Агент пазітыву

Як вядома, самыя цяжкія прафесіі гэта тыя, што звязаны непасрэдна з людзьмі. І не дзіўна, таму што кожны чалавек — цэлы сусвет, індывідуальнасць, да якога патрэбна ўмець знайсці і індывідуальны падыход. А часам гэта, паверце, ой, як нялёгка. Прафесія страхавога работніка не выключэнне. Людзям, якія працуюць страхавымі агентамі, у нейкай ступені даводзіцца быць яшчэ і псіхолагамі. Таму надта часта чалавек не вытрымлівае і проста пакідае гэтую справу. Але ёсць і такія, хто няглядзячы на цяжкасці і выпрабаванні, аддаў гэтай справе не адзін дзясятак свайго жыцця. Так, і На­дзея Мікалаеўна Харык з вёскі Арэхава вось ужо 25 год з’яўляецца страхавым работнікам. А прыйшла яна ў гэтую прафесію выпадкова.
— Спачатку я працавала ў школе ў буфеце, пасля яшчэ і ў школьнай сталоўцы поварам, а ў 1986 годзе звольнілася, — расказвае Надзея Мікалаеўна. — Аднойчы сустрэла свайго старога знаёмага, які і прапанаваў мне пайсці папрацаваць у “Дзяржстрах”. Я падумала-падумала, ды і пагадзілася. З таго часу і працую.
Спачатку новаму супра­цоўніку даручылі абслугоў­ваць толькі Арэхаўскі сельскі Савет (а гэта шэсць вёсак), а пасля яшчэ дабавілі і Радзеж, Нава­лессе.
І ўсе гэтыя вёскі жанчына абыходзіла пешшу ці, як жартуе, аб’язджала на сваёй “машыне” – веласіпедзе. А адзін раз было такое. Пакуль абыйшла ўсіх у Радзежы, ужо амаль ноч захапіла. Вымушана была ісці дамоў пешшу: з Радзежа ў Арэхава. Так стамілася, што ўзнікла жаданне пакінуць сваю справу. Але добрага работніка кіраўніцтва аддзялення не адпусціла, прычым, пайшло ёй на ўступкі. Надзеі Мікалаеўне прапанавалі абслугоўваць больш блізкія да Арэхава вёскі: Ланская, Заазёрная, Яміца, Галёўка, інш. Так, і па сённяшні дзень Надзея Мікалаеўна абслугоўвае 10 вёсак раёна.
Што самае складанае ў прафесіі страхавога агента, цікаўлюся:
— Ды, на першы погляд, усе здаецца складаным, але з часам чалавек да ўсяго прывыкае. Так і я ўжо прывыкла. Прывыкла да таго, што некаторых людзей трэба лячыць суцяшальным словам. Прывыкла да таго, што не ўсе людзі аднолькава добра ставяцца да маёй прафесіі, і іх я таксама разумею – кожны беражэ сваю капейку. А ўвогуле прыемна, калі людзі дзякуюць. Я заўсёды тэлефаную і папярэджваю людзей, што ў іх, да прыкладу, заканчваецца страхоўка на машыну. Яны мне дзякуюць і гэта прыемна. Я ўжо ведаю, калі ў каго зарплата альбо пенсія, тады і прапаноўваю свае паслугі, а іншы раз і настрой лю­дзей улічваю.
Надзея Мікалаеўна не толькі добры страхавы работнік, аб чым сведчаць шматлікія граматы і дыпломы, але і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна спявае ў хоры ў мясцовай царкве, а таксама ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці ў сельскім Доме культуры. Надзея Мікалаеўна прызнаецца, што ўсё яе жыццё праходзіць на колах, таму што яна ўвесь час некуды едзе (10 вёсак – гэта не жарты), але рух, як вядома, гэта жыццё. Надзея Мікалаеўна распавяла, што ў сакавіку будзе афармляцца ўжо на заслужаны адпачынак, але, шчыра кажучы, я не ўяўляю гэтую жанчыну на пенсіі.
Прыходзячы ў чарговы раз у хату да кліентаў, На­дзея Мікалаеўна прыносіць з сабой не толькі страхавыя паперы, але і зарад бадзёрасці, аптымізму і энергіі, а ці не гэта дапамагае кожнаму з нас.
Анастасія Максімук.
На здымку: Надзея Мікалаеўна Харык.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://etalon.com.ua

https://velotime.com.ua

www.velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!