…І ПА-МАТЧЫНАМУ ЦЁПЛЫЯ РУКІ

Педагог… Гэта той чалавек, які ў першым класе ўзяў нас за руку і павёў па светламу шляху. Шляху дабрыні і ведаў, сяброўства і паразумення. Менавіта яму кожны з нас павінен сказаць такое, здавалася б, простае слова: “Дзякуй”.
А ці памятаем мы свайго першага настаўніка? Не, не таго, хто прывёў нас у першы клас, а таго, хто даў нам асновы натуральных ведаў? Ці памятаем мы выхавальніка дзіцячага садка, які можна назваць першай маленькай школай? Мабыць, не, хаця менавіта выхавальніку мы шмат чым абавязаны.
Ласкавая ўсмешка, прыветлівы позірк і, вядома ж, па-матчынаму цёплыя рукі – менавіта такой нам помніцца выхавальніца дзіцячага садка. А калі гэтыя якасці спалучаюцца з жаданнем працаваць, такому чалавеку няма цаны. Менавіта такі спецыяліст працуе ў дзіцячым садку ў в. Дарапеевічы. Каб паразмаўляць з Ларысай Мікалаеўнай Піліпук, вырашыў завітаць у дзіцячы садок. Падняўшыся на другі паверх, ужо ў калідоры пачуў музыку і адразу зразумеў: “Дзеткі спяваюць”. Адкрыўшы дзверы, убачыў малюнак, які вельмі крануў душу. Анатоль Ігнатавіч Дзямянка (музычны кіраўнік) іграў на баяне, а Ларыса Мікалаеўнай з групай дзетак спявалі.
Наша размова працягвалася не так доўга, але з яе я даведаўся, што Ларыса Мікалаеўна працуе ў садку з таго часу, як закончыла школу, з 1982 года. Прапрацаваўшы год, вырашыла вучыцца далей. У 1988 годзе яна закончыла Брэсцкі педагагічны інстытут. У сярэдзіне 90-ых дзіцячы садок закрылі, і Ларысе Мікалаеўне давялося працаваць у мясцовым магазіне, але нядоўга. У 1999 годзе дашкольная дзіцячая ўстанова зноў адчыніла свае дзверы хлопчыкам і дзяўчынкам. Ларыса Мікалаеўна з вялікай радасцю вярнулася ў садок.
Цяпер садок наведваюць 19 дзетак, узрост якіх ад 3 да 6 год. Мабыць, праз некаторы час іх колькасць павялічыцца, бо ўмовы жыцця ў вёсцы пастаянна паляпшаюцца, а гэта значыць, што тут больш ахвотна застаецца моладзь.
Калі я развітваўся, дзеці гучна сказалі: “Да пабачэння”, а гэта таксама пацвярджае, што ў іх вельмі добры настаўнік.
Дзяніс ТРАЦЮК, студэнт БрДУ імя Пушкіна, спецыяльнасць “Журналістыка”.
НА ЗДЫМКУ: выхавальніца Дарапеевіцкага дзіцячага садка Ларыса Мікалаеўна ПІЛІПУК разам з дзецьмі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

https://farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!