Аўтарскія лялькі Людмілы Сакалюк разыходзяцца па ўсяму свету (Маларыцкі раён)

Майстар народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Людміла Сакалюк яшчэ некалькі гадоў таму і ўявіць не магла, што лялькі стануць часткай яе жыцця.

Людміла Васільеўна з задавальненнем  асвоіла новае рамяство. І цяпер, дзякуючы ёй, сувенірныя лялькі з Маларыты ёсць у многіх краінах свету. Яны аформлены з выкарыстаннем элементаў Маларыцкага строю адзення, дзе амаль усё адпавядае канонам старажытнай тэхнікі ткацтва.

Аўтарскімі лялькамі-бе­ларусачкамі Людмілы Сакалюк падчас выстаў ужо захапляліся ў Маскве, Ка­лінінградзе, у Пасольстве Беларусі ў Кітаі. Яны ёсць у прыватных калекцыях жы­хароў Украіны, Венгрыі, Францыі, Пакістана, Германіі. Днямі дзве лялькі-сувеніры накіраваліся ў Італію.

Кожная створаная ляль­ка мае свой вобраз, ін­ды­відуальны характар, таму і не падобная на іншыя. Ства­рэнне лялькi — працэс не з лёгкіх, ён патрабуе фантазii, выдумкi, кемлiвасцi. Каб з’явілася новая лялька, Людміла Васільеўна звычайна чаруе над ёй тры-чатыры дні. Усе лялькі, якія выкананы на льняной аснове, вытрыманы ў чырвона-белай каларыстыцы і з захаваннем знакавай семантыкі арнаменту Маларытчыны.

— Рукатворныя рэчы заў­сёды дарэчы, — гаворыць Люд­міла Сакалюк. —   Лялька ў народным стылі, зробленая ўласнымі рукамі, здольная расказаць пра пачуцці куды лепш, чым крамныя, таму што ў ёй — цеплыня рук, настрой і індывідуальнасць аўтара. Лічыцца, што праз ляльку можа перадавацца і станоўчая энергетыка.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!