“Ад Піліпаўкі да Каляд…”

Нататкі з абласнога фальклорна-этнаграфічнага канцэрта “Рух зямлі”, у якім прымалі ўдзел фальклорныя калектывы Дарапеевіцкага, Хаціслаўскага, Пажэжынскага, Велікарыцкага, Макранскага, Ляхавецкага Дамоў культуры нашага раёна.
2011 год для Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага Цэнтра будзе адметным як год вяртання да вытокаў нашай сівой даўніны, нашай спадчыны. На працягу года тут ладзіліся фальклорна-этнаграфічныя канцэрты на тэму “Рух зямлі”. Гэтыя выступленні прымяркоўваліся да кожнай пары года і адпаведна мелі свае назвы: напрыклад, пачынаецца год і мы святкуем нараджэнне Хрыстова, затым Каляды, Шчодрыкі, Купалле, Дажынкі, Піліпаўку і г.д. Вось у такіх фальклорных вандроўках і прымалі ўдзел фальклорныя гурты нашага раёна: дзіцячы клуб аматараў фальклору “Крынічка” Хаціслаўскага СДК (кіраўнік Галіна Хомік), фальклорны гурт Дарапеевіцкага СДК (кіраўнік Анатоль Дзямянка), фальклорны гурт Пажэжынскага СДК, куды ўвайшлі і работнікі Макранскага, Велікарыцкага, Ляхавецкага сельскіх устаноў культуры (кіраўнік Ларыса Голуб).
Нядаўна ў Брэсце праходзіў заключны фальклорна-этнаграфічны канцэрт. Перад ім у файе грамадска-культурнага Цэнтра была разгорнута фотавыстава, якую падрыхтавалі фальклорныя гурткі, што прымалі ўдзел у заключным канцэрце. Таму гледачы яшчэ да выступлення калектываў маглі пазнаёміцца, які абрад кожны гурт будзе прадстаўляць.
Артысты за кулісамі рыхтуюцца да выхаду, рэжысёр канцэрта Ларыса Быцко — вядучы метадыст грамадска-культурнага Цэнтра, дае апошнія настаўленні гукарэжысёру. У зале гасне святло, пачынаецца дзейства… Фальклорны гурт в. Дарапеевічы ладзіць “Піліпаўскія вячоркі”. Кіраўнік Анатоль Дзямянка паступова расказвае аб тым, што можна рабіць доўгімі піліпаўскімі вечарамі, гасцюе ў хаце майстра Міколы, знаёміць нас з рамёствамі, якімі займаецца майстар; ці ў ткачыхі Сцепаніды, у хаце якой заўсёды шматлюдна, шумна. “Піліпаўка” змяняецца “Калядкамі”, якія паказвае фальклорны гурт Драгічынскага раёна, “Шчадроўкамі”, якія прадстаўляў гурт з Камянеччыны, унікальным абрадам “Конікі”, які даўно ўжо існуе ў Столінскім раёне і г.д. Зала ўзрушваецца апладысментамі, калі на сцэну выходзяць удзельнікі клуба аматараў фальклору “Крынічка” з Хаціслава. Купальскі абрад “Іванавы ягады” набірае свае абароты. Гучаць так званыя “ягадныя песні”, якія кранаюць душу сваёй мілагучнасцю, арыгінальнасцю, чысцінёй выканання. А самыя маленькія ўдзельнікі, брат і сястра Ілля і Руфіна Люльковічы, нібы тыя кветачкі на лузе, упрыгожваюць абрад сваімі артыстызмам і гумарам, доказам чаго і з’яўляецца прыпеўка, якую выканала маленькая Руфіна. Дарэчы, ёй усяго толькі 5 гадкоў: “Нэ сватай мэнэ, Володя, погуляй на вулыці, бо пырына нэ готова і пыро на курыці.” Яшчэ больш заінтрыгаваная публіка не адпускае са сцэны маларыцкіх маленькіх артыстаў, якія ў сваю чаргу не спяшаюцца пакідаць залу, а ўсё раскланьваюцца.
Не менш яскрава паказаў сваё фальклорнае мастацтва і гурт з Пажэжына. Абрад “Дажынкі” – гэта своеасаблівае свята, якое адзначалася ўрачыста і праходзіла яно з мноствам мясцовых атрыбутаў. Пачынаецца песняй “Журавко”, якую сваім непаўторным голасам выконвае Таццяна Пачанчук. Слухаючы яе, уяўляецца цяжкая сялянская праца, калі не было тэхнікі і ўсю работу даводзілася рабіць уручную. Затым гучыць песня “Болыть спынойка, нэ гнэцця…”, запявае якую Ніна Дзірук з Макран.
Былі тут і апошнія нязжатыя каласы (“барада”), апошні сноп, які выкарыстоўваецца поруч з дажынкавым вянком. (На заканчэнні жніва жнеі на хлебнай ніве абавязкова пакідалі некалькі нязжатых каласоў, як доказ таго, што ўраджай наступнага года будзе багатым і шчодрым). Гэта суправаджалася песняй “Злытай, злытай, пэрэпілко, дывысь у нас жыта скілько…”. Цікава было паглядзець і зусім незнаёмы абрад “Ваджэнне Кусты”, які захаваўся толькі ў Лунінецкім раёне.
Гадавы абрадавы цыкл завяршаўся звычайна вяселлем, якое складалася з некалькіх этапаў: “Упрыгожанне каравая”, які паказалі драгічынцы, “Прыбіраннне маладой да шлюбу” у выкананні артыстаў з Пінска, “Адпраўленне маладой да вянца”, што быў паказаны фалькларыстамі з Рэспублікі Польшча.
Углядаючыся ў залу, дзе не змаў­каў шквал апла­дысментаў, можна было ўбачыць, як хтосьці змахнуў слязу, успамінаючы сваё далекае дзяцінства, сваіх бабуль, матуль…
Думаю, што само свята пакінула ў сэрцах гледачоў незабыўнае пачуццё гонару за радзіму, за тое, што ёсць людзі, якія зберагаюць і не даюць адысці ў нябыт нашай культурнай спадчыне, захоўваюць традыцыі, якія нясуць у сабе мудрасць, любоў да сваёй радзімы, да сваіх працавітых і міралюбівых людзей. А напрыканцы гэтага цікавага відовішча ўсім калектывам былі ўручаны лісты-падзякі, падарункі ад упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і спонсараў свята.
“Рух зямлі” завершаны, але яшчэ доўга ў файе грамадска-культурнага Цэнтра не сціхалі размовы і падзякі арганізатарам этнаграфічнага канцэрта, самім удзельнікам. Людзі не спяшаліся разыходзіцца, бо гэта цікавае падарожжа па Брэсцкай вобласці пакінула ў душы кожнага гледача незабыўны след і асалоду ад убачанага. Дык пажадаем усім носьбітам фальклорных традыцый добрага здароўя, радасці стваральнай працы і творчасці на ніве народнай спадчыны.
Лідзія Ківачук, метадыст раённага метадычнага Цэнтра аддзела культуры.

Добавить комментарий


http://steroid-pharm.com

https://kompozit.ua

agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!