Прафарыентацыя — добры памочнік для будучых працаўнікоў

На мінулым тыдні ў Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці прайшоў “круглы стол” па тэме “Арганізацыя прафарыентаванай работы ва ўстановах адукацыі па забеспячэнні кадрамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Маларыцкага раёна”. Мэтамі мерапрыемства былі : выпрацоўка адзіных напрамкаў прафарыентаванай работы агульнаадукацыйных устаноў адукацыі, прафесійнага ліцэя і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Маларыцкага раёна; абмеркаванне сумеснага плана Міністэрства адукацыі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па забеспячэнні рабочымі кадрамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Удзельнікамі “круглага стала” былі старшыні СВК, дырэктары школ раёна, кіраўніцтва ліцэя. Спачатку госці пазнаёміліся з выставай тэхнічнага, дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства і метадычнага забеспячэння прафесій. Затым дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук правёў экскурсію па тэрыторыі ліцэя. Удзельнікі мелі магчымасць пабачыць матэрыяльна-тэхнічную базу, спартзалу, аўтадром, трактарадром, кабінеты для заняткаў, тэхнічныя лабараторыі і шмат іншага цікавага. А таксама наведалі заняткі па тэхналогіі зварачных работ, ваджэнню трактара. Пасля чаго адбылося пасяджэнне “круглага стала”. Адкрыў яго начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч:
-Мы паглядзелі сённяшнія ўмовы навучання ў нашым раённым прафесійным ліцэі. Безумоўна, навучанне выйшла на новы ўзровень, але нельга забываць, што праблемы ўсё ж ёсць. І галоўная з іх гэта забеспячэнне сельскагаспадарчых арганізацый спецыялістамі, якія б добра ведалі спецыфіку працы і самае важнае — мелі жаданне працаваць на зямлі. Ёсць праблемы і па тэхнічнаму абнаўленню. Сёння студэнты павінны навучацца на сучаснай новай тэхніцы, каб заўтра без цяжкасцей на ёй працаваць. Маларыцкі раён мае 42 тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, і ні для каго не сакрэт, што гэта не надта добрыя землі, але мы ўсё ж дасягаем поспехаў, дзякуючы лю­дзям, якія шчыра працуюць. Таму мы павінны і моладзь зацікавіць працаваць на зямлі. Навуковая тэорыя гэта, вядома ж, добра, але з адной тэорыяй малады спецыяліст многага не дасягне, таму абавязкова павінна быць і практыка, а яе вельмі мала. Я разумею, што ўсё гэта нялёгка, але ж працаваць на зямлі лёгка ніколі не было.
Вячаслаў Федзюковіч звярнуўся з просьбай непасрэдна да старшынь СВК, каб яны прымалі маладых спецыялістаў як сваіх дзяцей, дапамагалі ім, і напомніў, што не ўсе адразу становяцца адукаванымі ў сваёй справе. Вячаслаў Іларыёнавіч не палічыў лішнім сказаць і пра тое, што раён трэці год запар займае першыя месцы ў вобласці па нарыхтоўцы кармоў, што з’яўляецца добрым паказчыкам.
Затым слова ўзяў Аляксандр Жук , першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі:
— Галоўная задача, якая стаіць перад намі, – дапамагчы выпускніку зрабіць правільны выбар, каб ён правільна знайшоў сваю сцяжынку ў жыцці. І патрэбна нешта прадпрымаць, каб моладзь ішла ў сельскую гаспадарку. Яшчэ ў школе патрэбна бачыць такіх вучняў, якія хочуць звязаць сваё жыццё з працай на сяле, і дапамагаць ім і іх сем’ям. Мажліва, гэта будзе матэрыяльная дапамога (3-4 базавыя велічыні).
Затым выступіў дырэктар прафесійнага ліцэя Станіслаў Ляшчук. Ён акрэсліў перспектывы развіцця ліцэя, сумеснага супрацоўніцтва са школамі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна ў прафарыентацыйнай рабоце і рабоце па падрыхтоўцы кадраў:
— Наш ліцэй мае багатую і цікавую гісторыю. У наступным годзе мы адсвяткуем 60-годдзе. За гэты час ліцэй падрыхтаваў 24 тысячы спецыялістаў. Сёння ў нас навучаецца 401 навучэнец. За апошнія два гады мы абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу. Таксама ліцэй займаецца і пазабюджэтнай дзейнасцю: рыхтуем вадзіцеляў катэгорыі”В”, перападрыхтоўваем вадзіцеляў катэгорыі “Е”. Патрэбна адзначыць, што сёлета ў нас бу­дзе вялікі выпуск, а вось праз год значна меншы, што сведчыць пра праблему забеспячэння кадрамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-прафілактычнай рабоце Алена Талашка расказала аб рэалізацыі сумеснага плана Міністэрства адукацыі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па забеспячэнні рабочымі кадрамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у святле патрабаванняў Кодэкса “Аб адукацыі”. Таксама ўзяў слова і старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк. Ён адзначыў: “Шкада, што моладзь, якая прыходзіць працаваць, не надта жадае затрымлівацца. Вельмі часта маладыя людзі, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, знахо­дзяць іншае месца працы, альбо ўвогуле адразу адмаўляюцца, выплачваюць назад грошы, а многіх забіраюць у армію.
Затым выступіла начальнік раённага аддзела адукацыі Таццяна Лаўрэенка, якая расказала аб інфармацыйна-выхаваўчай рабоце школ раёна па павышэнню прэстыжу сельгаспрафесій:
— Прафарыентацыя – гэта непарыўны працэс, які патрэбна ў школах весці пастаянна. Вельмі добра, што сёння ў гаспадарках распаўсюджаны Дошкі гонару, дзе дзіця можа пабачыць партрэты сваіх бацькоў і сказаць: “Гэта мая мама, і яна працуе аператарам машыннага даення”. Безумоўна, праблема існуе, што дзеці не жадаюць ісці працаваць у сельскую гаспадарку, таму ў школах патрэбна часцей праводзіць сустрэчы са старшынямі СВК.
Падводзячы вынікі, Вячаслаў Федзюковіч адзначыў, што ліцэй павінен мець свой напрамак (для каго мы працуем і для чаго), прапанаваў рыхтаваць у ліцэі спецыялістаў і яшчэ па адной спецыяльнасці – аператар машыннага даення (такую просьбу выказаў старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк).
Пасля госці змаглі паглядзець выступленне агітбрыгады “Кірмаш прафесій”.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час “круглага стала”.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://engi.kiev.ua

www.pills24.com.ua

на сайте all-diplomer.com