Сям’я са статусам “сацыяльна-небяспечная”

Больш за 90 дзяцей у 46 сем’ях раёна з-за п’янства бацькоў знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, яшчэ 17 дзяцей на сённяшні дзень прызнаны тымі, каму патрэбна дзяржаўная абарона. 4 неспрыяльныя сям’і знаходзяцца пад пастаянным кантролем педагогаў раённай гімназіі, бо дзеці, якія выхоўваюцца ў іх, з’яўляюцца вучнямі гэтай навучальнай установы. Каб даведацца, якая атмасфера пануе ў гэтых сем’ях у час, калі дзеці знаходзяцца на канікулах, педагог-псіхолаг раённай гімназіі Алена Некрашэўская і педагог сацыяльны Ларыса Сцепанюк разам з супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолем Нікіцюком арганізавалі рэйд, пабывалі ў дамах сваіх вучняў.
…З фотаздымкаў, размешчаных на сцяне, на апусцелы пакой паглядаюць шчырыя дзіцячыя вочкі. Сваіх дзяцей трыццацігадовая Наталля можа бачыць пакуль толькі на фотаздымках ці ў час кароткіх сустрэч, калі разам з бацькамі наведвае іх у інтэрнаце. Пакуль… Але гэтае слова можа быць заменена на жорсткае – назаўжды, бо на тое, каб змяніць свой лад жыцця, свае адносіны да абавязкаў маці, жанчыне адведзены адрэзак часу ў паўгода, пасля якога Наталля можа пазбавіцца сваіх бацькоўскіх правоў. Паглядзець, ці ёсць у паводзінах жанчыны адчувальныя змены, — галоўная задача, якую ставілі перад сабой удзельнікі рэйду. У доме, дзе жыве Наталля разам з бацькамі, прасторна. Але з-за праблем з ацяпленнем у пакоях сыра, ад чаго пачарнелі і сцены, і столь. Супрацоўнік МНС робіць гаспадару свае заўвагі, дае парады, а тым часам педагогі размаўляюць з маці Наталлі. Высветліўшы, што Наталля ўладкавалася на работу, удзельнікі рэйду вырашаюць сустрэцца з ёй, каб паглядзець, як і дзе працуе жанчына. І сапраўды сустракаюць яе на працоўным месцы. Завязваецца гутарка. Наталля запэўнівае, што стараецца змяніцца, што ў час работы спіртное яна не п’е, але тут жа прызнаецца (ды і як не прызнацца, калі нават на адлегласці чутна, што мінулы вечар не абышоўся без гарэлкі) — цалкам ад выпіўкі пакуль не адмовілася. Успамінаць вочы сваіх дзетак, якія, нягледзячы ні на што, шчыра любяць сваю маці і спадзяюцца на тое, што змогуць вярнуцца дамоў, раіць маладой жанчыне педагог-псіхолаг. Наталля ківае галавою. Але ці хопіць ёй сіл выбрацца з палону таго жыцця, якім яна жыве? Нават сама яна ў гэтым не ўпэўнена…
Пасля наведвання другога дома, дзе жыве Людміла, якая нядаўна нарадзіла дзіця, засталося больш аптымізму. У доме цёпла, чыста, адрамантаваны печы, зроблены рамонт, што пераконвае тых, хто бываў тут раней, у значных пераменах. А значыць ёсць нагода хадайнічаць аб тым, каб сям’я была знята з уліку сем’яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Зусім іншыя ўражанні пакідае трэцяя сям’я, у адносінах якой ужо не першы раз узнімаецца пытанне аб адабранні дзяцей. Перад вачамі ўдзельнікаў рэйду паўстае знаёмы, амаль аднолькавы для ўсіх неспрыяльных сем’яў малюнак: у доме брудна, на стале гара посуду, на незасланых ложках шэрая, амаль колеру зямлі бялізна, у некалькіх месцах прапаленая канапа. Гаспадыня, якая днямі зноў за прагулы пазбавілася работы, расказваючы пра жыццё, пастаянна дрыжыць. І не дзіва, тэмпература ў пакоях нават ніжэй, чым на вуліцы. Ці могуць у такіх умовах жыць дзеці? Гора-маці і сама ведае, што не. І ціха апускае галаву, разумеючы, што пустым абяцанням, якія дае ўжо ў каторы раз, ніхто не паверыць…
Адпраўляючыся ў рэйд, была ўпэўнена: адкрыта назаву імёны і прозвішчы тых бацькоў, якія патапілі на дне бутэлькі сваю чуласць, сваю любоў да дзяцей. Але перадумала. Бацькоў, раўнадушных да слёз сваіх дзяцей, напэўна, не кране нічога. Ды і газетны артыкул наўрад ці яны прачытаюць. А вось іх дзецям, якія хоць і крыўдуюць на бацькоў, але ўсё роўна іх любяць, будзе нанесена яшчэ адна рана. А мне б так хацелася, успамінаючы вочы дзяцей, каб кожны з іх мог сказаць: гэты расказ не пра маіх бацькоў – мае ўжо зусім не такія.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: педагог сацыяльны Ларыса Сцепанюк, педагог-псіхолаг Алена Некрашэўская і супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоль Нікіцюк абмяркоўваюць вынікі рэйду па неспрыяльных сем’ях.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.ailavita.com.ua

Buy Turinabol ultra online in USA

Best Drones