Санітар кабінетаў і калідораў

Мая бабуля не раз казала, гледзячы на вынікі таго, што зрабіў дзядуля: «Прыгожая ў яго праца!» Я глядзеў і нічога незвычайнага ў тым не заўважаў. Ні ў складзеных пад паветкаю на зіму дровах, ні ў зробленых для пасадкі цыбулі градках, ні згрэбеным у валкі сене, ні ў змайстраваных санях для каня… Чым жа тут так захапляцца і ганарыцца? Я не разумеў. Вясковая паўсядзённасць, бу­дзённасць і аднастайнасць. Ці не ва ўсіх у вёсцы так усё выглядае і робіцца. Аднак бабуля з такою думкаю катэгарычна не згаджалася. Яна толькі казала: «Няўважлівы ты, унучак, проста няўважлівы».
Назіраючы за працай людзей розных прафесій, імкнуся звярнуць увагу ў першую чаргу на тое, што ўкладвала бабуля ў сэнс слоў «прыгожая праца». Гэта значыць – зробленая з душою, дакладна, дасканала, так, што і камар носа не падточыць. Так, як трэба, дзе ўсё даведзена да ладу. Віртуозы сваёй справы, усё ў іх руках гарыць — так яшчэ кажуць пра такіх людзей. Усведамленне «прыгожай працы» прыйшло неяк само па сабе. Сапраўды, чаму адно і тое ж, зробленае з таго ж матэрыялу, выглядае па-рознаму?
Назіраючы за штодзённаю працаю Лідзіі Кацёл, прыбіральшчыцы службовых памяшканняў раённай гімназіі, з упэўненасцю можна сказаць, што выкананне абавязкаў ёю дакладна падыходзіць пад бабуліна азначэнне. Жанчына вельмі сур’ёзна адносіцца да любой даручанай справы. Усё выконвае добрасумленна, старанна, акуратна. Як сабе. Лідзія Паўлаўна заўсёды нечым занята. Быццам бы ўжо і парадак на замацаванай тэрыторыі. Аднак без справы сядзець не можа. «Як тая пчолка, — так характарызуюць настаўнікі Лідзію Паўлаўну і дадаюць: – Пастаянна яна ў рабоце. То шчыруе з венікам і вядром, то з анучаю і швабраю…»
— На рабоце трэба працаваць, — усміхаецца мая субяседніца. — А ў нас у любы момант ёсць чым заняцца, было б жаданне. Прыемна ж знаходзіцца там, дзе ўтульна, прыгожа, дзе многа дагледжаных пакаёвых кветак. Ды не ўсім жа ў жыцці выпала стаць артыстамі, вучонымі, настаўнікамі, рознымі начальнікамі. Некаму ж трэба быць і прыбіральшчыцай. Лічу сябе санітарам кабінетаў і калідораў гімназіі, своеасаблівай службай хуткага рэагавання на бруд, — усміхаецца Лідзія Паўлаўна.
Пра тое, як важна займацца любімаю справаю, якая прыносіць душэўны камфорт, вядома ўсім. Гэта дае фізічнае і псіхалагічнае здароўе, уздымае настрой, стымулюе дзейнасць. У наш час не так і многа людзей, якія з радасцю скажуць: «У мяне ёсць любімая работа!». А вось Лідзія Кацёл якраз належыць да тых, хто так можа сказаць з упэўненасцю.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Лідзія Кацёл, прыбіральшчыца службовых памяшканняў раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://ukrterminal.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!