Маларыта ў суквецці культур

У Маларыце амаль ніколі адначасова не збіраліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Аднак апошняя субота кастрычніка стала выключэннем з гэтага. У ГДК прайшоў заключны канцэрт абласнога туру ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Мерапрыемства, якое праводзіцца раз у два гады, атрымалася відовішчным, захапляльным і запамінальным. І хоць нумары выконваліся на розных мовах свету, аднак для разумення і ўспрыняцця сапраўднага мастацтва гэта не было перашкодай. Маларыцкіх гледачоў “запальвалі” прадстаўнікі ажно 14 нацыянальнасцей, што пражываюць на тэрыторыі Брэстчыны. Удзельнікі форуму паказвалі розныя канцэртныя нумары: песні, вершы, харэаграфічныя кампазіцыі, найгрышы, папуры, гумар. Усе яны ярка адлюстроўвалі нацыянальны характар рускіх і палякаў, азербайджанцаў і армян, яўрэяў і башкірцаў…
Адкрываючы мерапрыемства, Рыгор Бысюк, началь­нік упраўлення культуры аблвыканкама, адзначыў:
— Фестываль “Суквецце культур” – гэта свята міру, мастацтва і таленту. Ён ужо мае свае традыцыі, здолеў стаць значнай падзеяй у культурным жыцці. Фестываль кожны раз адкрывае новыя імёны індывідуальных выканаўцаў і калектываў. Акрамя таго, пашыраецца колькасць нацыянальных культур, прадстаўнікі якіх прымаюць удзел у творчым спаборніцтве. У гэтым годзе, напрыклад, упершыню была прадстаўлена туркменская і нямецкая культуры.
— Маларытчанам выпала рэдкая магчымасць на працягу некалькіх гадзін пазнаёміцца хаця б з невялічкай часткай таго, што змяшчаюць розныя культуры свету, — падкрэсліў Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама. — Гэта – сапраўдны духоўны народны скарб. Ён робіць багацейшымі ўсіх, хто з ім судакрануўся. Хочацца спадзявацца, што гэты фестываль яшчэ раз вернецца на маларыцкую зямлю.
А вось кампетэнтнаму журы, куды ўваходзілі вядомыя людзі краіны (напрыклад, Міхаіл Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча; Ірына Лемцюгова, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур; Пётр Гуд, загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; Леанід Захлеўны, кампазітар, мастацкі кіраўнік ансамбля “Бяседа”; Альбіна Пякуцька, загадчыца кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), неабходна было больш чым з 30 нумароў выбраць лепшыя, самыя яркія і непаўторныя. На фестывалі найбольш шырока былі прадстаўлены руская і ўкраінская культуры, а таксама польская і яўрэйская. Між іншым, на пачатку мерапрыемства гледачоў сваім выступленнем парадаваў аматарскі ансамбль беларускай песні “Маланка” з г.Бельск-Падляшскі. Артысты з Польшчы выканалі 2 песні на “біс”.
Сярод дыпламантаў за папулярызацыю нацыянальнага мастацтва былі і прадстаўнікі Маларытчыны. Гэта народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” (кіраўнік Галіна Хомік, Хаціслаўскі СДК), які на сцэне творча ўвасобіў украінскі абрад “Пэрэзвы”, і вакальны ансамбль эстраднай песні “Акалада” (кіраўнік Алёна Жлукта, ГДК), які выканаў папуры ўкраінскіх песень у апрацоўцы. Акрамя таго, адбылося ўзнагароджванне па выніках выставы народнай творчасці і свята нацыянальных кухань “Куточкі талентаў і густаў”, якая была разгорнута на пляцоўцы перад ГДК. Граматамі фестывалю адзначаны Вольга Шыгалёва і Валянціна Барысюк з в.Хаціслаў. Тут можна было не толькі прадэгусціраваць нейкую нацыянальную страву, але і купіць яе. Вочы разбягаліся ад разнастайнасці зваранага, выпечанага, засоленага, смажанага. Шырока былі прадстаўлены і напоі.
Па словах Галіны Гурынчук, галоўнага рэжысёра фестывалю, “Суквецце культур” умацоўвае адзінства тых, хто жыве на Беларусі. Разам з тым мерапрыемства яшчэ дае магчымасць прадстаўнікам розных нацыянальнасцей усвядоміць сябе перш за ўсё грамадзянамі Беларусі, сказаць пра сябе на ўвесь голас, данесці да гледача асабістую індывідуальнасць і непаўторнасць.

А чым запомніўся фестываль маларытчанам?

Марыя Якімчык:
— Мяне зачаравала выстава-продаж. З сяброўкаю паспрабавалі стравы многіх нацыянальных кухань. Хоць у мяне ёсць не адзін такі рэцэпт, аднак некаторыя са страў бачыла і каштавала ўпершыню. Спадабалася. Вельмі смачна. Жанчыны з радасцю падзяліліся сакрэтамі прыгатавання.
Яніна Юралайц:
— Такія мерапрыемствы, на маю думку, вельмі патрэбны. Асобныя нумары вельмі кранулі майстэрствам выканання, высокай ідэйнасцю, узнёсласцю народнага мастацтва, суладнасцю слоў і музыкі. А выступленні на польскай мове вярнулі нават на імгненне на гістарычную радзіму. Вельмі спадабалася выступленне Арцёма Саладухі з Драгічына. Юнак пранікнёна і душэўна выканаў на ўкраінскай мове “Песню пра ручнік”. Гэта сапраўднае мастацтва, якое не падуладна часу.
Таццяна Іолап:
— Гэты фестываль – яшчэ адна магчымасць дакрануцца да народнай стыхіі. Я родам з Расіі. Руская народная песня надзвычай багатая на пачуцці. Яна эмацыянальна насычаная, яркая, нясе зарад бадзёрасці і мае вялікі выхаваўчы патэнцыял. Тое ж самае можна сказаць пра песеннае і танцавальнае мастацтва іншых народаў свету. Хацелася б, каб такія мерапрыемствы ў горадзе праводзіліся як мага часцей. Яны вельмі патрэбныя, бо пашыраюць кругагляд, даюць уяўленні пра культуру іншых нацыянальнасцей.
Р. S. Вечарам фестывальнага дня польскі ансамбль “Маланка” даў канцэрт у в.Лукава.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: імгненні фестывалю “Суквецце культур”.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


artma.net.ua

https://steroid-pharm.com

детские платья
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!