Алімпіядныя зорачкі

Падведзены вынікі раённага этапу прадметных алімпіяд сярод устаноў адукацыі Маларытчыны. Вызначаны пераможцы, а таксама ўладальнікі дыпломаў ІІ, ІІІ ступеняў, а таксама тыя, хто бу­дзе ўзнагароджаны пахвальнымі водзывамі.
— Сёлета школьныя спаборніцтвы інтэлектуалаў у раёне праходзілі па 15 прадметах, — гаворыць Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА. – Алімпіяды ўпершыню праводзіліся згодна з новай рэдакцыяй “Інструкцыі аб парадку правя­дзення рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах”. Калі вучань набірае найбольш балаў сярод усіх удзельнікаў спаборніцтва, але менш, чым 50% ад максімальна ўстаноўленай колькасці, то тады ўзнагароджваецца пахвальным водзывам.
У раённым этапе рэспубліканскіх алімпіяд прынялі ўдзел вучні ўсіх устаноў адукацыі. Аднак дыпломы І-ІІІ ступеняў з’явіліся ў скарбонцы 12 школ і гімназіі. Вучні яшчэ 6 школ узнагароджаны пахвальнымі водзывамі. Бясспрэчным лідарам зноў стала раённая гімназія. На яе рахунку – 12 дыпломаў І ступені, 6 – другой, 2 – трэцяй і 14 па­хвальных водзываў. На другую прыступку пашаны ўзнялася СШ №2, дзе адпаведна 7, 3 і 1 дыплом і 9 пахвальных водзываў. Трэцяе месца заваявалі вучні Ланской СШ (4 дыпломы І ступені і 5 пахвальных водзываў).
Як і ў мінулыя гады, алімпіяды праводзіліся ў розныя дні. А гэта дало магчымасць аднаму і таму ж вучню, пры жаданні, праверыць набытыя веды не па адным прадмеце. Многія гэтым правам скарысталіся і здолелі заняць па некалькі прызавых месцаў. Гэта, напрыклад, Кацярына Дзібук, вучаніца 9 класа Пажэжынскай СШ (дыплом ІІ ступені па рускай мове і літаратуры, ІІІ — па англійскай мове і фізіцы), Пётр Манько, вучань 10 класа раённай гімназіі (дыплом І ступені па матэматыцы, ІІ — па беларускай і рускай мовах і літаратуры), Мікіта Сацюк, вучань 10 класа раённай гімназіі (дыплом І ступені па геаграфіі і грамадазнаўству), Марына Бяльчук, вучаніца 10 класа Хаціслаўскай СШ (дыплом І ступені па нямецкай мове і рускай мове і літаратуры)… А Антон Дацык, вучань 9 “А” класа раённай гімназіі, устанавіў своеасаблівы рэкорд і стаў лепшым адразу па 3 прадметах школьнага курсу. Грунтоўныя веды хлопец паказаў па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы. Між іншым, у мінулым навучальным годзе Антон першыя месцы заняў па матэматыцы і інфарматыцы. Ён таксама абараняў гонар раёна на абласной алімпіядзе па матэматыцы, адкуль вярнуўся з дыпломам ІІ ступені.
— З будучай прафесіяй я пакуль яшчэ не вызначыўся, — прызнаецца Антон. – Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што набываць вышэйшую адукацыю буду ў адным з тэхнічных ВНУ. Тры першыя месцы даліся нялёгка. Настаўнікі прапаноўвалі прыняць удзел і ў іншых алімпіядах, але я не ўпэўнены быў, што і там пакажу добрыя веды. Таму і не стаў рызыкаваць. Мне падабаюцца многія прадметы школьнага курсу, аднак перавагу аддаю фізіка-матэматычным дысцыплінам.
Па выніках раённых алімпіяд будзе ўзнагароджана 111 чалавек, з іх – 33 дыпломамі І ступені. Менавіта гэтыя вучні і будуць абараняць гонар Маларытчыны на аналагічных абласных інтэлектуальных спаборніцтвах, якія пачнуцца ў студзені-лютым.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Антон Дацык, вучань 9 класа раённай гімназіі, трохразовы пераможца раённага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.
Фота аўтара.

Алімпіядныя зорачкі: 1 комментарий

  • 13.03.2012 в 12:11 пп
    Permalink

    Зорка, якая не хоча ёй быць

Добавить комментарий


доставка питьевой воды киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!