Фізкультурны сейбіт

Рыгор Камянчук. Артыкулы гэтага аўтара вельмі часта ў 1959 г. друкаваліся на старонках раённай газеты “Сцяг Перамогі”, якая тады з’яўлялася органам Маларыцкага райкама камуністычнай партыі Беларусі і райсавета дэпутатаў працоўных. Аднак перавагу ў сваіх артыкулах карэспандэнт аддаваў навінам фізкультуры і спорту.
— Гэта не выпадкова, — кажа Рыгор Мікітавіч, — сам прытрымліваўся здаровага ладу жыцця і прапагандаваў яго сярод іншых. Тым больш, што да гэтага тры гады выкладаў фізічную культуру ў школе.
Рыгор Камянчук нарадзіўся і вырас у Маларыце. Тут жа закончыў сярэднюю школу. З маленства займаўся рознымі відамі спорту, абараняў гонар школы на розных спаборніцтвах. Думаў і пра будучыню. Аднак дакладна спыніць свой выбар на нейкай адной прафесіі не мог. Хацелася быць і журналістам, і настаўнікам, і спартсменам.
— Я быў на раздарожжы, — успамінае Рыгор Камянчук. – Пастаянна дасылаў свае допісы пра тое, што адбывалася ў жыцці школы, у “раёнку”. Юнкорам быў актыўным. Мае артыкулы з’яўляліся і на старонках абласнога друку. Таму бачыў сябе яшчэ і журналістам. Паколькі меў добрыя вынікі на спартыўных спаборніцтвах, падумвалася і пра кар’еру спартсмена. Любіў дзяцей, хацелася стаць настаўнікам-філолагам.
У канцы 60-х гадоў міну­лага стагоддзя на Маларытчыне адчуваўся недахоп педагагічных кадраў. Васіль Маркаў, тагачасны загадчык аддзела адукацыі, прапаноўвае маладому хлопцу пасаду настаўніка. Рыгор Мікітавіч згаджаецца і з 1 верасня 1955г. выкладае фізічную культуру ў Збуражскай школе. Праца вельмі падабалася. Яна настолькі захапіла, што ў Збуражы нават і начаваў. У сямігадовай школе навучалася больш за 200 чалавек, і многія наведвалі секцыі, заняткі ў якіх праводзіліся дапазна. Малады чалавек жыў і дыхаў фізкультурай. Ён умела далучаў вучняў да заняткаў спортам.
— У Збуражы прапрацаваў 3 гады і амаль 5 месяцаў, — расказвае мой субяседнік. – У нашым доме ў Маларыце жыў І.А.Налівайка, рэдактар раённай газеты. У штат, які пашыраўся, трэба былі журналісты. Паколькі я быў актыўным юнкорам, ён прапанаваў мне пасаду літаратурнага супрацоўніка. Спачатку не згаджаўся, а пасля даў дабро. Усё ж такі праца на месцы, побач з домам.
Але і журналісцкі хлеб не быў лёгкім. Каб ездзіць па раёну і рыхтаваць матэрыялы, маладому карэспандэнту выдзелілі новы веласіпед. Спачатку работа прыносіла задавальненне. Артыкулы ў Рыгора атрымліваліся актуальнымі, надзённымі. Іх з цікавасцю чыталі.
— Мяне не вельмі задавальняла тое, што, напрыклад, у 8 гадзін вечара неабходна было прысутнічаць на сходзе ў Макранах ці Радзежы восенню альбо зімою, — усміхаецца Рыгор Мікітавіч. – Добрых дарог практычна не было. Ды і ехаць зімой ў цемры небяспечна. А такія камандзіроўкі сталі частымі. А тут узяў шлюб. Мая жонка, На­дзея Мікалаеўна, настаўнік-гісторык, такіх ахвяр не разумела. Таму на сямейным савеце вырашылі з працай у райгазеце завязаць.
У гэты час Рыгору Каменчуку прапаноўваюць месца працы ў Гвозніцкай школе на поўную стаўку. Там зарплата была большай, чым у газеце. Малады чалавек дае згоду. Ён хутка ўліўся ў калектыў. Працуе старанна, самааддана. Рыгора Мікітавіча хутка заўважаюць і назначаюць сакратаром Гвозніцкага сельскага Савета. Праз некаторы час яму прапаноўваюць пасаду сакратара Хаціслаўскага сельскага Савета. Аднак Рыгор Камянчук адмаўляецца.
