БЫЎ РАЗВЕЯНЫ МІФ АБ НЕПЕРАМОЖНАСЦІ

Кастрычнік 1941 г., напэўна, самы цяжкі час Вялікай Айчыннай. Немцы падышлі да самой Масквы. Нямецкае наступленне па захопу Масквы пачалося 30 верасня 1941 года супраць войскаў Бранскага фронту і 2 кастрычніка супраць Заходняга і Рэзервовага франтоў. Вораг правёў самую інтэнсіўную падрыхтоўку для наступлення. Група армій “Цэнтр” была максімальна ўмацавана за кошт усіх наяўных у распараджэнні гітлераўцаў сіл і сродкаў. Усяго для ажыццяўлення аперацыі было сканцэнтравана 1,8 мільёна чалавек, больш за 14 тысяч гармат і мінамётаў, 1,7 тысячы танкаў, больш за 1 тысячу самалётаў. Савецкія войскі ў 1,5 – 2 разы ўступалі праціўніку ў асабовым саставе і ваеннай тэхніцы. Над сталіцай навісла смяротная пагроза. Разгарнуліся жорсткія баі на дальніх подступах да Масквы. 13 кастрычніка нашы войскі вымушаны былі здаць Калугу. У зводцы Савінфармбюро з’явіліся валакаламскае, мажайскае, малаяраславецкае і іншыя напрамкі, якія сведчылі аб тым, што раён баявых дзеянняў наблізіўся амаль непасрэдна да Масквы.
Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання рабіла ўсё магчымае для абароны маскоўскага напрамку. Каб палепшыць кіраўніцтва войскамі, быў расфарміраваны Рэзервовы фронт і ўсе яго арміі перадалі ў састаў Заходняга фронту, камандуючым якога быў назначаны генерал арміі Г. Жукаў.
Войскі па-геройску змагаліся за Маскву. Уліваліся новыя сілы. 20 кастрычніка ў Маскве быў уведзены стан аблогі. Сотні тысяч масквічоў узводзілі абарончыя збудаванні. Яны ў кароткія тэрміны пабудавалі ржэўска-вяземскі абарончы рубеж, стварылі мажайскую лінію і маскоўскую зону абароны. Гэтыя людзі выкапалі 670 кіламетраў супрацьтанкавых рвоў, 1650 акопаў для стралковых аддзяленняў, стварылі больш за 27 тысяч агнявых кропак і амаль 4 тысячы дзотаў і г.д. Толькі за лік жыхароў Масквы і Падмаскоўя было сфарміравана і ўзброена 12 дывізій народнага апалчэння і 87 знішчальных батальёнаў, якія адразу пайшлі на фронт. Амаль усе прадпрыемствы мясцовай прамысловасці перайшлі на вытворчасць абароннай прадукцыі, выпускаючы боепрыпасы, абмундзіраванне. Перад фашыстамі стаяў не безабаронны горад, а ўмацаваны раён.
Да 5 снежня абарончая бітва пад Масквой завяршылася. Апошняя спроба захапіць Маскву была прадпрынята немцамі ў пачатку снежня 1941 года, але і гэтае наступленне поспеху не прынесла. Стаўка фашысцкіх стратэгаў на дасягненне ў 1941 годзе канчатковых мэт плана “Барбароса” правалілася. Савецкія войскі цаной вялікіх страт адстаялі сваю сталіцу і стварылі прадпасылкі для пераходу ў контрнаступленне, якое працягвалася да 20 красавіка 1942 года. Група армій “Цэнтр”, нацэленая на Маскву, была адкінута на 150 – 400 кіламетраў на захад. Снег замятаў на палях Падмаскоўя шматлікія трупы захопнікаў, падбітыя і спаленыя нямецкія танкі.
Узор мужнасці і гераізму паказаў у раёне Сухініч атрад лыжнікаў 2-га мотастралковага палка асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння. Умацаваўшыся ў в. Хлуднева, варожая часць не толькі перашкаджала руху нашых войск, але і прадпрымала контратакі. Неабходна было знішчыць гэты вузел фашысцкай абароны. У гадзіну ночы 23 студзеня атрад на чале з капітанам Лазнюком уварваўся ў Хлуднева і закідаў дамы, дзе знаходзіліся немцы, гранатамі. Гітлераўцы ў адной бялізне выскоквалі з дамоў, што гарэлі, і разбягаліся ў розныя бакі. Лыжнікі расстрэльвалі іх з аўтаматаў. У перастрэлцы быў двойчы паранены камандзір атрада. Адзін з байцоў, таксама паранены, падпоўз да капітана Лазнюка, аказаў яму першую медыцынскую дапамогу, і на спіне вынес яго па рову з вёскі да сваіх.
