ТУРНІР ПАМЯЦІ ІВАНА ТАКАРЧУКА

…“Нам не забыть тех дорог и не передать тех тревог…” — даносіліся з дынамікаў шчымлівыя словы песень пра афганскую вайну. Песні на гэтую тэму гучалі ў актавай зале дзяржаўнага прафесійнага ліцэя зусім невыпадкова. XXIII традыцыйны юнацкі турнір па футболу, на ўрачыстае закрыццё якога ў назначаны час сабраліся прадстаўнікі дзесяці футбольных каманд раёна, быў прысвечаны памяці былога выпускніка ліцэя, воіна-інтэрнацыяналіста Івана Такарчука, які загінуў у час службы ў Афганістане.
Яшчэ ў 1989 годзе з ініцыятывай правядзення турніру выступіла раённае аб’яднанне воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэтую прапанову падтрымала кіраўніцтва ў той час яшчэ не ліцэя, а прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Турнір стаў традыцыйным. Вось і сёлета па ініцыятыве дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, аддзела па справах моладзі, аддзела фізкультуры, спорту і турызму, раённай асацыяцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў і раённага камітэта ГА “БРСМ” у кастрычніку, ужо ў 23-ці раз, турнір зноў сабраў футбольных ігракоў. А суддзі аб’ектыўна вызначалі пераможцаў.
Але перш чым прысту­піць да ўрачыстага ўзна­гароджання каманд, навучэнцы ліцэя запрасілі ўсіх на некалькі хвілін паглыбіцца ў гісторыю. Вядучыя расказвалі пра падзеі афганскай вайны, далёкай і чужой, але якая закранула лёсы многіх нашых землякоў. Зачытвалі пісьмы, якія дасылаў Іван Такарчук дамоў з Афганістана, успаміны яго жонкі, дзяўчаты з вакальнага ансамбля ліцэя спявалі песні пра жыццё, развітанне, надзею і чаканне, а на экране можна было ўбачыць дакументальныя кадры вайны.
— Гэта цудоўна, што сваю сілу, мужнасць, волю да перамогі сённяшнім юнакам даводзіцца праяўляць не ў ваенных падзеях, а ў спартыўных баталіях, — адзначыў прадстаўнік раённай асацыяцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзмітрый Шышонкаў, якому было даручана ўручыць футбольным камандам галоўныя ўзнагароды.
Кубак і дыплом за першае месца ў традыцыйным футбольным турніры памяці Івана Такарчука ён перадаў камандзе СВК “Хаціслаўскі”, узнагароды за другое і трэцяе месцы атрымалі адпаведна каманда “Алімпік” Маларыцкага ДзПЛ СВ і каманда ветэранаў дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.
У асабістым першынстве прызы лепшаму варатару Віталю Багуце, лепшаму абаронцу Аляксанру Ляпешку і лепшай нападаючай Ірыне Нушчык уручыў начальнік аддзела па справах моладзі Аляксандр Галоўчык. Салодкі прыз ад РК ГА “БРСМ” атрымала адзіная жаночая каманда, якая смела прыняла ўдзел у юнацкім турніры.
З паспяховым завяршэннем спаборніцтваў павіншаваў каманды галоўны суддзя футбольнага турніру Аляксандр Лядзінскі. Ён давёў да ведама, што чарговы XXIV футбольны турнір будзе стартаваць 3 кастрычніка 2012 года.
Музычныя і танцавальныя падарункі атрымалі каманды-пераможцы ад артыстаў з дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: пераможны кубак турніру ў руках капітана каманды СВК “Хаціслаўскі” Сяргея Краўчука.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

best-cooler.reviews

baden-medservice.ru
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!