі, старшага сяржанта Рыгора Якаўлева, якая прыехала ў трэці раз. — Неўзабаве мой дзядуля пайшоў на фінскую вайну, больш ніхто з родных жывым яго так і не бачыў. У чэрвені 1941 года ён прапаў без звестак. Недзе чатыры гады таму я стала цікавіцца лёсам дзядулі. Удалося высветліць, што ён ваяваў на Маларытчыне. У 2016 годзе з маці мы праехалі па месцах баёў 75-й стралковай дывізіі. У 2017 і 2018 гадах на Маларытчыну, як і сёлета, я прыязджала адна. Вельмі хацела наведацца сюды і маці, але не змагла па стане здароўя. Спа­дзяюся,  што некалі знайду магілу майго дзеда.

— Я на Маларытчыне ў другі раз,  — гаворыць  Аляксандр Юдзін, унук ваенфельчара 110-га медыка-санітарнага батальёна Марыі Скітнеўскай. — Амаль 70 гадоў наша сям’я пра яе нічога не ведала. Марыя Фамінічна нарадзілася ў 1910 годзе ў Пскоўскай вобласці. Вялікую Айчынную вайну сустрэла 22 чэрвеня 1941 года ў раёне Маларыты. 27 чэрвеня знаходзілася разам з параненымі бліз в.Ляхаўцы, трапіла ў палон. Працавала фельчарам у шпіталі ваеннапалонных у Маларыце. Летам 1942 года была расстраляна немцамі разам з яўрэямі Маларыцкага гета. Хутчэй за ўсё, пахавана на вуліцы  Саўгаснай вашага райцэнтра.

Незабыўнае

На тэрыторыі СШ №2 Маларыты родных салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі сустракалі вучні і дырэктар установы адукацыі Любоў Куц з партрэтамі афіцэраў і салдат 75-й стралковай дывізіі.

Прысутныя да слёз былі крануты тэматычным вусным часопісам “Мы гэтай памяці верныя”, які падрыхтавалі вучні і настаўнікі СШ №2. Далей госці былі  запрошаны на тэматычнае мерапрыемства “Беларусь памятае”,  дзе яны расказалі пра ваенны шлях сваіх родных, салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі.

Запамінальным стала і наведванне школьнага музея “Патрыёт”, дзе экскурсію правялі Любоў Куц, настаўніца Людміла Ярмашук і Глеб Цукалаў. Між  іншым,  Глеб  Валер’евіч,   як і ў мінулыя разы, перадаў музею новыя экспанаты. На памяць госці ў мяшэчках атрымалі зямлю з Кургана Славы (Мелавая гара), дзе ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ішлі жорсткія баі з фашысцкімі захопнікамі.

На паклон да родных

У гэты ж дзень родныя салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі ра­зам з вучнямі СШ №2 г.Маларыта ўсклалі вянкі і кветкі да помніка “Ахвярам фашызму”  (вул. Саўгасная райцэнтра).

Затым ля помніка воінам Чырвонай Арміі і партызанам, якія загінулі і прапалі без звестак (у скверы па вул. Савецкай райцэнтра, разгалінаванне дарог Олтуш-Збураж), разам з гасцямі кветкі і вянкі ўскладвалі і вучні СШ №1 г.Маларыта.

 

Ля брацкай магілы савецкіх воінаў на Кургане Славы (урочышча “Мелавая гара”), дзе прысутнічалі навучэнцы і адміністрацыя Маларыцкага прафесійнага ліцэя, адбыўся мітынг. Са словамі вітання да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіслаў Ляшчук, дырэктар прафліцэя Алена Талашка, а таксама протаіерэй Віктар Паляціла. Затым была адслужана ліція і асвечаны паклонны крыж,  які быў выраблены навучэнцамі  і выкладчыкамі прафліцэя і ўстаноўлены ля падножжа Кургана Славы. Пасля ўскладання кветак і вянкоў да прысутных са словамі падзякі звярнуўся   Глеб Цукалаў. Затым родныя салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі разам з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў раёна яшчэ наведалі брацкую магілу на могілках у в.Збураж, пабывалі ля Кургана Славы бліз аг. Хаціслаў, дзе протаіерэй Пётр Пяшко адслужыў ліцію, а таксама — ля брацкай магілы воінаў 75-й стралковай дывізіі ў в. Макраны.

23 чэрвеня госці працягнулі паездку па месцах баёў 75-й стралковай дывізіі. Іх маршрут пралёг праз вёскі Олтуш (наведалі школьны музей), Медна, ваколіцы Чэрска (Брэсцкі раён).

Родныя салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі выказваюць шчырую падзяку Маларыцкаму райвыканкаму, аддзелам па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, СШ №2 г.Маларыта за цёплы прыём, аказаную ўвагу.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!