Веды — фундамент для вопыту

Больш за 100 маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў раён па накіраванню навучальных устаноў, працуюць урачамі, аграномамі, педагогамі, будаўнікамі… Для кожнага з іх першыя гады працы – гэта першыя самастойныя крокі ў прафесіі, першыя поспехі і расчараванні і, самае галоўнае, — набыццё вопыту.
Як адапціравацца ў калектыве, як сумясціць у адно цэлае тэорыю, засвоеную з падручнікаў, і практыку, якая вельмі далёкая ад напісанага? Падказаць, безумоўна, тут могуць старэйшыя калегі, а яшчэ – абмен вопытам саміх маладых спецыялістаў. Такую магчымасць дае злёт, які ўжо не першы раз арганізоўвае ў раёне, пры дапамозе райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Моладзь — самая энергічная, ініцыятыўная, зацікаўленая частка грамадства. А таму невыпадкова сустрэча маладых спецыялістаў пачалася са знаёмства з тым, як рэалізуецца ў раёне, дзе жыве больш за 6500 маладых людзей, маладзёжная палітыка. Шмат цікавых падзей, якія адбываліся ў раёне, звязаны з дзейнасцю раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Расказваючы пра іх, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Сацюк заклікала маладых спецыялістаў не заставацца ў баку ад дзейнасці пярвічак “БРСМ” у тых арганізацыях, дзе яны працуюць, праяўляць энтузіязм, ініцыятыву, імкнуцца быць у лідарах, што дапаможа не толькі пашырыць кола знаёмстваў, але і зрабіць жыццё цікавым.
Знайсці сваё месца ў жыцці, зацвердзіцца ў калектыве, даказаць і сабе, і іншым, што ў сваёй прафесіі ты чалавек не выпадковы, – справа няпростая. Але трэба не баяцца выпрабоўваць сябе, выступаць з інавацыямі, якіх якраз і чакаюць ад моладзі, не баяцца звязаць сваё жыццё з новай мясцовасцю, куды закінуў лёс, — аб гэтым шчыра дзяліліся з удзельнікамі злёту намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
Маладыя спецыялісты, асаблівы дэфіцыт у якіх адчуваюць сельгаспрадпрыемствы, як адзначалася ў выступленнях, вельмі патрэбны раёну. Прыехаўшы па размеркаванні ў гаспадаркі, многія навічкі змаглі ацаніць тыя ўмовы, якія сёння створаны ў вёсках для маладых спецыялістаў. А гэта і прадастаўленне жылля з усімі выгодамі, і атрыманне даплат, а да ўсяго яшчэ і сучасныя ўмовы працы на новых жывёлагадоўчых комплексах. Застаецца толькі набыць пэўны вопыт, які абавязкова прыйдзе, калі ёсць галоўны фундамент – веды, а яшчэ не спяшацца пакідаць сваё першае месца працы. Прыжыліся ў калектывах, праявіўшы свае прафесійныя здольнасці, 18 маладых спецыялістаў, якія пасля заканчэння навучальных устаноў, адпрацаваўшы два гады, засталіся ў сваіх гаспадарках.
Праўда, аб тым, што плануюць назаўжды застацца там, куды прыехалі па размеркаванні, сённяшнія маладыя спецыялісты гаварыць пакуль не спяшаюцца. А вось пра тое, як сустрэлі іх на новым месцы работы, расказваюць ахвотна. Вольга Маршына і Таццяна Грышута прыехалі сёлета працаваць у вытворчы сельгасфіліял “Савушкіна”. Вольга – інжынерам па ахове працы, Таццяна – аграномам. Дзяўчатам адразу далі жыллё – новы катэдж з усімі выгодамі і нават прыродным газам. У рабоце, як адзначаюць яны, таксама з першых дзён адчулі падтрымку. Пакуль сваёй галоўнай задачай лічаць назапашванне вопыту, бо наперадзе, як упэўнены Вольга і Таццяна, шмат гадоў працы. А калі ёсць думкі пра будучыню, значыць не расчараваліся маладыя людзі ў абранай справе і ёсць надзея, што ў гаспадарку прыйшлі сапраўды добрыя спецыялісты.
Аб тым, якімі льготамі мо­жа скарыстацца кожны малады спецыяліст, распавялі ў час сустрэчы юрысты Юлія Хоміч і Рыгор Тамільчык. З умовамі льготнага крэдытавання, прадугледжанага для маладых спецыялістаў, пазнаёміла спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ААТ “АСБ Беларусбанк” Наталля Васільева.
Маладыя спецыялісты атрымалі таксама магчымасць пазнаёміцца і задаць свае пытанні кіраўніку раёна – старшыні райвыканкама Казіміру Лапічу. Ён пажадаў кожнаму з маладых людзей рэалізаваць сябе як асобу, не пасаваць перад цяжкасцямі, якія абавязкова сустрэнуцца на жыццёвым шляху, не баяцца прапаноўваць свае ідэі, адстойваць свае задумы.
Арганізатары злёту паклапаціліся аб тым, каб яго ўдзельнікі вярнуліся дамоў з багатым багажом уражанняў. Цікавай канцэрт­най праграмай парадаваў юнакоў і дзяўчат калектыў выкладчыкаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікі злёту пабывалі ў гасцініцы “Юбілейная”, спартыўным комплексе “Жамчужына”, пазнаёміліся з умовамі працы на новай малочнатаварнай ферме ў вёсцы Сушытніца, наведалі прадпрыемства “КварцМелПрам”.
Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


https://pills24.com.ua

также читайте

Купить Meizu M5 Note