Калі 30 студзеня нашы часці вызвалілі Хлуднева, жыхары вёскі расказалі пра далейшы лёс герояў. Месца камандзіра, які выбыў са строю, заняў камісар атрада лейтэнант М. Ягорцаў. Гітлераўцы пачалі акружаць некалькі лыжнікаў, адкрылі агонь з пушак і мінамётаў. Байцоў атрада заставалася ўсё менш і менш. Смерцю храбрых загінулі камісар Ягорцаў і многія байцы. Камандаванне прыняў на сябе паранены намеснік камісара Л. Папернік. Фашысты, спыніўшы агонь і сціскаючы кальцо, прапанавалі: “Рус, здавайся!” У адказ на фашыстаў паляцелі гранаты і аўтаматныя чэргі. Немцы кінуліся на Лазара Паперніка. Але той узарваў сябе апошняй гранатай, знішчыўшы пры гэтым гітлераўцаў, якія яго акружылі. Ён пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, а астатнія лыжнікі – ордэнаў Леніна.
“Пройдуць гады. Разбураная немцамі вёска залечыць свае раны, крывавыя сляды нямецкіх захопнікаў будуць сцёрты, а памяць пра гераічных лыжнікаў захаваецца назаўжды”. Гэтыя скупыя, але шматзначныя радкі прыведзены з газеты “Праўда” ад 14 лютага 1942 года, на старонках якой было расказана пра бессмяротны подзвіг 22 воінаў з асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння. Верныя абавязку, яны змагаліся і загінулі ў няроўным баі ля вёскі Хлуднева, што ў Калужскай вобласці. У тым баі смерцю храбрых загінуў і наш зямляк, жыхар в. Нікольская Олтушскага сельсавета супрацоўнік міліцыі Аляксей Навумавіч Алесік.
— У тую памятную раніцу 22 чэрвеня 1941 года, — успамінала маці героя, — Аляксею трэба было ехаць у Маларыту на дзяжурства. Але пачалася вайна. І ён, не задумваючыся, адразу ж вырашыў ісці дабравольцам на фронт. З арміі дамоў ужо не вярнуўся.
— Аляксей Алесік, — расказваў былы начальнік Маларыцкага РАУС Сяргей Лядзінскі, — адзін з першых работнікаў міліцыі ў Маларыце. Малады хлопец, які выгадаваўся ў беднай сялянскай сям’і, стаў сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
— Аляксей Навумавіч Алесік, — піша камандзір атрада К. Лазнюк, — у саставе 22 лыжнікаў у баі ля в. Хлуднева праявіў доблесць, адвагу і геройства. Загінуў смерцю храбрых.
Цяпер на вышыні каля в. Хлуднева стаіць манумент у гонар герояў-лыжнікаў, на шэрым граніце якога высечаны іх імёны. Імёнамі лыжнікаў названы 4 вуліцы ў той вёсцы, у Маларыце імем Алесіка названа адна з вуліц горада, устаноўлена мемарыяльная дошка на будынку раённага аддзела міліцыі. У 1974 годзе ў Маларыце пабывалі юныя следапыты Думініцкай СШ № 1 Калужскай вобласці, сустрэліся з роднымі Аляксея Алесіка, пабывалі ў музеі школы-інтэрната.
На палях баёў пад Масквой удзельнічалі і іншыя жыхары нашага раёна. Сярод іх Мікалай Рыгоравіч Масюк з в. Гусак Велікарыцкага сельсавета, радавы-сапёр, прымаў удзел у баявых дзеяннях пад Масквой, Ржэвам, быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За абарону Масквы”.
Маларытчанін Фёдар Ульянавіч Струнец, коннагвардзеец, прайшоў шлях ад Масквы да Берліна, гвардыі лейтэнант у саставе ІІ казачага кавалерыйскага корпуса, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За абарону Масквы”.
Антон Канстанцінавіч Астапук з в. Чарняны з першых дзён вайны быў у дзеючай арміі ў саставе Бранскага і іншых франтоў, радавы-тэлефаніст, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу” і інш.
Разгром немцаў пад Масквой меў гістарычнае значэнне. Першае вялікае паражэнне гітлераўцаў з’явілася моцным маральна-палітычным ударам для іх арміі. Менавіта тут быў развеяны міф аб непераможнасці германскай арміі і пахаваны гітлераўскі план “маланкавай вайны”.
Васіль МАРКАЎ, франтавік Вялікай Айчыннай вайны.
НА ЗДЫМКУ: адзін з маларыцкіх удзельнікаў бітвы пад Масквой Фёдар Ульянавіч СТРУНЕЦ.

Добавить комментарий


http://topobzor.info

https://yarema.ua

автополив rain bird
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!