Дзякуй за працу, цярпенне, стараннасць!

У чацвер, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, у гарадскім Доме культуры ўшаноўвалі пераможцаў раённага спаборніцтва, лепшых працаўнікоў палёў і ферм, спецыялістаў сельгасвытворчасці. Вынік іх добрасумленнай працы – смачны духмяны хлеб, мяса і малако на стале кожнага з нас, сакавітая садавіна і вітамінная гародніна на прылаўках магазінаў, збожжа ў засеках краіны. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Федзюковіч, які выступаў з дакладам, гаварыў не толькі пра гэта, але і падкрэсліваў, што нягледзячы на ўсе складанасці сёлетняга сельскагаспадарчага года, раёну ёсць чым ганарыцца. І найперш адказнымі, сумленнымі і працавітымі людзьмі. Усе на сваіх участках працавалі самааддана і ў поўную сілу. За гэта – шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон. Пераможцам раённага спаборніцтва былі ўручаны Ганаровыя граматы райвыканкама. З рук старшыні Казіміра Лапіча іх атрымалі старшыні СВК “Хаціслаўскі” Васіль Пішчык, “Рыта” Іван Пастушак і “Арэхава” Мікалай Пакроўскі. Узначальваемыя імі гаспадаркі нарыхтавалі найбольшую колькасць кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы і занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы ў раённым спаборніцтве. Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі з рук кіраўніка раёна атрымалі таксама многія перадавыя аператары машыннага даення, механізатары, вадзіцелі, спецыялісты. Намеснік начальніка Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валянцін Зайчук не толькі павіншаваў усіх са святам і падзякаваў за стараннасць і сумленнасць, але і ўручыў Ганаровыя граматы аператару машыннага даення СВК “Чырвоны партызан” Людміле Гаркаўчук, вадзіцелю СВК “Хаціслаўскі” Валерыю Бенесюку, дырэктару ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” Мікалаю Строку. Лепшыя працаўнікі сяла і перапрацоўчай прамыс­ловасці АПК атрымлівалі віншаванні і ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Марушава, галоўнага інжынера ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” Міхаіла Цодава, дырэктара СТАА “Раскорм” Вольгі Галоўчык, намесніка дырэктара па якасці ААТ “Савушкін прадукт” Зоі Карповіч, прадстаўніка кампаніі “Кобрынскі ключ” Надзеі Максімук, благачыннага цэркваў раёна айца Віктара. Айцец Віктар уручыў кіраўнікам раёна і СВК іконы Божай маці, заступніцы хлебаробаў. Многія з перадавых ра­ботнікаў СВК і кі­раў­нікоў былі заахвочаны Ганаровымі граматамі абкама прафсаюза работнікаў АПК, падарункамі, прэміямі СТАА “Раскорм”, ААТ “Савушкін прадукт”. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці гарадскога Дома культуры падарылі ім свае музычныя падарункі.

А 18 лістапада ўшаноў­валіся пераможцы абласнога спаборніцтва ў раённым цэнтры культуры і вольнага часу в. Аснежыцы Пінскага раёна. Сюды былі запрошаны перадавікі вытворчасці з усіх рэгіёнаў Брэстчыны. Дэлегацыю Маларытчыны (20 чалавек) узначаліў Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама. На мяжы Іванаўскага і Пінскага раёнаў маларытчан чакаў сюрпрыз. Іх з хлебам-соллю і з песнямі сустракалі самадзейныя артысты. Яны выказалі падзяку ўсім за шчырую працу, пажадалі далейшых поспехаў і падарылі Вячаславу Федзюковічу, першаму намесніку старшыні райвыканкама, каравай духмянага хлеба на вышытым ручніку. З дакладам на ўрачыстым сходзе выступіў Канстанцін Сумар, губернатар вобласці. Ён падвёў вынікі працы за 2011 г. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што аграрная галіна сёння – адна з крыніц папаўнення валютных рэзерваў. У многім ад яе залежыць наш дабрабыт. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў грамадстве здаўна самымі паважанымі людзьмі былі і ёсць гаспадары на зямлі, тыя, хто сваёй працай “корміць” іншых. Ім затым і былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Сярод уганараваных – прадстаўнікі Маларытчыны. Казімір Лапіч з рук губернатара атрымаў Ганаровыя дыпломы аблвыканкама за І месца ў намінацыі “За дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці кармоў з траў”, за ІІ месца ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі малака. Акрамя таго, вытворчы сельгасфіліял “Савушкіна” ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі за вытворчасць кармоў з траў (І месца), за вытворчасць і рэалізацыю малака (І месца), за рэалізацыю мяса без уліку жывёлагадоўчых комплексаў, птушкафабрык і ферм (ІІІ месца). Пётр Яцура, дырэктар ВСФ “Савушкіна”, ад Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза атрымаў Пісьмовую падзяку як лаўрэат конкурсу “Лепшы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Брэсцкай вобласці за 2010г.” Граматай аблвыканкама таксама адзначаны Аляксей Лонеў, галоўны аграном СВК “Ланская”. Ганаровыя граматы за шматгадовую працу ў сельскагаспадарчай вытворчасці, добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, дасягнутыя высокія паказчыкі атрымалі: Ніна Літвінюк, загадчыца фермы СВК “Рыта”, і Анатоль Касцючык, трактарыст-машыніст ВСФ “Савушкіна”. Ганаровымі дыпломамі адзначаны: Генадзь Баліцэвіч, трактарыст-машыніст СВК “Чырвоны партызан”, і Мікалай Алесіюк, трактарыст-машыніст Маларыцкай райаграпрамтэхнікі (у іх ІІ месца за высокія паказчыкі на нарыхтоўцы травяных кармоў, рапсу, піваваранага ячменю, бульбы, насення кукурузы і шматгадовых траў). Ніна Крупская, дырэктар Маларыцкай раённай ветэрынарнай станцыі, прымала віншаванні ад губернатара за перамогу ў абласным спаборніцтве сярод раённых ветстанцый. Пісьмо падзякі атрымала і Алена Семянюк, аператар па штучнаму асемяненню кароў СВК “Дарапеевічы”. Адгучалі акорды свята. Заўтра, як і штодзень, работнікі аграпрамысловага комплексу зноў выйдуць на працу для таго, каб у нас на стале быў і хлеб, і да хлеба.

Ірына КАСЦЕВІЧ і Мікалай НАВУМЧЫК.

НА ЗДЫМКАХ: у час ушанавання лепшых працаўнікоў у ГДК; хлеб-соль і Дыпломы пераможцам абласнога спаборніцтва.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і Мікалая НАВУМЧЫКА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!