«Жылі на Лазках. У горад я хадзіў рэдка: было небяспечна і рызыкоўна. Там гаспадарылі немцы. На плошчы, дзе цяпер знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў, была вісільня» Успаміны аб першых днях вайны і акупацыі на Маларытчыне

Івану Вашчынчуку, карэннаму маларытчаніну, восенню споўніцца 88 гадоў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму яшчэ не было і дзесяці гадоў. Аднак пачатак вайны і тое, што тады адбывалася  ў Маларыце, памятае добра.

–Быццам бы гэта было ўчора, –  гаворыць Іван Аляксеевіч. – Здаецца і зараз бачу выбухі снарадаў, чую свіст куль, шум нямецкіх самалётаў. Калі пачалася вайна, наша сям’я ўжо жыла на Лазках у сваім доме. Раніцай мы прачнуліся ад выбухаў снарадаў. Страляла дальнабойная артылерыя. Адзін з першых снарадаў трапіў у будынак пошты на гарадской плошчы, другі   — побач, у сямігадовую школу. Затым немцы пачалі страляць і па ваколіцах Лазак. За вёскай у лесе ў летніх лагерах знаходзіліся салдаты 75-й стралковай дывізіі. Нямецкія ўдары хутчэй за ўсё былі нацэлены менавіта туды.

Маці нам, чацвярым дзецям, загадала збірацца. Бацька запрог каня. Сабраўшы самае неабходнае з рэчаў і прадуктаў харчавання, з жывёлаю мы, як і суседзі, накіраваліся ў лес, на хутар Бераг, дзе жыў наш блізкі родзіч Дзямід Сацюк. У яго і спынілася наша сям’я. Пазней высветлілася, што амаль усе жыхары Лазак, ратуючыся, пайшлі ў лес. Па дарозе мы ўсё азіраліся назад. У раёне ўрочышча “Мелавая гара” стаяла, здаецца,  наша зенітная батарэя, якая спрабавала збіваць нямецкія самалёты. Выбухі чуліся  часта. Неба было чыстае, таму мы бачылі, як кружылі фашысцкія самалёты і ля іх па баках белым воблакам нешта ўзрывалася.

Праз некалькі дзён вайны немцы з’явіліся ў Маларыце. Яны перадалі, каб усе мясцовыя жыхары вярнуліся ў свае дамы, таму што будзе масіраваны абстрэл лесу. Вяскоўцы абмяркоўвалі, калі вяртацца назад: сёння, заўтра-паслязаўтра ці пачакаць яшчэ некалькі дзён. Наша сям’я вырашыла вярнуцца. Аднак мы нешта  затрымаліся. Бацька прывёў каня з пашы, прывязаў яго да дрэва, а сам пайшоў у хату. Нечакана пачаўся абстрэл. Адзін снарад упаў і разарваўся за метраў пяць ад хлява. Яго асколкам быў забіты наш конь. Спужаўшыся,  мы кінуліся на Лазкі. Пад выбухамі снарадаў дабеглі да вёскі ды нечакана апомніліся, што ў хаце на хутары ў калысцы ў мітусні пакінулі маю малодшую сястру. Бацька, рызыкуючы жыццём, пабег па сястру. Мы вярнуліся ў сваю хату пад вечар.

Калі з маці ўвайшлі ў свой двор, на старой вялікай грушы я заўважыў немца. З біноклем у руках, ён глядзеў у розныя бакі, магчыма, карэкціраваў, куды страляць. Немцы ўжо былі ўсюды. У суседа насупраць стаяла нямецкая палявая кухня. Яна дымілася, і там нешта гатавалі. Салдаты заўважылі курэй, якія хадзілі побач. Немцы, жартуючы, сталі страляць па іх з пісталетаў. Затым з хлява выпусцілі падсвінка і застрэлілі яго. Пасля вячэры захопнікі сталі  мыцца. На наступны дзень фашысты пайшлі на ўсход. Мы даведаліся, што гэта былі перадавыя наступальныя часці. На Лазках у іх быў чарговы прывал і адпачынак.

Усю вайну наша сям’я жыла ў сваёй хаце на Лазках. У горад я хадзіў рэдка: было небяспечна і рызыкоўна. Там гаспадарылі немцы. На плошчы, дзе цяпер знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў, была вісільня. Аднаго чалавека з яе не здымалі дзён дзесяць. Немцы сюды зганялі  мясцовае насельніцтва і казалі, што так яны паступяць з тымі, хто дапамагае партызанам і савецкай арміі. Быў я сведкам таго, як паліцаі  вадзілі на расстрэл у канец Лазак падпольшчыкаў і партызан. Знясіленыя, яны падтрымлівалі адзін аднаго.

Не магу забыць і яшчэ адзін эпізод майго ваеннага дзяцінства. Было гэта, здаецца, у 1943 го­дзе. Немцы добра ахоўвалі чыгунку. Аднак непадалёк ад лесу ўсё ж быў падарваны нямецкі эшалон з салдатамі. Пасля гэтага фашысты з аўтаматамі і сабакамі хутка ўзялі ў шчыльнае кальцо Лазкі. З дапамогай нямецкіх прыслужнікаў усіх жыхароў хутка сабралі ля дома,  дзе жыў нямецкі афіцэр. Было аб’яўлена, што кожны трэці за дзёрзкі ўчынак будзе расстраляны. Так фашысты вырашылі адпомсціць за падарваны эшалон. Усіх паставілі ў адзін рад і пачалі лічыць. Толькі б не быць трэцім… Аднак я трапіў пад расстрэл. Тых, каму пашанцавала, павялі у адзін бок, каму не – у другі. Што тут пачалося! Крык, плач, енк… Нас “пасартавалі”. Немцы  чакалі толькі каманды пачаць  сваю крывавую “аперацыю”. Стаім у ачапленні салдат, чакаем сваёй смерці. Нечакана на ганак дома выходзіць нямецкі афіцэр і ўсміхаецца. Перакладчыца сказала,  што паступіла каманда ўсім дараваць жыццё. Фашысты загадалі ўсім пайсці дахаты, узяць пілы, сякеры і прыйсці высякаць хмызняк на поўначы ад Лазак…

Шмат яшчэ давялося перажыць падчас вайны Івану Вашчынчуку. Яго памяць трымае многія жахлівыя і трагічныя эпізоды таго ваеннага ліхалецця.

*  *  *

Між іншым,  Іван Вашчынчук – даўні сябар нашай газеты. Па словах Івана Аляксеевіча, “раёнку” ён  выпісвае і чытае ўжо больш за 67 гадоў. » Каб быць у курсе спраў у раёне, трэба чытаць “раёнку”, — гаворыць Іван Вашчынчук.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!