“ЁСЦЬ ТАКАЯ ПРАФЕСІЯ — ЛЮДЗЯМ ДАПАМАГАЦЬ”

5 канкурсантаў з хваляваннем чакалі пачатку конкурсу “Лепшы па прафесіі сацыяльны работнік”. Хваляванні іх былі зразумелыя. Лю­дзям, якія прывыклі дапамагаць іншым: клапаціцца пра адзінокіх, падтрымліваць састарэлых, штодня рабіць простыя, але вельмі неабходныя для жыцця іншых людзей справы, вельмі няпроста было выйсці на сцэну, каб дэманстраваць не толькі свае прафесійныя здольнасці, але і артыстычныя. І ўсё ж сацыяльныя работнікі Вера Мікалаеўна Самасюк з вёскі Отчын, якая абслугоўвае 8 пенсіянераў, Мікалай Іванавіч Карпучык з Ляхаўцаў, адзіны сацыяльны-работнік-мужчына, які дапамагае сямі састарэлым жыхарам вёскі, Ірына Леанідаўна Цяліпка, якая ў вёсках Велікарыта і Печкі абслугоўвае 6 падапечных, Любоў Раманаўна Хоміч, прафесіянал з 20-гадовым стажам, якая клапоціцца аб пажылых людзях у вёсцы Арэхава, і Галіна Іванаўна Пацяюк, чулая жанчына з вёскі Ляхаўцы, для якой не бываюць чужымі праблемы шасці яе падапечных, змагаючыся за званне пераможцы ў раённым этапе конкурсу “Лепшы па прафесіі”, змаглі ўмела праявіць сябе і добра справіліся з усімі заданнямі. А апошнія былі даволі няпростымі.
У першым этапе конкурсу, які насіў назву “Эрудыт”, трэба было, праявіўшы кемліваць, адшукаць правільныя адказы на шмат пытанняў. А вось другі этап быў разлічаны на фантазію і творчасць. Сабраўшы ў адно цэлае многія маленькія крупінкі сваёй работы, кожны з іх падрыхтаваў цікавыя прэзентацыі прафесіі сацыяльнага работніка. Дэманструючы свае кулінарныя здольнасці, сацыяльныя работнікі частавалі журы смачнымі, прыгожа аформленымі стравамі, а ў творчым конкурсе праяўлялі мастацкія таленты — чыталі вершы, спя­валі песні.
Кожны з пяці ўдзель­­нікаў конкурсу пацвердзіў свой прафесія­налізм і, безумоўна, заслужыў добрую адзнаку журы. Але права насіць званне лепшага па прафесіі і прадстаўляць сацыяльную службу раёна на абласным этапе конкурсу мог толькі адзін пераможца. Ім стала Ірына Цяліпка. Дыпломы за другое і трэцяе месцы атрымалі Мікалай Карпучык і Галіна Пацяюк.
Конкурсная праграма стала маленькім святам для ўсіх сацыяльных работнікаў раёна. Яны пачулі шмат цёплых слоў і нават самі па-іншаму паглядзелі на сваю няпростую прафесію, упэўніўшыся ў тым, што яна вельмі патрэбная людзям. Асобная старонка праграмы была прысвечана сацыяльнаму работніку з вёскі Чарняны Надзеі Аляксандраўне Разынковай. 16 гадоў гэтая жанчына працавала ў сацыяльнай службе, аддаючы цеплыню сваёй душы пажылым людзям, якім патрэбны былі клопат, увага, дапамога. Нядаўна яна пайшла на заслужаны адпачынак. І кіраўніцтва арганізацыі, і яе калегі не маглі пакінуць такую важную падзею без увагі, падрыхтаваўшы для Надзеі Аляксандраўны памятны падарунак.
Узняць настрой усім, хто прыйшоў паўдзельнічаць у конкурсе і “пахварэць” за сваіх калег, пастараліся артысты гарадскога Дома культуры. Песні пра дабрыню і сардэчнасць, пра веру і каханне цудоўна дапоўнілі размову пра прафесію і тых старанных людзей, якія працуюць сацыяльнымі работнікамі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час конкурснай праграмы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


sellmax.com.ua

www.techno-centre.niko.ua

выйти из запоя