Молада ды не зелена

Існуе меркаванне, што малады спецыяліст не здольны адразу ж дасягнуць нейкіх поспехаў у працы, што за ім, як гавораць, патрэбна вока ды вока. Але Аляксандр Пятровіч Аўдзяюк, участковы інспектар Макранскага сельсавета, сваім прыкладам даказвае адваротнае. Малады чалавек ў лістападзе гэтага года стаў лепшым участковым інспектарам і быў узнагароджаны Пісьмом падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама Пісьмом падзякі ад Міністра Унутраных спраў Куляшова. Але ж да такога поспеху патрэбна было таксама прыйсці, а гэтаму паспрыяла правільна выбраная некалі сцяжынка ў жыцці. Як прызнаецца сам Аляксандр Аўдзяюк, ён ніколі асабліва і не задумваўся аб прафесіі міліцыянера, але, як гавораць, лёс усюды знойдзе.
— Яшчэ калі служыў у арміі, таварыш па службе прапанаваў ісці ў міліцыю, але я чамусьці тады яшчэ не быў упэўнены, што гэта маё, — дзеліцца Аляксандр Пятровіч. — Праз год пасля заканчэння службы ў арміі ўсё ж вырашыў паспрабаваць, уладкаваўшыся ў міліцыю.
Так, з 2006 года малады чалавек звязаў сваё жыццё з прафесіяй міліцыянера. Спачатку Аляксандр год працаваў у Бярозе патрульна-паставым, затым шэсць месяцаў камандзірам аддзялення патрульна-паставой службы. Але маладога хлопца ўсё больш цягнула на маленькую радзіму (сам Аляксандр з вёскі Збураж), і тады ён па асабістаму жаданню быў пераведзены ў Маларыту. З верасня 2007 года стаў працаваць малодшым участковым інспектарам (памочнікам участковага інспектара па Маларыцкаму, Гвозніцкаму сельсаветах), а ўжо са жніўня 2010 года Аляксандр Пятровіч з’яўляецца ўчастковым інспектарам Макранскага сельсавета. На пытанне, чым падабаецца прафесія міліцыянера, Аляксандр Аўдзяюк адказаў:
-Перш за ўсё падабаецца дапамагаць людзям. Безумоўна, як і ва ўсялякай справе і ў нашай ёсць свае мінусы і плюсы. Часта даводзіцца сутыкацца з людзьмі, якія не надта добра ставяцца менавіта да міліцыянераў, але з часам звыкаеш і да такога.
Аляксандр Аўдзяюк абслугоўвае ўвесь Макранскі сельсавет, а гэта дзевяць вёсак. Свайго маладога ўчастковага інспектара амаль усе жыхары вёсак ведаюць, што немалаважна. А самае галоўнае ў працы ўчастковага інспектара, па словах Аляксандра Пятровіча, гэта сувязь са старшынямі СВК і сельсавета. Таму ў першую чаргу ўчастковы інспектар трымае сувязь з імі. Калі прыязджае ў вёску, адразу ж наведваецца да старшынь, каб даведацца, ці ўсё было спакойна на даверанным яму ўчастку. Калі нешта здараецца, то ўчастковы інспектар абавязкова прымае меры. Часам гэта проста прафілактычная размова, а часам і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.
Служба ў міліцыі – гэта таксама работа з людзьмі, а прафесія ўчастковага інспектара тым больш, таму яму патрэбна абавязкова ўмець знаходзіць агульную мову з людзьмі. А часам гэта зрабіць зусім нялёгка. Акрамя работы на сваім участку Аляксандр Пятровіч дзяжурыць і ў аператыўнай групе, якая выязджае на месца здарэнняў. Таму працы шмат, а мажліва гэта і добра, бо калі, як не ў маладосці, дасягаць поспехаў у працы і ў жыцці. Дарэчы, Аляксандр Пятровіч жанаты і мае маленькага сына, які, напэўна, хоць яшчэ добра ўсё і не разумее, але ўсё ж па-свойму, па-дзіцячы ганарыцца татам. А мы ў сваю чаргу жадаем далейшых поспехаў Аляксандру Пятровічу ў яго нялёгкай службе, а таксама спакойнага без здарэнняў Новага года.
Анастасія Максімук.
На здымку: участковы інспектар Макранскага сельсавета Аляксандр Аўдзяюк.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://progressive.ua

steroid-pharm.com

www.adulttorrent.org