— Я стаў працаваць інструк­тарам аргані­зацый­нага аддзела Маларыцкага РК КПБ, — гаворыць мой субяседнік. — А пазней узначаліў раённы савет добраахвотнага таварыства “Ураджай” і стаў прапагандаваць, арганізоўваць і праводзіць розныя спартыўныя мерапрыемствы сярод калгасаў і арганізацый Маларытчыны. Фізічная культура і спорт тады былі на ўздыме. Пастаянна праводзіліся масавыя раённыя спартыўныя мерапрыемствы. Я атрымліваў задавальненне ад таго, што людзі ўмацоўваюць стан свайго здароўя. Мы нікога не прымушалі гэта рабіць.
За сваё жыццё Рыгор Мікітавіч паспрабаваў хлеба людзей многіх прафесій. Аднак самымі важнымі гадамі ў сваім жыцці лічыць тыя, якія былі аддадзены выхаванню падрастаючага пакалення. І ў школе, і ў вучылішчы дзецям паказваў асабісты прыклад, як неабходна рабіць у тых ці іншых сітуацыях. Вучыў таварыскасці, вет­лівасці, выхоўваў пачуццё ўзаемадапамогі ў розных жыццёвых сітуацыях. Для многіх вучняў настаўнік быў сапраўдным старэйшым сябрам, дарадчыкам.
— Мае вучні яшчэ і зараз пры сустрэчы выказваюць падзяку, — усміхаецца Рыгор Камянчук, — хоць столькі гадоў праляцела з таго моманту. Многае ўжо забылася, сцерлася з памяці. А вось вучні памятаюць усё: і сказанае калісьці шчырае слова, і зроблены жэст. У любых сітуацыях я быў на баку вучняў, падказваў ім, раіў, як зрабіць лепш, даваў парады. Ніколі не крытыкаваў дзяцей у прысутнасці іншых, не скардзіўся на іх бацькам. Сапраўдны настаўнік павінен заўжды знайсці падыход да вучня, зразумець яго. Пагрозы і шантаж – гэта не метады працы настаўніка.
— Рыгор Мікітавіч, а чаму кінулі вучобу ў ВНУ?
— Такі факт у маёй біяграфіі сапраўды ёсць, — згаджаецца субяседнік. – Выйшла так, што памыліўся з выбарам будучай прафесіі. Правучыўшыся 2 гады на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, забраў дакумен­ты. Трэба было столькі часу, каб зразумець, што руская філалогія мне не надта падыходзіць. Бліжэй – мяч, спартыўны снарад, трэніроўка з вучнямі, заняткі ў спартыўнай зале ці на стадыёне. Мне здалося, што з мяне лепшым будзе настаўнік фізічнай культуры. Спортам жыў, дыхаў, любіў займацца.
У Рыгора Каменчука пра­цоўны стаж складае больш за 40 гадоў. Добрасумленная праца на фізкультурнай ніве была адзначана амаль 20 узнагародамі рознага ўзроўню. Сярод іх – Ганаровая грамата ЦК ЛКСМБ, Ганаровая грамата Беларускага рэспубліканскага савета прафесіянальных саюзаў за ўдзел у развіцці фізічнай культуры і спорту, а таксама – памятны медаль “За развіццё спорту на вёсцы”. Акрамя таго, партрэт Рыгора Каменчука знаходзіцца ў галерэі “Лепшыя работнікі фізічнай культуры і спорту Маларытчыны”, якая размешчана ў адміністрацыйным будынку гарадскога стадыёна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Рыгор Камянчук, адзін з тых, хто ў развіццё фізічнай культуры і спорту раёна ўнёс значны ўклад.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


more information

https://granit-sunrise.com.ua

https://mitsubishi.niko.ua