“ФІЕСТА” – ПЕРШАЯ

Кажуць, што смех прадаўжае жыццё. Калі б гэта было так, дык людзі, напэўна, жылі б вельмі доўга. Асабліва тыя, хто 11 лістапада г.г. прысутнічаў на асенняй гульні школьнай лігі клуба вясёлых і знаходлівых раёна, якая праходзіла ў ГДК. 5 каманд змагаліся за пераходны кубак, а менавіта першай і другой школ горада, Хаціслаўскай, Арэхаўскай і Дарапеевіцкай сярэдніх школ.
Як і заўсёды, гульня пачалася з усімі любімага прывітання каманд “Дазвольце прадставіцца”. Кожная каманда імкнулася выклікаць прыхільнасць да сябе ў гледачоў і журы. Бо як сябе пакажаш на першым конкурсе, так цябе будуць успрымаць і далей.
Журы, у склад якога ўваходзілі Аляксандр Галоўчык, Алена Горбік, Таццяна Сацюк і Андрэй Гарбацэвіч, маглі выказаць сваё задавальненне жартамі ў балах ад 1 да 4. Максімальны бал у гэтым конкурсе атрымала каманда “Фіеста” з Дарапеевічаў — 3,8. Каманды з першай школы горада, Хаціслава і Арэхава атрымалі па 3,3 бала, а зборная гарадской школы № 2 зарабіла 2,8 бала.
Другі конкурс, размінка, паказаў, на што здольныя каманды без папярэдняй падрыхтоўкі. Магу смела сказаць, што некаторыя каманды былі ў поўнай баявой гатоўнасці і здзівілі журы арыгінальнымі адказамі на вельмі цікавыя пытанні. Напрыклад, зборная школы № 2 запытала: “Што гэта: максімум інфармацыі і мінімум выдаткаў (затрат)?” Нядоўга думаючы, каманды пачалі адказваць. Вось які адказ на гэтае пытанне дала каманда з Дарапеевіч “Дзірка ў лазні”. А каманда сярэдняй школы № 2 горада адказала так: “Міні-спадніца”.
Адзін з самых яркіх і цікавых конкурсаў у КВЗ любога ўзроўню – хатняе заданне. Тэматыка гэтай гульні была школьнай, а менавіта “Чаму вучаць у школе?”. Кожная каманда па-свойму цікава раскрыла гэтую тэму. Хаціслаўскія школьнікі, да прыкладу, паказалі, як праходзілі б экзамены, калі б словы матэрыялізаваліся. А на ўрок да вучняў Арэхаўскай школы завітаў нават сам Прэзідэнт краіны. Каманды атрымалі наступныя балы: Дарапеевічы і Хаціслаў – па 3, школа № 2 – 2,8, Арэхава і школа №1 – 4.
Таксама хочацца адзначыць, што каманды, акрамя жартаў, надалі ўвагу і знешняму выгляду кожнага з удзельнікаў. Зборныя Хаціслаўскай і Дарапеевіцкай сярэдніх школ былі пры гальштуках чорнага і зялёнага колераў адпаведна, а арэхаўскія юнакі і дзяўчаты павязалі на рукі ружовыя банты.
Па выніках першай гульні ў 2011 – 2012 навучальным годзе кубак першынства дастаўся камандзе “Фіеста” з Дарапеевіч, якая набрала 10,8 бала. Ад іх толькі крыху адсталі зборныя Арэхаўскай (10,5), першай гарадской (10,0) і Хаціслаўскай (8,8) школ. Завяршыла пяцёрку зборная школы № 2 (8,0).
Ні адна з каманд не засталася без салодкага прыза – усе атрымалі па смачным торце.
Пасля завяршэня гульні вясёлая музыка паклікала ўсіх на дыскатэку.
Ужо вясной мы зноў зможам сустрэць вясёлых і знаходлівых школьнікаў на сцэне ў ГДК і зноў пераканацца, што юнакі і дзяўчаты нашага раёна вельмі таленавітыя.
Дзяніс ТРАЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.