Жывіце з усмешкай, а не з крыўдай

Кожны чалавек, як вядома, гэта індывідум, асаблівы і непаўторны. І кожны з нас нечым, безумоўна, адрозніваецца адзін ад аднаго, мае свае адметнасці. Але ж ёсць сярод нас людзі, якія асабліва кранаюць душу і сэрца, аб якіх хочацца расказаць. Вольга Уладзіміраўна Амяльян менавіта такі чалавек. Паслухаўшы расказ пра гэтую жанчыну і дамовіўшыся аб сустрэчы, мне як мага хутчэй хацелася пазнаёміцца з ёй. Вольга Уладзіміраўна аказалася вельмі прыемнай жанчынай і цікавай субяседніцай. Дык што ж такога асаблівага ў гэтай жанчыне, запытаецеся вы? А асаблівыя ў яе прага да жыцця і адносіны да паўсядзённасці. У гэтым паспрабую вас пераканаць. Вольга Уладзіміраўна працуе дворнікам у гарадскім Доме культуры. Але перш чым расказаць вам пра гэтую цудоўную жанчыну, хочацца крыху зазірнуць у мінулае яе. Вольга Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла ў сяле на Украіне. Пасля заканчэння школы навучалася спачатку ў гандлёвым тэхнікуме, пасля закончыла інстытут гандлю, а потым і педагагічны інстытут у Маскве. Пераехаўшы на пастаяннае месцажыхарства ў Маларыту, жанчына стала працаваць спачатку педагогам, а пасля майстрам у кааператыўным вучылішчы. Па словах Вольгі Уладзіміраўны, працаваць педагогам ёй заўсёды падабалася, але і аб сваёй дзіцячай мары яна не забывала:
— Мне з самага дзяцінства падабаецца сцэна, таму я ўсё жыццё і ўдзельнічала ў самадзейнасці. Першае маё выступленне перад публікай адбылося, калі мне было два гады. Безумоўна, я нічога гэтага не памятаю (расказвала матуля), але вось у школьныя і інстытуцкія гады шмат часу аддавала ўсякім рэпетыцыям, канцэртам, з якімі мы дастаткова часта наведвалі суседнія вёскі і гарады. Маёй марай было стаць артысткай, мне хацелася навучацца ў музычнай школе, але, на жаль, мама мяне не пусціла ісці па гэтай сцяжынцы. Як зараз памятаю яе словы: “Што гэта за прафесія?!” Так і атрымалася, што сцэна для мяне стала проста хобі, якое я нясу праз усё жыццё. Вольга Уладзіміраўна і сёння не можа жыць без свайго любімага хобі, яна спявае ў хоры ветэранаў, ды таксама з’яўляецца там галоўным чытальнікам.
— Мне падабаецца чытаць вершы, прозу, байкі, — прызнаецца жанчына, — найбольш часта чытаю гумарыстычныя гісторыі, але і лірыка прысутнічае таксама. Так прыемна, калі бачу, што тое, чым займаюся, падабаецца людзям, і я магу хоць на нейкі час узняць іх настрой.
Калі пайшла на заслужаны адпачынак, Вольга Уладзіміраўна не змагла сядзець дома без справы і зноў уладкавалася на працу ў Дом культуры дворнікам. І вось ужо 15 год там працуе. Спачатку, як прызнаецца жанчына, ёй было неяк сорамна, што яна стала дворнікам, думала, што пра яе скажуць іншыя. Здавалася б, якая каму справа, але жанчыну не ўсе зразумелі. Часта за спіной чула: хочаце пагля­дзець на дворніка з дзвюма вышэйшымі адукацыямі? Але з цягам часу такога больш не чула. Сёння Вольга Уладзіміраўна нікога і нічога не саромеецца. Ды і чаго сароміцца? Кожная прафесія заслугоўвае павагі, як і кожны чалавек, які сумленна працуе. Усе мы добра ведаем, што кожная справа па-свойму цяжкая, але, на маё здзіўленне, ад Вольгі Уладзіміраўны я не пачула ні аднаго наракання. І гэта не таму, што іх няма, проста яна такі чалавек: не прывыкла скардзіцца.
— Прафесія дворніка не менш складаная, чым прафесія настаўніка, -дзеліцца жанчына, — самая вялікая праблема, з якой мне давялося сутыкнуцца ў гэтай прафесіі, – гэта паводзіны моладзі. Ведаеце, сёння, на вялікі жаль, вельмі шмат некультурнай моладзі, якая не разумее, што такое парадак. Вельмі крыўдна, што маладыя людзі нават і не заўважаюць маёй працы, не кажучы ўжо пра павагу.
Але Вольга Уладзіміраўна не крыўдуе, гаворыць, што з крыўдай цяжка жыць, а яна прывыкла жыць з усмешкай. Калі жанчына расказала мне, што яшчэ працуе ў гардэробе Дома культуры, то ўвогуле мяне здзівіла: вось жа руплівая пчолка, якой не сядзіцца на месцы! Дарэчы, Вольга Уладзіміраўна мае два выхадныя дні – аўторак і пятніцу, але ўсё роўна і ў гэтыя дні, як заўсёды, устае рана і ідзе прыбіраць.
— Летам я ўстаю ў тры гадзіны ранку, цяпер — у чатыры гадзіны, — гаворыць жанчына, — і іду хуценька, каб усё паспець прыбраць да таго, як прачнуцца людзі. Хоць мой працоўны дзень і пачынаецца з сямі гадзін раніцы, але я заўсёды прыбіраю ноччу: як жа гэта так, што ранкам людзі будуць ісці, хто куды, а я ім пад ногі буду смецце месці. А так, спадзяюся, ім прыемна ісці на працу па чыстай вуліцы.
Ды і на самой справе, пагадзіцеся, мы не задумваемся, калі ідзем па вуліцы, што за гэтую чысціню таксама абавязаны сказаць некаму дзякуй. Як гаворыць Вольга Уладзіміраўна, і ніякага дзякуй не патрэбна, а проста павага да яе працы. А мы вельмі часта робім усё наадварот: кідаем смецце дзе трапіць. Шчыра кажучы, Вольга Уладзіміраўна мяне многім уразіла, у тым ліку і сваім аптымізмам. Людзі ня­здольны спыніць час, таму ўсім нам уласціва старэць. Хоць і пакрылі твар гэтай жанчыны суквецці маршчынак, але вось душой яна маладая. Цудоўна, калі чалавек да такіх гадоў можа зберагчы маладосць душы, юнацкі запал, а галоўнае – не згубіць інтарэс да жыцця, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і цяжкасці. У Вольгі Уладзіміраўны ёсць унучка, якая, думаю, ганарыцца сваёй бабуляй, таму што такіх бабуль, напэўна, мала. Вельмі хочацца адзначыць і яшчэ адзін момант нашай сустрэчы з Вольгай Уладзіміраўнай. Яна сказала, на мой погляд, цудоўную рэч: “Жанчына ў любым узросце павінна заставацца жанчынай, і не для каго-небудзь, а для сябе. І галоўнае для яе – гэта прычоска і абутак”.
Праходзячы ў чарговы раз па цэнтральнай вуліцы горада, ля Дома культуры, абавязкова падумайце пра чалавека, які кожны дзень наводзіць тут парадак, калі вы яшчэ салодка спіце ў цёплым ложку.
Анастасія Максімук.
На здымку: Вольга Уладзіміраўна АМЯЛЬЯН.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.