Да вяршынь духоўнага адраджэння

Хоць у літаратуры і замацаваўся за Маларытчынай тэрмін “мядзведжы куток”, наш край не такі ўжо і мядзведжы, глухі і бедны, як можа здацца на першы погляд, бо мае самыя сапраўдныя скарбы, таленты. Месцам, дзе іх збіраюць, гадуюць, адпраўляюць у вялікі свет мастацтва, з’яўляецца Маларыцкая дзяржаўная школа мастацтваў. Не выпадкова яе называюць яшчэ кузняй кадраў. Пра гэта ў час наведвання школы гаварылі многія вядомыя людзі краіны, у тым ліку – Павел Латушка, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь; Канстанцін Сумар, губернатар Брэсцкай вобласці; Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі…
Сваю гісторыю Маларыцкая дзяржаўная школа мастацтваў пачала ў 1964г. як філіял ад Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала толькі 20 чалавек. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама афіцыйна ўстанова свае дзверы гасцінна адчыніла з 1 верасня 1965 г. з колькасцю 67 вучняў. Пад школу быў перададзены будынак Дома піянераў. У 1969 г. у ёй ўжо займалася 100 чалавек, функцыянавала 2 аддзяленні. Важным стаў 1973 г., калі адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш, Макраны… 1 верасня 1998 г. установа атрымала статус школы мастацтваў, а ў 2010 г. музычныя школы вёсак раёна (Олтуш, Хаціслаў, Чарняны) былі ператвораны ў філіялы Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў. За час свайго існавання навучэнцы ўстановы заваявалі мноства ўзнагарод самага рознага ўзроўню. Асабліва ў 2008-2010 гадах. Маладому і творчаму калектыву, які ўзначальвае Ірына Эдуардаўна Пятрухіна, выпускніца Беларускай акадэміі музыкі, многае па сілах. Калектыў, у якім 40 высокакваліфікаваных і вопытных настаўнікаў з вялікім творчым патэнцыялам, пастаянна жыве творчымі ідэямі, думкамі, пошукам, фантазіямі і ўвасабляе гэта ў танцы, малюнку, музыцы, тэатралізаваных пастаноўках. Без удзелу навучэнцаў школы мастацтваў не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, якое праводзіцца ў гора­дзе. Сёння педагогі ўстановы да прыгажосці мастацтва, да эстэтыкі і гармоніі далучаюць 346 дзяцей на харэаграфічным, мастацкім, музычным (фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, балалайка, домра, цымбалы, гітара, флейта), тэатральным і эстрадным аддзяленнях. Вучні школы рэгулярна ўдзельнічаюць ў розных конкурсах і фестывалях. За перыяд 2008-2010гг. 98 навучэнцаў прынялі ўдзел у 26 творчых спаборніцтвах. Сярод іх – рэспубліканскі конкурс выканаўцаў імя Жыновіча, міжнародны фестываль “Сярэбраны звон цымбал”, абласны фестываль дзіцячай музыкі, 4-ая рэспубліканская музычна-тэарэтычная алімпіяда, міжнародныя і рэспубліканскія конкурсы дзіцячых малюнкаў, адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў “Пралескі”, абласная творчая акцыя “Малююць дзеці” і інш. У скарбонцы ўзнагарод — стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якую атрымаў Пётр Манько, 10 дыпломаў, 23 граматы, 20 пісем падзякі.
Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца развіццю калек­тыўных форм музыцыравання, у якіх прымае ўдзел 100% вучняў і педагогаў. Пры ўстанове працуе 8 педагагічных і 30 вучнёўскіх творчых калектываў, 19 з іх – у сельскай мясцовасці. Калектыву дзіцячага баяннага аркестра прысвоена званне “Узорны”, а аркестру народных інструментаў – “Народны” (з 1986г. па 1991г. калектыў неаднаразова прызнаваўся лепшым на Брэстчыне, мае дыпломы Саюза СССР і Малога тэатра СССР, званне лаўрэата Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці). Школа мас­тацтваў актыў­на ўдзельнічае ў канцэртнай дзейнасці горада і раёна. За 2008-2010 гг. было дадзена 70 канцэртаў, у тым ліку 34 – у сельскай мясцовасці. Нязменным поспехам у гледачоў карыстаюцца выступленні такіх калектываў, як хор вучняў старшых класаў, ансамблі скрыпачоў, цымбалістаў, старадаўняй музыкі, танцавальныя калектывы харэаграфічнага аддзялення, ансамбль баяністаў Чарнянскага філіяла, дзіцячы вакальны ансамбль Хаціслаўскага філіяла.
Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці ў школе з’яўляецца пазакласная выхаваўчая работа, якая праводзіцца ў форме класных, аддзяленчых і агульнашкольных мерапрыемстваў. Гэта – тэматычныя вечары, пастаноўкі спектакляў, канцэрты, творчыя сустрэчы. Музычна-тэатральныя пастаноўкі, падрыхтаваныя вучнямі і выкладчыкамі школы, неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі на абласным фестывалі “Тэатральнае Палессе”. На рэалізацыю пастаўленых выхаваўчых задач скіраваны ўвесь педагагічны калектыў, вынікам якіх з’яўляецца фарміраванне культуры вучняў, пашырэнне кругагляду, эстэтычнага і мастацкага густаў. За 2008-2010 гады было праведзена 50 мерапрыемстваў. Сярод іх – тыдні музыкі, тыдні дзіцячай кнігі, выстава выяўленчага мастацтва ў тэхніцы “халоднага баціка”, выстава мастацкіх работ “Павеў фантазіі”, музычна-тэатральная пастаноўка “Ля самага сіняга мора”, выязны канцэрт харэаграфічнага аддзялення з фантастычным прадстаўленнем “Бэзавы баль” па матывах балета П.Чайкоўскага “Спящая красавица”, мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі “Паклонімся вялікім тым гадам”, конкурс на ўласнае сачыненне эцюда, унутрышкольны конкурс “Міс музыкі-2010”, канцэрт пераможцаў і ўдзельнікаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “Парад талентаў”, творчы вечар, прысвечаны памяці С.Ясеніна і інш. Гледачам вельмі запомнілася на сцэне гарадскога Дома культуры казка-мюзікл “Падарожжа вакол зямнога шара”, у якой бралі ўдзел 75 навучэнцаў харэаграфічнага і эстраднага аддзяленняў. 40 хвілін на сцэне адбывалася незвычайнае дзейства, яркае, запамінальнае, відовішчнае, танцавальнае, з цудоўным гукавым і колеравым афармленнем. Як і да любога прадстаўлення, канцэрта, на гэты раз усе неабходныя дэкарацыі і касцюмы таксама былі зроблены і пашыты рукамі вучняў і настаўнікаў. Кожны сцэнічны ўбор раскрывае агульную канцэпцыю пастаноўкі ці выступлення. Багатае касцюміраванне – гэта палова поспеху. У школе мастацтваў перакананы, што каб гледача зацікавіць, трэба яго штохвілінна трымаць у эмацыянальным напружанні, неабходна паказваць нешта нестандартнае, арыгінальнае, каб завалодаць залаю. Поспех будзе тады, перакананы педагогі ўстановы, калі ўсе нюансы прадумваюцца дакладна і дасканала ад пачатку да канца. Над ажыццяўленнем творчай ідэі ва ўстанове працуе абавязкова ўвесь калектыў – ад дырэктара да загадчыка гаспадаркі і рабочага. Дзякуючы такой згуртаванасці, заўжды і атрымліваецца сапраўдны сцэнічны цуд. Не меншы поспех у гледачоў мела музычная казка “Ля самага сіняга мора”. Яна, між іншым, у 2008 г. атрымала дыплом І ступені на абласным фестывалі “Тэатральнае Палессе”.
Мастацка-эстэтычнае і патрыятычнае выхаванне, далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры, яе багатых традыцый – адзін з галоўных накірункаў дзейнасці школы. У рамках гэтага тут кожны год право­дзяцца агляды-конкурсы на лепшае афармленне вучэбнага кабінета. Калі наведваеш іх, узнікае думка, што чалавек творчы, з мастацкім густам, нават з самага простага матэрыялу, дрэва ці паперы зможа зрабіць сапраўдны шэдэўр. У кабінеце дзіця павінна не проста авалодаць уменнем іграць на тым ці іншым музычным інструменце, а развіць свой талент. Таму кабінет павінен быць утульным, эстэтычна прыгожым. Толькі такая атмасфера можа настроіць на творчасць. Свой асаблівы, арыгінальны і непаўторны стыль мае кожны кабінет школы. Усе педагогі да агляду рыхтуюць творчае партфоліа, у якім сабраны метадычныя распрацоўкі, сцэнарыі конкурсаў, адкрытыя ўрокі, шматлікія граматы і дыпломы…
Амаль кожны год выпускнікі Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў паступаюць далей вучыцца ў Брэсцкі музычны каледж. За перыяд 2008-2010 гг. навучэнцамі гэтай установы сталі 29 чалавек.
Між іншым, для задавальнення попыту насельніцтва ў атрыманні дадатковых адукацыйных паслуг, а таксама для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, школа аказвае 13 відаў платных паслуг. Асабліва ахвотна наведваюць дзеці Цэнтр эстэтычнага выхавання, дзе займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ад 4 да 7 гадоў. Праграма Цэнтра прадстаўлена блокам прадметаў: музыка, танец, мастацкае выхаванне і англійская мова; работа гурткоў вакальна-інструмен­тальнага ансамбля, тэатральнага, эстраднай студыі, а таксама работа падрыхтоў­чага аддзялення і курсы паскоранага навучання па ўсіх спецыяльнасцях і накірунках. Акрамя таго, на пазабюджэтнай форме навучання займаецца больш за 200 чалавек.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: імгненні творчага жыцця школы мастацтваў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


альпари украина

Sport Trades скам

pillsbank.net