Усе мы крыху чараўнікі!

Да Новага года засталося зусім мала, таму кожны стараецца ўпрыгожыць свой дом, працоўнае месца, каб быў навагодні настрой. Але, зразумела, што асабліва Новы год заўсёды чакаюць дзеці, якія яшчэ за месяц да свята пачынаюць упрыгожваць у школе свае класы. Так, 14 снежня настаўніца пачатковых класаў гарадской СШ №1 Ала Іванаўна Пятрова правяла майстар-клас для сваіх калег са школ раёна па тэме стварэння навагодніх цацак. Майстар-клас называўся “Зімовая казка”, і распачала яна яго з выступу сваёй вучаніцы, якая расказала верш. Затым Ала Іванаўна адзначыла: “Галоўная мэта гэтага занятку, каб у вас, паважаныя калегі, быў добры настрой. Каб вы нечаму новаму навучыліся і затым навучылі сваіх дзетак. Я буду вельмі рада, калі хоць бы адзін кабінет малодшых класаў школ раёна будзе ўпрыгожаны так, як мой, калі там будзе тое, чаму я вас сёння навучу.
Пасля чаго адбылася прэзентацыя, на якой было відаць, што робіць Ала Іванаўна са сваімі вучнямі. А таксама вельмі добра расказана пра дэкупаж (від прыкладнога майстэрства, які заснаваны на роспісу розных рэчаў побыту). Настаўніца прадэманстравала розныя малюнкі, падзелкі, якія робіць разам з дзеткамі. Было відаць, што ўсім астатнім настаўнікам гэта сапраўды цікава. Асабліва ўразіла ёлачка, якая была зроблена ў выглядзе дзіцячых далоняў на шпалерах. Паказваючы рэчы, Ала Іванаўна адразу тлумачыла, як іх рабіць (і ўсе канспектавалі, каб потым паказаць сваім вучням). Цікавымі былі вазы з пластмасавых бутэлек, размаляваныя электрычныя лямпы, надзіманыя шарыкі ў выглядзе Дзеда Мароза і Снягуркі, ялінкі з паперы і макарон і шмат іншага. Пад канец урока Ала Іванаўна прапанавала калегам зрабіць цікавыя святочныя паштоўкі сваімі рукамі. Усе ахвотна пагадзіліся і прыняліся за справу. Шчыра скажу, было вельмі прыемна назіраць, як дарослыя людзі стараліся і вельмі добрасумленна выконвалі гэтае заданне. А пакуль рыхтаваліся паштоўкі, Ала Іванаўна зачытала цудоўны верш Леаніда Уцёсава, які прымушае задумацца і паразважаць. Ва ўсіх атрымаліся цудоўныя навагоднія паштоўкі. Але адведзены час праляцеў хутка, і патрэбна было заканчваць. Ала Іванаўна падзякавала ўсім, хто прыйшоў, была шчыра рада, што гэта хоць некаму, але патрэбна, і паабяцала сустрэцца яшчэ. А вось гэтыя яе словы мяне больш за ўсё кранулі:
-Хоць мы з кожным годам і становімся старэйшымі, але не верыць у казку нельга, бо ўсе мы самі крыху чараўнікі. Мы можам падарыць дзеткам радасць і шчасце, а самая вялікая ўзнагарода для нас – іх ззяючыя вочкі.
На самой справе, паважаныя дарослыя, задумайцеся, мажліва, і вам казка і чараўніцтва патрэбна не менш, чым дзеткам. А калі так, дык давайце паспрабуем стаць сапраўднымі чараўнікамі. Гэта зусім нескладана, патрэбна толькі хоць крышачку верыць у цуд!
Анастасія Максімук.
На здымку: вырабы вучняў Алы Іванаўны.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


855.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

ультразвуковая чистка лица одесса

узнать больше
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!