«Генетычнакя памяць» Беларусы Падляшша завіталі да сяброў на Маларытчыну

Ва ўрачыстасцях, якія былі прымеркаваны да 220-годдзя Спаса-Праабражэнскай царквы аг.Хаціслаў (глядзець тут)  прымаў удзел маладзёжны фальклорны ансамбль “Жэмэрва” (г.Бельск-Падляскі, Польшча). Ён даў творчыя канцэрты ў Хаціслаўскім СДК (разам з “Хаціславянамі” і “Вясковай табалой”), в.Сушытніца, а таксама яго удзельнікі сустрэліся з носьбітамі фальклору вёскі Сушытніца, Лукава і Вужова.

Маладзёжны ансамбль традыцыйнага фальклору “Жэмэрва” дзейнічае пры прыватным аб’яднанні “Музей Малой Бацькаўшчыны” ў Студзіводах (г.Бельск-Падляскі). Музей вядзе актыўную культурна-асветніцкую,  даследчую працу. Заснавальнікам, уладальнiкам i дырэктарам музея з’яўляецца гісторык-этнограф Дарафей Фiёнік. Пры музеі “прапісаны” маладзёжны ансамбль традыцыйнага фальклору “Жэмэрва”. Ужо шаснаццаты год ім кіруе Ганна Фіёнік. Калектыў цяпер збiрае, сiстэматызуе i выконвае фальклор беларусаў Падляшша і Палесся: песні, танцы, легенды, паданні…

Першы раз артысты мала­дзёжнага ансамбля традыцыйнага фальклору “Жэмэрва” пабывалі на Маларытчыне ў 2014 годзе, калі народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” адзначаў свой 25-гадовы творчы юбілей.

–Наша творчае супрацоўніцтва з “Жэмэрвай” ідзе з  2013 года, – гаворыць дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік. – Усё пачалося з сустрэчы на традыцыйным рэгіянальным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”. Узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” (тады “Крынічка”, якая пазней змяніла назву) дэманстраваў сваё майстэрства падчас правядзення этнадыскатэкі. На ёй прысутнічаў і  Дарафей Фіёнік са сваім калектывам. Ён адразу “заўважыў” нас, быў захоплены выканальніцкім майстэрствам. Дарафей Фіёнік запрасіў “Вясковую табалу” прыняць удзел у Дні славянскай пісьменнасці ў г.Бельск-Падляскі. З гэтага і пачалося творчае супрацоўніцтва. Як-ніяк мы робім агульную справу: вядзем карпатлівую работу па зборы, захаванні, аднаўленні, папулярызацыі аўтэнтычнай спадчыны свайго народа. Неабходна дадаць, што цяпер усе ўдзельнікі “Жэмэрвы” – гэта этнічныя беларусы.

– Кожны год мы ладзім экспедыцыі і ездзім па Палессі, – кажа кіраўнік “Жэмэрвы” Ганна Фіёнік. – Сёння наш калектыў складаецца з тых, хто вучыцца ці ўжо закончыў Беларускі ліцэй у г.Бельск-Падляскі, а таксама – аматары фальклору. Дарафей Фіёнік, мой  брат, адзін з заснавальнікаў калектыву, закончыў праваслаўную семінарыю, вучыўся ў Мінску, дзе набыў спецыяльнасць музеязнаўцы. Ён таксама цікавіцца гісторыяй беларусаў, іх традыцыйнай культурай, праваслаўем на Падляшшы.

Тры дні, якія мы правялі на Маларытчыне, узбагацілі нас духоўна. Ваш раён – цікавы этнаграфічны рэгіён, які адрозніваецца асаблівымі этнакультурнымі прыкметамі. Мы пачулі і ўбачылі шмат цікавага, адчулі асаблівую духоўную еднасць, зразумелі, што маем шмат агульнага, таго, што нас аб’ядноўвае. Уразіла творчая сустрэча “Сваяцтвам моцная славянская душа” з фалькларыстамі вёскі Вужова, наведванне музея Мельніцкай базавай школы. Чым запомніцца на гэты раз нам Маларытчына? Мы ўражаны і здзіўлены гасціннасцю маларытчан, бо нас сустракалі як самых дарагіх гасцей. Хочацца усім, хто мае дачыненне да арганізацыі прыезду “Жэмэрвы” на Маларытчыну, сказаць шчыры і сардэчны дзякуй! Наша падзяка – настаяцелю Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэю Пятру Пяшко, дырэктару Хаціслаўскага СДК Галіне Хомік, Пятру Пракопавічу і Любові Міхайлаўне Яцура, а таксама аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама. Наша творчае супрацоўніцтва і сяброўства з “Хаціславянамі”  і “Вясковай табалой” стане  яшчэ  адным крокам наперад у папулярызацыі фальклорнай спадчыны беларусаў. Гэта з’яўляецца асновай нашай агульнай гістарычнай памяці, якая ўзмацняе карэнне генетычнага дрэва беларускага народа.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!