З НАДЗЕЯЙ НА ДАПАМОГУ

На прыём да начальніка Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Валерыя Аляксандравіча Дарашкевіча загадзя запісалася 45 жыхароў вобласці. З пытаннямі, вырашаючы якія людзям давялося абіваць многія парогі, стукацца ў дзесяткі дзвярэй, сабраўшы цэлыя папкі адказаў і адпісак, звярнуліся не толькі маларытчане, але і жыхары Брэста і Кобрына. Звароты маларытчан склалі амаль палову ад усіх пытанняў, што былі зададзены ў час прыёму.
Валянціна Мікалаеўна з Маларыты скардзі­лася на тое, што земле­ўпарадкавальная служба не дазваляе закрыць ёй агульны з суседам праезд на ўчастак, што дапамагло б павялічыць тэрыторыю яе малога зямельнага ўчастка. Станоўчае вырашэнне просьбы Валянціны Мікалаеўны, як адзначыў начальнік раённай землеўпарадкавальнай службы Аляксандр Дзікляеў, выклікала б новыя скаргі, на гэты раз ужо ад яе суседзяў. А гэта не вырашэнне праблемы, таму жанчына і атрымала адмоўны адказ. Разабраўшыся ў пытанні, Валерый Аляксандравіч прапанаваў жанчыне альтэрнатыўны варыянт, які, між іншым, раней прапаноўвала ёй і землеўпарадкавальная служба. На гэты раз жанчына згадзілася.
Аляксандр, які жыве ў доме па вул. Алесіка ў Маларыце, узняў пытанне, якое хвалюе амаль усіх жыхароў гэтай вуліцы. Па ёй цяпер рухаецца ўвесь грузавы транспарт, што, вядома ж, не задавальняе людзей. Дапамагчы вырашыць праблему можа заканчэнне будаўніцтва аб’язной дарогі, якую пачалі будаваць шмат дзесяцігоддзяў назад. Вырашыць пытанне будаўніцтва 4-х кіламетраў дарогі на ўзроўні раёна немагчыма. Запыт аб будаўніцтве гэтага ўчастка дарогі Валерый Аляксандравіч паабяцаў узяць пад свой кантроль.
Лідзія Георгіеўна з вёскі Олтуш прыехала з надзеяй на тое, што прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўсё ж дапаможа скрануць з месца пытанне газіфікацыі службовых кватэр, якія належаць вытворчаму сельгасфіліялу “Савушкіна”. Як высветлілася, многае абсталяванне для газіфікацыі, хоць ёсць і пэўныя фінансавыя цяжкасці, ужо закуплена, а значыць і сама газіфікацыя павінна быць не за гарамі. Ва ўсякім выпадку, гэтае пытанне таксама будзе на кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта.
Прыватызацыя жылля, праблемы жыллёвага будаўніцтва, канфлікты забудоўшчыкаў з будаў­нічымі арганізацыямі, складаныя сітуацыі пры па­дзеле маёмасці – ва ўсіх перыпетыях узаемаадносін людзей з прадстаўнікамі ўлады, пры вырашэнні гэтых набалелых пытанняў, давялося разбірацца Валерыю Дарашкевічу. Дакументы па многіх пытаннях ён забраў з сабою для больш дакладнага вывучэння. Па кожным з іх той, хто скардзіўся, абавязкова атрымае адказ.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Валерый Дарашкевіч у час прыёму грамадзян.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


onlyyou.od.ua

www.surrogacycmc.com

Был найден мной важный веб сайт с информацией про ковка киев.