“Задаволены баявым настроем калектыву”

Аддзяленне па грамадзянству і міграцыі райаддзела ўнутраных спраў узначаліў новы кіраўнік – Андрэй Анатольевіч Ніканчук.

Анкета “ГЧ”
Прафесійны багаж: Андрэй Анатольевіч нарадзіўся ў в. Чарняны Маларыцкага раёна. У 1994 годзе закончыў Чарнянскую сярэднюю школу, а ў 1998 г. – Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, атрымаў кваліфікацыю “юрыст”. З 1998 г. па 2007 г. працаваў оперупаўнаважаным, старшым оперупаўнава­жаным, начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі. З сакавіка 2007 г. да назначэння на новую пасаду працаваў інспектарам аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС.
Галоўныя якасці любога кіраўніка: уменне ставіць дакладныя задачы перад падначаленымі і дабівацца абавязковага іх выканання. Пры гэтым неабходна быць мэтанакіраваным, камунікабельным, трымаць сваё слова і ўмець выслухаць іншых. Новаму кіраўніку ў першую чаргу трэба захаваць усе тыя добрыя традыцыі і пачынанні, якія былі закладзены яго папярэднікамі. А яшчэ — пастаянна самаўдасканальвацца, шукаць і ўкараняць новыя формы і метады работы калектыву.
Думкі пасля першых двух тыдняў работы: у першую чаргу хацелася б, каб наша дзейнасць стала больш адкрытай для грамадзян. Бо большасць з іх да гэтага часу лічаць, што наша падраздзяленне толькі выдае пашпарты і афармляе рэгістрацыю (раней прапіску) грамадзян. Але хацелася б напомніць, што мы выконваем звыш 20 адміністрацыйных працэдур, а ўсяго сёлета супрацоўнікамі падраздзялення было разгледжана звыш 3 тысяч зваротаў грамадзян па выконваемых намі адміністрацыйных працэдурах. Улічваючы гэта, магу сказаць, што пасада вельмі адказная.
Нягледзячы на тое, што калектыў некалькі аднавіўся і новых супрацоўнікаў доўгі час трэба будзе навучаць дзеючаму заканадаўству і метадам нашай работы, магу сказаць, што пакуль задаволены баявым настроем калектыву, яго працаздольнасцю і жаданнем удасканальвацца. Тым не менш, лічу, што кожны павінен быць на сваім месцы і выконваць дзеючыя службовыя абавязкі. Буду імкнуцца, каб мы ў першую чаргу абаранялі інтарэсы людзей і ўсяляк стараліся ім дапамагачы. Улічваючы тое, што асноўным крытэрыем ацэнкі дзейнасці нашага аддзялення і міліцыі ў цэлым з’яўляецца давер насельніцтва, мяне ў поўнай меры будзе задавальняць наша работа толькі ў тых выпадках, калі людзі будуць цалкам задаволены, а гэта значыць, што яны, калі прыйдуць да нас, атрымаюць неабходную кансультацыю ці вырашаць нейкія свае праблемы з дакументамі.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх супрацоўнікаў аддзялення па грамадзянству і міграцыі (раней – пашпартна-візавая служба), а таксама паважаных ветэранаў нашага падраздзялення, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з гадавінай службы па грамадзянству і міграцыі, якая адзначалася 17 снежня г.г. Моцнага здароўя вам і вашым сем’ям, добрага настрою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Р.S. Андрэю Ніканчуку 34 гады, ён жанаты, мае 2 дачкі і сына. Службовае званне – капітан.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзялення па грама­дзянству і міграцыі райаддзела міліцыі Андрэй НІКАНЧУК.
Фота Вольгі КАСЦЮЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий