Таленты зямлі Маларыцкай: 5 народных і 4 узорных мастацкіх калектываў, 315 умельцаў і спадчына цэнтра народнай творчасці…

Маларыцкі раён – край таленавітых людзей. Спрадвеку тут развівалася матэрыяльная і духоўная культура, якая дасягнула сваіх вышынь.

Пра гэта сведчаць экспанаты ў музеях, якія захоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна і раённым цэнтры народнай творчасці, яшчэ зберагаюцца памяццю тых, хто нарадзіўся ў мінулым стагоддзі. Пра гэта сведчаць таксама і творчыя калектывы, якія маюць ганаровыя званні. Маларытчыне  тут ёсць чым ганарыцца.  Пяць мастацкіх калектываў маюць  званне “Народны”, чатыры –“Узорны”, у іх ліку – дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК (дырэктар Галіна Хомік).

Наколькі багатая на таленты маларыцкая зямля, гаворыць і тое, што цяпер на тэрыторыі раёна пражывае 315 народных умельцаў, у іх ліку – народны майстар Рэспублікі Беларусь Сцепаніда Сцепанюк з в.Дарапеевічы. – Папулярызацыі і прапагандзе багатай спадчыны Маларытчыны спрыяюць розныя мерапрыемствы, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Наталля Галавій. – Гэта,  напрыклад, раённыя агляды-конкурсы фальклорнага мастацтва “Таночак”, абрадавага фальклору “Спадчына зямлі маларыцкай”,  народнага гумару “Спораўскія жарты”, нацыянальных культур “Суквецце культур”. Між  іншым,  абласны тур гэтага рэспубліканскага фестывалю праводзіцца раз у два гады ў Маларыце. Дэманструюць сваё майстэрства самадзейныя артысты падчас конкурсу сучаснага мастацтва “Эстрадны мікс”, культарганізатараў “Берасцейскія забаўлянкі” і інш.  Калектывы “Вясковая табала” і “Хаціславяне” не раз прымалі ўдзел у фальклорных мерапрыемствах па-за межамі краіны.

Маларыцкі край з’яўляецца адным з самабытных рэгіёнаў Беларусі і лічыцца своеасаблівым запаведнікам  традыцыйнай культуры. У мінулае разам са старажыламі адыходзяць народныя традыцыі і промыслы. Для таго, каб гэтага не адбылося, быў створаны раённы цэнтр народнай творчасці. Цяпер установа займаецца вывучэннем і прапагандай традыцыйных і сучасных відаў рамёстваў і промыслаў, якія бытуюць на тэрыторыі раёна. За апошні час адроджана дваццаць іх відаў. Сярод самых значных – даўняя тэхналогія ткацтва “кажушком”. Захоўваючы яе, а таксама колеравую гаму, узоры арнаменту Маларыцкага строю адзення, на працягу не аднаго года  у раённым цэнтры народнай творчасці працуюць над стварэннем арыгінальных узораў тканых вырабаў, такіх, як, напрыклад, мужчынскія гальштукі, сарочкі, сумачкі,  вясельныя кашулі, розных фасонаў спадніцы.

Маларыцкі строй адзення – багатая культурная спадчына, якую захавалі нашы продкі. Маларыцкі касцюм  – адзін з самых дасканалых не толькі на Брэстчыне, але і на тэрыторыі Беларусі. Уражвае хараство і багацце вышытых узораў. Калекцыя касцюмаў Маларыцкага строю адзення была прадстаўлена, напрыклад, на выставе святкавання Дзён культуры Брэсцкай вобласці ў Калінінградскай вобласці (2014), падчас візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан (2015), а таксама на рэспубліканскай выставе “Скарбніца Беларусі” (2016), прымеркаванай да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Вырабы майстроў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці  таксама экспанаваліся на мерапрыемствах у Расіі,  Украіне,  Польшчы, Славакіі, Германіі, Кітаі…

У красавіку 2017 года Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці  ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры” за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці па выніках работы за 2016 год быў занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці, узнагароджаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!