КРЭДЫТАВАННЕ БУДЗЕ АДНОЎЛЕНА…

Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.

Валянціна Васільеўна Агуціна, г. Маларыта:
— Калі будавалі новы дом для пагранічнікаў ля былога ваеннага гарадка, дзе мы жывём, камунальнікі спілілі шмат дрэў, а ніводнае не пасадзілі…
— Валянціна Васільеўна, яны пасадзілі не адно дрэва, толькі ў іншых месцах горада. Па-мойму, у вашым мікрараёне дастаткова зялёных насаджэнняў, ну, а калі жыхары вашых дамоў лічаць, што іх мала, мабыць, варта правесці суботнік па пасадцы дрэўцаў яшчэ.
— І другое пытанне. Мы з мужам пенсіянеры, маем дачны ўчастак у садаводчым таварыстве “Медык”, апрацоўваем яго. Хацелі б прыватызаваць, падрыхтавалі яшчэ ў 2005 годзе ўсе дакументы, Але яны так і аселі недзе ў райвыканкаме.
— Хто старшыня вашага таварыства?
— Няма нікога.
— Тут трэба разабрацца. Хутчэй за ўсё, таварыства не прайшло перарэгістрацыю, таму пакуль дзейнічаць у прававым полі немагчыма. Ваша пытанне будзе вывучана дадаткова.
Кацярына Сцяпанаўна Вакульская, г. Маларыта:
— Як хутка пачнуць крэдытаваць маладых забудоўшчыкаў?
— Вы такімі з’яўляецеся?
— Не. Сын з нявесткай будуюць дом, але працягваць будоўлю далей не могуць – не даюць крэдыт.
— Паважаная Кацярына Сцяпанаўна, тыя грамадзяне, якія заключылі ўжо крэдытныя дагаворы з банкам, будуць крэдытавацца і ў наступным годзе. Таму я ўпэўнены, што дзеці вашы дом дабудуюць.
— Яшчэ пытанне. Я працую на кансервавагародніна­сушыльным камбінаце, даводзіцца позна вечарам вяртацца са змены, і на вуліцы Заводскай хоць вока выкалі…
— Так, сапраўды, у начны час мы адключаем у гора­дзе асвятленне па прычыне катастрафічнага недахопу фінансавых сродкаў.
Алена Максімаўна Саўчук, жыхарка в. Збураж:
— Мая маці жыве ў в. Галёўка. Ёй 90 гадоў, яна хворая. Я хачу забраць яе да сябе, але ў кватэры, дзе я прапісана (вул. Першамайская, 16), жыць немагчыма з-за непрыгоднасці яе да жылля. Па другой вуліцы ёсць свабодныя кватэры ў двухпавярховым доме, куды я магла б перабрацца разам з маці. Але гэтае пытанне я вырашыць сама не магу.
— Паважаная Алена Максімаўна, у нюансах вашай сітуацыі мне адразу складана разабрацца. Напішыце нам пісьмова і больш падрабязна абазначце сваю праблему. Я думаю, што яна патрабуе вывучэння. Мы пастараемся вам дапамагчы па магчымасці.
Лідзія Міхайлаўна Яльніцкая, в. Арэхава, маці чацвярых дзяцей:
— Казімір Віктаравіч, нам, як шматдзетнай сям’і, з падтрымкай дзяржавы ПМК-20 будуе дом. Ёсць ужо “каробка”, пакладзены пліты перакрыццяў, а даху няма. Мы хвалюемся – на двары зіма ўжо.
— У наступным годзе, Лідзія Міхайлаўна, для шматдзетных сем’яў крэдытаванне будзе ўзноўлена. Не хвалюйцеся, такія сітуацыі склаліся не толькі ў адносінах да вашай сям’і. На ўзроўні ўрада нашай краіны вызначаны ўжо аб’ёмы будаўніцтва. І ў наступным годзе дом вам дабудуюць.
— Дзякуй.
Іван Іванавіч Марук, г. Маларыта, вул. 8 Сакавіка, 26:
— У студзені 2011 г. жыхары нашай вуліцы напісалі пісьмо ў райвыканкам з просьбай пачысціць канал. Яно было адрасавана камунальнай службе. Камунальнікі, праўда, пачысцілі, прыбраўшы расліннасць. А вось ніякіх земляных работ не правялі, не зрабілі паглыблення – вада не скідваецца. Каналу гэтаму больш за 30 гадоў.
— Зразумеў вас, Іван Іванавіч. Вашу просьбу дадаткова вывучым і паспрабуем нешта прадпрыняць, каб зняць праблему.
Галіна Юр’еўна Чыкіта, г. Маларыта, зав. Палявы, 1Б:
— Ужо амаль 5 месяцаў назад у райпалівазбыце запісалася на чаргу на набыццё брыкету, аднак да гэтага часу чакаю. У райпалівазбыце сказалі, што іх не датуюць, з-за чаго склалася запазычанасць перад прадпрыемствам, якое брыкет пастаўляе.
— Так, сапраўды, быў такі момант. Але літаральна сёння мы накіроўваем 60 мільёнаў рублёў на завод. Тое, што было закладзена ў бюджэце на закупку торфабрыкету, мы райпалівазбыту аддалі. Але цэны на прадукцыю значна выраслі, таму і склалася такая сітуацыя. Думаю, што ваша праблема вырашыцца станоўча.
Пётр Антонавіч Камянчук, г. Маларыта, вул. Энгельса, 28:
— На маім участку стаіць аварыйнае дрэва. Верхавіны яго ў электраправадах правіслі. Тут і да бяды недалёка.
— Калі яно пагражае бяспецы жыцця, зразумела, яго трэба прыбраць.
— Хаця б верхавіны зрэзаць.
— Даручу начальніку раёна электрасетак разабрацца ў вашай сітуацыі і вырашыць пытанне.
— Дзякуй.
Ганна Міхайлаўна Літоўчык, г. Маларыта, вул. Савецкая, д. 81:
— У нашым доме гарачая вада мае толькі адну назву. На самой справе цячэ з крана ледзь-ледзь цёпленькая. Каб памыцца ў ванне, трэба грэць у каструлях…
— Нічога канкрэтнага адказаць не магу, тут трэба разбірацца, што і зробяць камунальнікі.
— І яшчэ ў мяне адно пытанне. Наш кансервавагародніна­сушыльны камбінат выпускае смачную прадукцыю для дзяцей. Мы сваім унукам купляем яе часта. Але чаму слоічкі потым ідуць у адходы, чаму іх не прымаюць, шкло ж павінна быць у цане?
— Час ідзе наперад, усё мяняецца, і такая тара з-пад дзіцячага харчавання ўвайшла ўжо ў разрад другаснай сыравіны. А ёй, як паставіў нядаўна задачы Прэзідэнт краіны, будзе надавацца другое жыццё.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Казімір ЛАПІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


etalon.com.ua/

питьевая вода

www.iwashka.com.ua/katalog-tovarov/zhenskaya-gigiena/laktacionnye-prokladki-vkladyshi/