СЛУГА ЗАКОНА

Адна з Божых запаведзяў гаворыць: “Не судзіце, ды не судзімы будзеце”. Але ў грамадстве без такой прафесіі, як суддзя, напэўна, не абысціся. Таму яна, на мой погляд, адна з адказных і складаных прафесій. Часам самаму ў сабе бывае цяжка разабрацца, а суддзі патрэбна правільна, а самае галоўнае справядліва рассудзіць іншых. Пагадзіцеся, што гэта нялёгка, бо вырашаецца чалавечы лёс.
Калі ішла на сустрэчу з суддзёй Пятром Васільевічам Барычэўскім, прызнацца, уяўляла сабе нейкага грознага дзядзьку, але першыя хвіліны размовы з ім пераканалі, што я памылялася. Пётр Васільевіч шчыра расказваў пра сваю прафесію, хоць і вельмі спя­шаўся, бо чакалі людзі, чакала справа.
Пётр Васільевіч прызнаўся, што пра прафесію суддзі ніколі не думаў. Усё вырашыў выпадак. У 1982 годзе малады Пётр Барычэўскі заканчвае Вышэйшую школу міліцыі і накіроўваецца на работу ў Маларыцкі райаддзел унутраных спраў, дзе яму прапаноўваюць пасаду старшага следчага. На гэтай пасадзе Пётр Васільевіч прапрацаваў да 1991 года.
— Я і не думаў мяняць прафесію, але жыццё вырашыла за мяне, — дзяліўся Пётр Васільевіч. – Падвяло здароўе, сваю справу зрабіў Чарнобыль, таму я быў вымушаны падумаць аб іншым месцы работы. А ў той момант якраз у судзе раёна была вакансія. Я здаў кваліфікацыйны экзамен і з красавіка 1991 года працую суддзёй.
За гэты час Пётр Васільевіч Барычэўскі разгледзеў незлічоную колькасць спраў: адмініст­рацыйных, грамадзянскіх, крымінальных. Безумоўна, кожная справа – гэта заўсёды новая гісторыя, гэта нейкі выпадак з жыцця людзей, у абставіны якога патрэбна як мага лепш унікнуць, каб справядліва разабрацца.
— Кожны раз, разглядаючы новую справу, нават незалежна ад ступені цяжкасці, абавязкова думаеш, ці правільна ўсё зразумеў, ці справядлівае рашэнне вынесеш. Таму вельмі часта ў сваёй практыцы за парадай звяртаюся да больш вопытных калег, у гэтым мне дапамагае і суд прысяжных. А сітуацыі сустракаюцца вельмі складаныя. Бывае такое, калі чалавек ва ўсім прызнаецца, а вось прамых доказаў яго віны няма. Людзі несвядома бяруць на сябе іншы раз віну, але яе трэба абавязкова даказаць.
Пятру Васільевічу, як і ўсякаму чуламу чалавеку таксама ўласціва спачуванне. Таму, як прызнаўся ён сам, яму заўсёды шкада абвінавачваемых. Але шкада іх бывае не толькі суддзі, але і пацярпелым.
— Менталітэт у нас такі, — гаварыў Пётр Васільевіч, — што пацярпелыя вельмі часта просяць сурова не караць сваіх крыўдзіцеляў. Добра гэта ці дрэнна, нават і не ведаю.
Суддзя дзяліўся, што самымі складанымі ў маральным плане з’яўляюцца справы аб скасаванні шлюбу. Як-ніяк, а размова ідзе не толькі пра Яго ці Яе, а пра сям’ю, пра дзяцей, якія часта застаюцца найбольш пакрыўджанымі ў падобных сітуацыях. Суддзя кожны раз раіць сямейнай пары, якая хоча скасаваць шлюб, звярнуцца за парадай да псіхолага, Але, на жаль, муж і жонка чамусьці не надта ахвотна ідуць на такі варыянт.
Спрадвеку было так, што суддзі трэба было разабрацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. І як важна не дапусціць тут непапраўную памылку, каб не нанесці маральную шкоду чалавеку.
Анастасія МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: суддзя суда раёна Пётр БАРЫЧЭЎСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!