Памочнікі міліцыі — байцы маладзёжнага атрада

Маладзёжны атрад аховы правапарадку ў дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці дзейнічае з 2005 года. За шэсць гадоў на змену адным ахоўнікам правапарадку, у ліку якіх заўжды былі лепшыя навучэнцы, прыходзілі другія, рыхтуючы на сваё месца юніёраў. Змяняліся і кіраўнікі атрада, яго камандзіры, але задачы юных дружыннікаў былі і застаюцца ўсё тымі ж. Байцы атрада, у які ўваходзіць больш за 20 юнакоў, у гутарках “Роўны навучае роўнага” імкнуцца данесці да сваіх аднагодкаў прававую інфармацыю, сустракаюцца з сем’ямі, дзе пануе неспрыяльны клімат, вучацца самаабароне, праводзяць патруляванне і ахову правапарадку не толькі на тэрыторыі прафесійнага ліцэя, але і ў гарадскім парку, і на вуліцах горада.
З першых дзён сваёй дзейнасці маладзёжны атрад цесна супрацоўнічае з раённым аддзелам унутраных спраў. Менавіта з рук супрацоўнікаў міліцыі штогод атрымліваюць новыя байцы МААП пасведчанні. Нядаўна навучэнцы-дру­жыннікі разам са сваім кіраў­ніком Вячаславам Бабурам зноў пабывалі ў гасцях у супрацоўнікаў міліцыі. Перш чым уручыць 9 юнакам дакумент, які дае права звацца байцом мала­дзёжнага атрада, навучэнцаў запрасілі на цікавую гутарку. Намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце Мікалай Ківачук і начальнік аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Эдуард Паўлаў распавялі шмат цікавага пра прафесію міліцыянера, пазнаёмілі гасцей з работай кожнага структурнага падраздзялення РАУС, спыніліся на тых задачах, вырашэнне якіх не павінна застацца без увагі грамадскіх фарміраванняў.
На сустрэчу з дружыннікамі маладзёжнага атрада прыйшлі і непасрэдныя ініцыятары дзейнасці атрада — першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Сацюк і начальнік аддзела па справах моладзі Аляксандр Галоўчык. Пад дружныя апладысменты старэйшых, малодшыя байцы атрада атрымлівалі бэйджыкі, якія з’яўляюцца галоўным дакументам дружынніка. Такі дакумент многія з МААПаўцаў з гонарам носяць ужо не першы год. Да прыкладу, навучэнец ліцэя Алег Джур, які з’яўляецца галоўным памочнікам камандзіра, у атрадзе ўжо трэці год. Ра­зам з іншымі ён з задавальненнем ходзіць у рэйды па ахове правапарадку, сочыць за парадкам у час заняткаў і адпачынку і ніколькі не сумняваецца ў тым, што кожны з байцоў атрада карыстаецца аўтарытэтам сярод навучэнцаў.
Многія з байцоў атрада ўжо сёння дакладна вызначыліся з будучай прафесіяй і плануюць звязаць сваё жыццё з міліцэйскай службай. А таму, безумоўна, юнакоў вельмі зацікавіла экскурсія па райаддзелу ўнутраных спраў, а таксама магчымасць пазнаёміцца з работай экспертаў-крыміналістаў і паглядзець на экіпіроўку і ўмовы работы супрацоўнікаў аддзялення Дэпартамента “Ахова”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: цікава было пазнаёміцца з супрацоўнікамі «Аховы».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!