Папяровыя сябры Ганны Фёдараўны

Часам, пачуўшы пра чалавека адзін раз, другі ўжо можна і не ўспомніць. Але ёсць і такія людзі, пра якіх хочацца гаварыць яшчэ і яшчэ. Пра Ганну Фёдараўну Сергіевіч на старонках райгазеты пісалася ўжо, але талент гэтай жанчыны вабіў зноў завітаць у госці да яе. Даведаўшыся, дзе жыве жанчына, міжволі ўпэўнілася, што лёс усё ж існуе. Яшчэ будучы вучаніцай, кожны раз праязджаючы па цэнтральнай вуліцы горада, зачароўвалася адным домам, а дакладней кажучы – адным балконам. На гэтым прывабным балконе заўсёды гаспадарылі кветкі, а між імі часам выглядаў і казачны гном. Тады я заўсёды ўяўляла сабе гаспадыню гэтага цудоўнага балкона, але нават і не думала, што некалі змагу пазнаёміцца з ёй. І вельмі рада, што гэта здарылася. Падымаючыся па лесвічнай пляцоўцы, захаплялася, бо на сценах былі намаляваны прыгожыя вялікія лебедзі. Не ведаючы яшчэ жанчыну, чамусьці адразу злавіла сябе на думцы, што гэта, безумоўна, малюнкі маёй гераіні. Так яно і атрымалася. Але лебедзі на сценах лесвічнай пляцоўкі аказаліся толькі пачаткам маіх уражанняў. Як гавораць, далей – болей! Увайшоўшы ў пакой, не ведала, куды і глядзець, вочы разбягаліся ад прыгажосці, ад таго, што бачыла. Заўважыўшы маю нейкую разгубленасць (паверце, ад такой прыгажосці нельга не разгубіцца), Ганна Фёдараўна першая пачала размову і аказалася цудоўнай субяседніцай (а гэта таксама талент).
-Ведаеце, ніколі не думала, што стану такім займацца. Па адукацыі я швачка і вельмі люблю шыць. А вось здольнасць працаваць з паперай адкрылася ў мяне не так даўно – два гады назад. Разам са мною ў навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі (г. Мінск) у адной палаце ляжала жанчына, якая з паперы рабіла лебедзяў, — расказвала Ганна Фёдараўна.- Вось яна аднойчы і прапанавала мне паспрабаваць зрабіць маленькага лебедзя. Мне тады падумалася: не, не буду займацца такой маруднай справай. Але, прыехаўшы дамоў, вырашыла паспрабаваць. Так усё і пачалося. Першы выраб жанчыны – маленькія лебедзі са звычайнай белай паперы, пасля свет убачылі і вялікія грацыёзныя лебедзі, зробленыя са шпалер. Для таго, каб зрабіць такіх лебедзяў, Ганне Фёдараўне патрэбна два ролікі шпалер, чатыры гадзіны часу і, вядома ж, талент, памножаны на фантазію. Такіх лебедзяў усё часцей у жанчыны сталі заказваць на вяселлі. Гэта і зразумела: лебедзі — сімвал вернасці і кахання, што і жадаюць галоўным чынам маладым. Але, як апетыт прыходзіць у час ежы, так і Ганне Фёдараўне з часам захацелася і яшчэ нешта зрабіць, акрамя лебедзяў. І як прызнаецца сама жанчына, нічога немагчымага няма, патрэбна толькі захацець, а ляноту адкінуць як мага далей. Дзякуючы гэтаму сёння і ўпрыгожваюць кватэру Ганны Фёдараўны і не толькі яе (жанчына любіць дарыць свае вырабы) лебедзі, паўліны, кветкі, вазы, кактусы… і ўсё гэта з паперы. Калі я папрасіла выдаць сакрэт свайго майстэрства, жанчына ўсміхнулася:
— Ды няма ніякага сакрэту! Усё вельмі проста. У сваёй рабоце я не выкарыстоўваю ні ніткі, ні клей, толькі паперу. Купляю звычайную паперу фармату А4 розных колераў. Пасля разразаю яе на прамавугольнікі, да прыкладу, на лебедзя прамавугольнікі павінны быць памерам 10х15 см. Затым складваю іх, каб атрымаліся трохвугольнікі, якія паміж сабой і замацоў­ваю.
Ганна Фёдараўна – чалавек, бясспрэчна, творчы. А творчыя людзі – творчыя ва ўсім. Жанчына здольна змайстраваць прыгожую рэч амаль з усяго. Напрыклад, ружы робіць з лістоў клёну, а пасля толькі залівае іх лакам, а ножка – звычайная лаза. Вазу для руж таксама сама змайстравала з непатрэбных рэчаў, якія амаль не апынуліся на сметніку. На дачы ў Ганны Фёдараўны таксама ўсё зроблена творча. Дом патанае ў кветках, а ля яго выраслі прыгажуні-пальмы. Гэтых гасцей з сонечнай Афрыкі жанчына зрабіла са звычайных пластмасавых бутэлек. Побач з пальмамі — чапля, якая зроблена з простай шыны. Жанчына часам вырабы прыдумвае сама, а часам мае толькі фотаздымак, ну, а далей фантазія.
-Апошні мой новы выраб з паперы – торт, -гаворыць Ганна Фёдараўна. – У жніўні мая сястра святкавала юбілей, і я пякла ёй торт. У той момант падумала, а можа ёй торт з паперы зрабіць? Так і падарыла два тарты: нават і не ведаю, які ёй больш спадабаўся.
Дарэчы, мяне ўразілі не толькі папяровыя сябры, але і яе кулінарныя здольнасці. Жанчына нават падзялілася рэцэптамі, за што ёй вялікі дзякуй. На развітанне яна падарыла мне прыгожыя ружы з лістоў клёну і папяровы торт. Упэўнена, што Ганна Фёдараўна яшчэ не адным дзясяткам вырабаў парадуе і прыемна здзівіць сваіх гасцей.
Р. S. Ішоўшы па вуліцы з падарункамі Ганны Фёдараны, штораз лавіла ў свой бок цікаўныя позіркі. Так і хацелася пахваліцца…
Анастасія Максімук.
На здымку: Ганна Фёдараўна і яе вырабы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://www.etalon.com.ua

steroid-pharm.com

http://best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!