“Дзе сям’я — там і я!”

Хтосьці верыць у лёс, а хтосьці не. А вось у Пакістане ў лёс вераць усе, таму і Анвар Ул-хаг упэўнены, што ад лёсу нікуды не ўцячэш, нават калі б і вельмі захацеў. Так, у 1992 годзе пакістанца Анвара Ул-хага лёс прывёў у Беларусь.
— Сітуацыя ў тыя гады ў Пакістане была вельмі складаная: ішла вайна, патрэбна было ратавацца, — успамінае мужчына, — таму я спачатку паехаў у Такжыкістан ( нават бацькі не ведалі, дзе я), а пасля да стрыечнага брата ў Магілёў.
Так і аказаўся малады хлопец-пакістанец у зусім чужой і незнаёмай яму краіне. У яго, безумоўна, адразу ўзніклі праблемы. Першае, з чым сутыкнуўся Анвар, – гэта быў моўны бар’ер. Таму малады хлопец цэлы год у Магілёўскім будаўнічым інсты­туце вывучаў рускую мову. У Магілёве і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Маладая дзяўчына Алёна на той момант якраз заканчвала бібліятэчны тэх­нікум і мела ўжо накіраванне на працу ў Маларыту. Але, як прызнаецца сама жанчына, сустрэўшы Анвара, выбрала каханне: адмовілася ад працы і накіравалася за каханым:
— Пасля Магілёва мы пераехалі ў Гомель, бо Анвар стаў навучацца ў Беларускім дзяржаўным універ­сітэце транспарту. У Гомелі ў 1994 годзе ў нас і нарадзілася старэйшая дачка Сафія. Спачатку мая мама неяк насцяро­жана адносілася да Анвара, зразумела ж – іншаземец! Але мой старэйшы брат падтрымаў нас і сказаў, калі яна яго кахае, дык чаму мы будзем супраціўляцца. Вось так і жывем ужо 18 год разам, маем чатырох дачок і верым у добрую будучыню іх.
Пасля заканчэння навучання Анвара ў Гомелі ў 1997 годзе маладая сям’я пры­язджае на малую радзіму жонкі ў вёску Арэхава. Але надоўга там не засталася, бо і Анвара сэрцам цягнула на радзіму. Так, у 1998 годзе сям’я пераехала жыць у Пакістан.
— У Пакістане мы пражылі пяць год, — дзеліцца жанчына, — але ўсё роўна за гэты час я так і не змагла прывыкнуць да той краіны. Я не адаптавалася да клімату (ў Пакістане вялікая спякота — +45) ды і да ладу іх жыцця. Безумоўна, да мяне ў сям’і Анвара вельмі добра аднесліся, але мне было неяк не па сябе ад таго, што там больш закрыты лад жыцця,чым у нас. У нас выйшаў на вуліцу і з усімі суседзямі пагутарыў, а ў іх у асноўным зносіны толькі ўнут­ры сям’і. Яшчэ мне вельмі спадабалася і ўразіла тое, што ў Пакістане ўсе жывуць вялікімі сем’ямі, пад адным дахам некалькі пакаленняў. Яны не разумеюць, чаму ў нас так шмат сем’яў, у якіх толькі адно дзіцё. Гэта ж сумна, гавораць яны. Пажыўшы далёка ад радзімы, зразумела, што лепш, чым дома, няма нідзе.
У 2003 годзе Алёна разам з дзвюма дочкамі вяртаецца ў Беларусь, а Анвар адпраўляецца ў Саудаўскую Аравію на заробкі. Злыя языкі гаварылі Алёне, што яе муж ужо не вернецца, што пакінуў яе, але яна ведала: яе Анвар абавязкова прыедзе да іх. Так і атрымалася. У 2006 годзе Анвар прыязджае да сям’і і застаецца жыць у вёсцы Арэхава. З часам у Анвара і Алёны нарадзіліся яшчэ дзве дачкі, якія яшчэ не бачылі татавай радзімы.
— Вядома ж, я ўжо прывык жыць тут, — гаворыць мужчына, — у Беларусі мне заўсёды сустракаліся толькі добрыя, чулыя людзі, але ёсць у мяне мара з усёй сям’ёй паехаць жыць у Пакістан. Толькі дзве старэйшыя дачкі мовы ўжо не памятаюць, вучацца тут, таму гэта нерэальна. І я заўсёды там, дзе мая сям’я. А з роднымі з Пакістана мы, безумоўна, пад­трымліваем зно­сіны па інтэрнэту. У госці да нас прыязджалі мой брат і сябры.
Жонка Анвара Алёна расказала, што ён вельмі шмат мае сяброў па ўсім свеце, а колькі ў яго сяброў тут — увогуле не пералічыць. Праўду гавораць, калі ў чалавека добрыя сэрца і душа, то ён усюды і з усімі будзе жыць у ладзе. На пытанне, што першы раз асабліва здзівіла Анвара ў Беларусі, мужчына адказаў не задумваючыся:
— Усё, а асабліва снег! Для мяне гэта было нейкае дзіва! Спачатку мне здавалася, што я трапіў на іншую планету, а цяпер прывык ужо да беларускага клімату.
Каханне – пачуццё складанае, прыемнае і незразумелае. Жыццё зводзіць зусім розных людзей разам. Анвар і Алёна таксама жылі сабе за сотні кіламетраў адзін ад аднаго і не думалі, што жыццё звяжа два лёсы ў адзін. 18 год назад, пакахаўшы адзін аднаго, сёння яны ўжо не ўяўляюць свайго жыцця па розныя берагі. Здаецца, што іх магло аб’яднаць, калі яны спачатку і на адной мове не маглі размаўляць, але не мова аб’ядноўвае людзей, а сапраўднае пачуццё, сапраўднае каханне. Каханне, пра якое сёння можна сказаць, гледзячы на Анвара і Алёну, напэўна, стала яшчэ больш моцным.
Анастасія Максімук.
На здымку: Анвар і Алёна Ул-хаг.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


автосалон мазда киев

https://winnerlex.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!