Пажэжыну — 445 гадоў

Аб юбілеі ішла размова ў час інфар­мацыйных экскурсій у гісторыка-краязнаўчым музеі Пажэжынскай СШ. У гэтым годзе в. Пажэжын, як і яшчэ шэраг вёсак нашага раёна, адзначылі свае юбілеі.
Таму хацелася б расказаць пра гісторыю ўзнікнення вёскі. Вядома, што першыя паселішчы існавалі тут яшчэ ў бронзавым стагоддзі, пра што сведчаць каменныя сякеры. Ёсць звесткі, што сама вёска існавала ўжо ў пачатку ХVІ стагоддзя, але пісьмовых звестак пра гэта не захавалася. У 1546 г. працуе памежная камісія па пытаннях спрэчных тэрыторый паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай. Справа ў тым, што валынскія і некаторыя іншыя землі, якія раней належалі Вялікаму Княству Літоўскаму, былі аддадзены Жыгімонтам ІІ Аўгустам Польскай Кароне. Сярод спрэчных тэрыторый мы ўпершыню сустракаем вёскі Арэхава, Ляхаўцы, Макраны, Олтуш, Радзеж, Хаціслаў, а таксама ўрочышча “Перавесся”. Ёсць ускосныя звесткі існавання населенага пункта Пажэжын. У некаторых царкоўных крыніцах гэтага часу сустракаецца выраз “поп пожежинский». Ёсць меркаванне, што тут магла існаваць царква, хоць першыя звесткі пра яе адносяцца да 1637 г. Але дакладна невядома, ці адносіцца гэта да Пажэжына, бо размова магла ісці пра святара староства, які перажыў пажар. Так ці інакш, але вызначальным для гісторыі вёскі стаў 1566 год. У гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім адбываецца некалькі важных змяненняў. Па-першае, у 1557 г. адбываецца аграрная рэформа, вядомая, як “Устава на валокі”, якая патрабавала рэвізіі (вопісу) маёмасці сялян (дзяржаўных і памешчыцкіх зямель). Менавіта ў акце рэвізіі ад 1566 г. сустракаем упамінанне в. Масевічы, Рыта Вялікая, «Ромятова», Ляхаўцы, Рыта Малая. Слушна, што Каралеўскае сяло Рыта Малая магло быць паляўнічым домікам Жыгімонта ІІ, бо наша Маларытчына ў гэтыя часы ўяўляла сабой лясіста-балоцісты масіў, дзе было раздолле для розных жывёлін. Таксама вядома, што паселішча Масевічы заўсёды суседнічала з Пажэжынам. Цяпер гэта адна суцэльная вёска, захаваліся асобныя назвы. Па-другое, у 1565 – 1566 г.г. у Вялікім Княстве Літоўскім праходзіць адміністратыўна-судовая рэформа, па якой часткі Берасцейскага, Камянецкага і Кобрынскага паветаў увайшлі ў склад Берасцейскага павета Берасцейскай воласці. Пералічваюцца мясцовыя вёскі ў 1566 г., сярод якіх сустракаем і Пажэжын. Такім чынам, менавіта 1566 г. стаў для Пажэжына афіцыйным годам першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах.
Наконт паходжання назвы Пажэжын (мясцовае “Пужэжын”) існуе дзве версіі. Па першай версіі ў ХVІ стагоддзі на тутэйшай зямлі былі лясы і балоты. Хадзіць па забалочанай зямлі па-мясцоваму азначала хадзіць па “жыжцы”, “жыжнаму”, “жэжнаму”, адсюль – “Пажэжын”. Другая версія грунтуецца на паданнях пра мясцовыя падзеі, якія так ці інакш звязаны з пажарам у вёсцы: ці то самую вёску, якая была заснавана выхадцамі з Валыншчыны, падпальвалі незадаволеныя мясцовыя жыхары, ці то сяляне падпальвалі сваіх паноў, якіх тут хапала. Папялішча тады назвалі «пажэжай». І ад гэтага нібыта і пайшла назва Пажэжын, якая захавалася і да цяперашняга часу. Вядома, балатоў і пажароў у сярэднявеччы было шмат на Беларусі, але Пажэжын з’явіўся толькі ў нас (цікава, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў Велікарыцкай воласці існавалі 4 населеныя пункты з назвай Пажэжын: сяло (1029 жыхароў), вёска (230 жыхароў), паўстанак Паўднёва-заходняй чыгункі (8 жыхароў) і фальварак (6 жыхароў)). Магчыма, ёсць яшчэ іншыя тлумачэнні ў мясцовай тапаніміцы.
Скупыя звесткі дайшлі да нас пра далёкае мінулае вёскі. Вядома, што ў 1637 г. тут будуецца першая вядомая царква ў гонар архангела Міхаіла (уніяцкая), якая была спалена падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1769 – 1772 г.г. рускі палкаводец А. Сувораў загадаў збудаваць тут 3 калодзежы, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён. У 1845 г. у Пажэжыне, Олтушы і Радзежы адкрываюцца першыя сельскія прыходскія вучылішчы. Але шмат культурна-гістарычных і прыродных помнікаў знаходзіцца на пажэжынскай зямлі. Гэта сімвалы вёскі – цар-дуб, дуб-патрыярх, дубрава Раматоўская, пажэжынскія ельнікі, помнік на магіле ахвяр фашызму (ў тым ліку сям’і Кіжаватава) і г.д. Запрашаем наведаць наш музей, які быў заснаваны 9 мая 1981 г., каб пазнаёміцца з гісторыяй нашай вёскі і раёна.
Генадзь ХОДАР, настаўнік гісторыі Пажэжынскай СШ.
НА ЗДЫМКУ: заснавальнік школьнага музея Васіль Афанасьевіч МАСЮК разам з экскурсаводамі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.maxformer.com

источник fiat.niko.ua

источник 3kovra.com.ua