У фінале праекта — конкурс

Праект сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі маладых інвалідаў “Змагу жыць самастойна”, заяўка на рэалізацыю якога была пададзена валанцёрскай групай “Клопат” пярвічнай арганізацыі Чырвонага Крыжа ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” на конкурс малых грантаў па падтрымцы сацыяльных ініцыятыў, пачаў дзейнічаць яшчэ напачатку лета. З маладымі інвалідамі псіханеўралагічнага профілю, якія жывуць у горадзе і вёсках раёна, кіраўнік групы валанцёраў Юлія Крэнь, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Вольга Толсцікава, кіраўнік гуртка аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Аксана Мірчук, псіхолаг Цэнтра Галіна Лапцева і сацыяльны работнік аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Таццяна Косік правялі курс заняткаў, разлічаных на сацыяльна-бытавую і сацыяльна-асяродкавую адаптацыю. 37 юнакоў і дзяўчат вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, вывучалі правілы паводзін на пажары, знаёміліся з работай электрабытавых прыбораў, правіламі догляду за парадкам у доме, авалодвалі навыкамі рамонту адзення, вучыліся набываць прадукты, гатаваць ежу. А потым былі выбраны пяцёра тых, хто быў гатовы самастойна жыць у лагеры на базе аграсядзібы “Хатні ачаг” у вёсцы Лукава. Святлана Завадская, Андрэй Крэнь, Кацярына Яскіч, Соф’я Ігнацюк і Андрэй Кацёл за пяць дзён жыцця ў лагеры даказалі, што тры месяцы падрыхтоўкі не прайшлі дарэмна. Яшчэ раз пераканацца у тым, што гэтыя маладыя людзі навучыліся жыць самастойна, можна было на заключнай конкурснай праграме, якую арганізатары ператварылі ў маленькае свята.
…Два Андрэі, Святлана, Соф’я і Кацярына – удзельнікі конкурсу, па ўсім было відаць, вельмі хваляваліся. Адна справа шыць, гатаваць ежу, рабіць усё тое, чаму навучыліся ў час заняткаў па адаптацыі да самастойнага жыцця, у сваім доме, сярод блізкіх людзей, і зусім іншая – дэманстраваць свае навыкі перад журы і гледачамі. Але юнакі і дзяўчаты з дапамогай валанцёраў хутка справіліся з першай перашкодай. Змагаючыся за званне самага самастойнага, яны даказвалі, што могуць знайсці выхад з розных жыццёвых сітуацый, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, перабінтоўваючы пацярпелага, частавалі журы прыгатаванымі стравамі – піражкамі, пячэннем, беларускімі дранікамі, прышывалі гузікі, сервіравалі стол. Журы строга ацэньвала кожны конкурс. А ў завяршэнні вызначыла пераможцу. Званне самай самастойнай заслужыла Святлана Завадская. Падарунак – мабільны тэлефон – уручыў ёй галоўны спонсар конкурсу, індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Ляўчук. А з рук дырэктара тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мікалая Мішчанкі атрымала дзяўчына дыплом пераможцы. Сувеніры, якія падрыхтавалі арганізатары конкурсу, былі ўручаны і іншым удзельнікам.
Узнагароды чакалі і арганізатараў конкурсу. Рэгіянальны каардынатар маладзёжных праграм абласной арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Алена Царык прывезла для валанцёрскай групы “Клопат” дыплом за рэалізацыю праекта “Змагу жыць самастойна”. А старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Зоя Алесік уручыла валанцёрам пасведчанні. Шчырыя словы падзякі пачулі шматлікія спонсары праекта.
Святочны настрой усім пастараліся падарыць артысты з дзіцячай школы мастацтваў. Сваімі песнямі і вясёлымі танцавальнымі нумарамі яны ўпрыгожвалі кожны конкурс. А канкурсанты і гледачы з задавальненнем падтрымлівалі салістаў і танцораў дружнымі апладысментамі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час конкурснай праграмы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.kover-samolet.com.ua/kovrovye-dorozhki/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!