Для вучобы, працы і вольнага часу

Так атрымалася, што амаль у адзін дзень у сценах Маларыцкага прафесійнага ліцэя адбыліся важныя для ўстановы адукацыі падзеі.
-Да гэтага мы ішлі не адзін год, — гаворыць Станіслаў Ляшчук, дырэктар прафліцэя. – Аднак тое, што мы здолелі зрабіць, значна палепшыць падрыхтоўку спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, павысіць узровень іх тэарэтычных і практычных ведаў. Матэрыяльная база – адзін важны аспект, занятасць нашых ліцэістаў у вольны час – другі. Гэта ў нас пастаянна знаходзіцца ў полі зроку.
На тэрыторыі прафесійнага ліцэя калісьці была кацельня. Аднак абставіны склаліся так, што яе закрылі. Станіслаў Яўгенавіч вырашыў выкарыстаць па назначэнню будынак, які пуставаў. 2 гады таму, дзякуючы яго намаганням, тут пачалася рэканструкцыя. Сёння гэта выдатная майстэрня “Тэхналогія зварачных работ”. Між іншым, адна з лепшых у вобласці. Гэта падкрэслівалася падчас пасяджэння абласнога вучэбна-метадычнага савета дырэктароў прафтэхадукацыі (пры­сутнічала 40 чалавек), якое нядаўна прайшло на базе прафесійнага ліцэя. Майстэрня мае 2 сучасныя блокі: тэарэтычны і практычны. Першы ўяўляе сабою прасторны кабінет з нагляднасцю, другі – 12 цудоўна абсталяваных рабочых месцаў з усім неабходным наборам інструментаў і прыбораў. Тут усё да драбязы прадумана, улічаны новыя тэхналогіі. Ёсць таксама кабінет майстра вытворчага навучання, аўтаматычная выцяжка.
-Раней у нас узніка­лі цяжкасці пры правя­дзенні практычных заняткаў, — кажа Станіслаў Ляшчук. — Асабліва ў мінулыя гады, калі колькасць практычных заняткаў павялічылася ў 2 разы. Майстэрня была разлічана толькі на 6 рабочых месцаў. Нашы ліцэісты пасля заканчэння навучальнай установы атрымліваюць кваліфікацыю “Электразваршчык ручной зваркі ІІІ разраду”. Для якаснай падрыхтоўкі цяпер у нас ёсць усё, бо закуплена неабходнае абсталяванне ў дастатковай колькасці. Прыемная навіна і для будучых трактарыстаў. Для адпрацоўкі набытых ведаў, уменняў, навыкаў у нас з’явіўся другі трактарадром. Для зручнасці ён абсталяваны на тэрыторыі прафліцэя.
Дбаюць ва ўстанове адукацыі і пра занятасць ліцэістаў у вольны час. Для іх свае дзверы гасцінна расчыніла трэнажорная зала. Каб надаць ёй сучасны выгляд, спатрэбілася 3 гады.
-Сюды мы ўклалі многа пазабюджэтных грашовых сродкаў, заробленых сваімі рукамі, — расказвае Станіслаў Яўгенавіч. – Сёння тут 11 трэнажораў, большую палову з іх нам перадаў Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі. Усе жадаючыя могуць сюды прыйсці ў пазаўрочны час для трэніроўкі. Хлопцы любяць наведваць трэнажорную залу. Тым больш, што тут ёсць відэамагнітафон і тэлевізар. У час заняткаў пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера можна і музыку паслухаць, і фільм паглядзець.
Яшчэ адзін аб’ект, які будзе зусім хутка зда­дзены ў эксплуатацыю, — другая спартыўная зала. Старую спартыўную залу, якая размяшчалася ў асобным будынку, закрылі на рамонт 4 гады таму. З таго часу паступова і пачалі праводзіць рэканструкцыю. Сёння ўжо радуюць вока кабінет кіраўніка фізічнага выхавання, пакой для спартыўнага інвентару і снарадаў, 2 распранальні з душавымі. Сучасны выгляд набыла і сама спартыўная зала, якую па-майстэрску размаляваў Генадзь Масюк, майстар вытворчага навучання.
Ліцэісты не толькі вучацца і працуюць. Яны цікава ўмеюць праводзіць свой вольны час. Пацвярджэнне таму – традыцыйнае пасвячэнне ў ліцэісты тых, хто яшчэ зусім нядаўна ўпершыню пераступіў парог навучальнай установы. Яно ўрачыста было праведзена ў першы дзень снежня. Мерапрыемства атрымалася відовішчным і запамінальным не толькі для 120 першакурснікаў. У актавай зале сабралася многа людзей. Былі тут выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, ліцэісты. Новаспечаныя ліцэісты паабяцалі старанна вучыцца, спасцігаць азы ведаў, добрасумленна працаваць на карысць роднага краю і Радзімы. У час мерапрыемства быў праведзены рытуал “Ключ ведаў”. Адведаўшы вучнёўскай кашы, першакурснікі сталі сапраўднымі ліцэістамі. Ім яшчэ быў уручаны сімвалічны пуд солі, які неабходна з’есці кожнаму навучэнцу, каб стаць сапраўднымі спецыялістамі.
-Мы часта гаворым: “Прафесіянал”, — адзначыў Станіслаў Ляшчук. — Гэта быццам бы найвышэйшая адзнака чалавеку за яго добрасумленую і шчырую працу. На прафесіяналах трымаецца свет. Калі б не было іх, то чалавек, напэўна, жыў бы яшчэ ў каменным веку. Яны рухаюць прагрэс наперад. Такія людзі ёсць і сярод выпускнікоў, якія закончылі Маларыцкі прафесійны ліцэй у розныя гады. Гэта – наш гонар. Хіба ж нельга назваць сапраўднымі прафесіяналамі Аляксея Чырука (выпускнік 1988г., трактарыст-машыніст СВК “Чырвоны партызан”), Сяргея Паўловіча (2003г., вадзіцель СВФ “Савушкіна”), Уладзіміра Наўрасюка (1986г., трактарыст-машыніст СВК “Ляхаўцы”), Сяргея Самасюка (1990г., вадзіцель СП “Радзеж”), Аляксандра Ківачука (2002г., трактарыст-машыніст СВФ “Савушкіна”), Сцяпана Сцепанюка (1986г., трактарыст-машыніст СВК “Чырвоны партызан”), Віктара Берчука (1988г., трактарыст-машыніст СВФ “Савушкіна”), Пятра Хівука (1998г., вадзіцель СВК “Чырвоны партызан”)… Менавіта яны занялі прызавыя месцы ў раёне, а некаторыя і ў вобласці, у спаборніцтвах на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых. Некаторыя з іх прысутнічалі на свяце.
Былым выпускнікам-перадавікам вытворчасці быў уручаны каравай у знак удзячнасці за працу, як сімвал дабрабыту і пладавітасці, а таксама – сувеніры. Затым адбыўся святочны канцэрт, які падрыхтавала эстрадная студыя “Імпульс”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: так сёння па-сучаснаму выглядаюць ранейшыя аб’екты прафесійнага ліцэя; Алег Ківачук і Фёдар Саўчук – выпускнікі-перадавікі, якія сёння працуюць у СВК “Хаціслаўскі”.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

best-mining.com.ua

www.101binaryoptions.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!