Носьбіт культуры — сам гаспадар

У рэдакцыі райгазеты “” адбылася “прамая лінія” са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам. З рознымі праблемамі звярталіся да яго жыхары раёна. Найбольш набалелыя пытанні датычыліся якасці жыцця маларытчан: добраўпарадкавання тэрыторый, пад’ездаў, дарог, рамонту дамоў і г.д. І хоць многія з праблем павінны былі вырашацца на падведамасным узроўні ці ўзроўні мясцовых улад, кіраўнік раёна ўважліва выслухоўваў кожнага, хто тэлефанаваў, і ніводнае з пытанняў і просьбаў не пакінуў без увагі. Ніжэй – рэпартаж з “прамой лініі”.
Сцяпан Сцяпанавіч Курдзюк, в. Ляхаўцы:
— Нас прымусілі заключыць з камунальнай службай дагаворы на вываз смецця. Дагаворы заключылі, а скрынак не паставілі…
— Паважаны Сцяпан Сцяпанавіч, штогод вырабляецца нямала кантэйнераў, якія камунальнікі ўстанаўліваюць у вёсках, але пакуль няма магчымасці стопрацэнтна забяспечыць імі ўсе населеныя пункты.
— І яшчэ адно пытанне. Ці будзе асфальтавацца дарога ад Маларыты да Ляхаўцаў: у нас жа аграгарадок!
— Так. Сёлета плануецца вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю на гэты аб’ект і пры першай магчымасці пачаць укладваць асфальт на дарозе.
Старшыні ЖПК-2 і ЖПК-9 у Маларыце:
— Па вуліцы Заводскай знаходзіцца банкамат. Пад’езд да яго з боку дамоў немагчымы: моцна разбіта дарога. Жыльцы сваімі сіламі спрабуюць неяк паправіць яе, але справіцца самі не могуць. Ці можна вырашыць гэтую праблему?
— Праблема вырашыцца сёлета: пры правядзенні капітальнага рамонту вуліцы Заводскай будзе адрамантаваны і з’езд да банкамата.
Сяргей Васілеўскі, жыхар в. Радзеж:
— Я інвалід ІІІ групы. Мне супрацьпаказана разумовая і фізічная нагрузка. Дзе мне знайсці работу?
— Будзе вывучана магчымасць працаўладкаваць Вас згодна з медыцынскімі паказаннямі Вашага здароўя, у СП “Радзеж”.
Мацвей Васільевіч Нікалаюк, в. Старое Забалацце:
— Хацеў бы скасаваць дагавор на вываз смецця, паколькі не карыстаюся такімі паслугамі, але камунальнікі не згаджаюцца.
— Я лічу, Мацвей Васільевіч, што смецце ў вёсках павінны вывозіць цэнтралізавана. Не варта парушаць агульны парадак. Носьбітам культуры на сяле павінен быць і сам гаспадар.
Таццяна Саўчук, г. Маларыта:
— З кранаў цячэ няякасная вада. Ці будуць прадпрыняты нейкія меры ў сувязі з правядзеннем у нас дажынак, каб палепшыць якасць вады, тым больш што сёлетні год аб’яўлены Годам якасці?
— Несумненна, будуць. У 2010 годзе ў Маларыце пачынаецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады.
Любоў Пятроўна Бярчук, г. Маларыта, вул. Маякоўскага, 28:
— Ці запланаваны на сёлетні год рамонт нашага дома?
— Так. Ваш дом уключаны ў праграму падрыхтоўкі да “Дажынак-2010”. У прыватнасці, плануецца ўстанавіць двухсхільны дах, зрабіць цеплавую рэабілітацыю, устанавіць пакватэрнае ацяпленне.
Васіль Мацвеевіч Ваўрушэвіч, в. Гвозніца:
— Казімір Віктаравіч, насельніцтва нашай вёскі, асабліва моладзь, хвалюе пытанне далейшага будаўніцтва і завяршэння рамонту такіх аб’ектаў, як Дом культуры і школа?
— Сёлета будзе завершаны рамонт Дома культуры, на што грошы выдзелены ўжо. Таксама да канца года будзе пабудавана “каробка” вучэбнага корпуса школы з прыбудовай спартыўнай, актавай залы і харчблока.
— І яшчэ такое пытанне. Чаму магазін ў в. Гвозніца не ўключаны ў спіс магазінаў, дзе ажыццяўляецца перадсвяточны продаж тавараў па зніжаных цэнах і з прадастаўленнем падарункаў?
Як было высветлена ў старшыні райспажыўтаварыства Алены Цімашэнка, з 76 магазінаў райпа пакуль у такі спіс уключаны толькі 30. Падобная акцыя будзе праводзіцца крыху пазней і ў Гвозніцкім магазіне.
Любоў Дзмітрыеўна Аўдзяюк, в. Збураж:
— Казімір Віктаравіч, калі ласка, дапамажыце, у нас сітуацыя проста крытычная: у 12-кватэрным доме, дзе жыву я і яшчэ 5 сем’яў, дах працякае настолькі, што цяпер, калі растае снег, не паспяваем ваду вёдрамі з кватэр выносіць.
— У сёлетнім годзе, Любоў Дзмітрыеўна, заплануем правесці бягучы рамонт вашага дома.
Пётр Севасцьянавіч Панасюк, стараста в. Перавое:
— У нашай вёсцы не працуе водаправод, і пытанне гэтае ніяк не вырашаецца…
— У сувязі з тым, што вада не адпавядае санітарным нормам, раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі забараніў яе выкарыстоўваць. Каб вырашыць праблему, будзем прадпрымаць нейкія меры.
— І наконт кантэйнераў для смецця: згодна з дагаворамі, якія заключылі жыхары Перавога, іх пакуль у вёсцы не ўстанавілі.
— Думаю, што сёлета з’явіцца магчымасць устанавіць у вас тры кантэйнеры, а пакуль карыстайцеся машынай, якая вывозіць смецце. Культуры вяскоўцы павінны прытрымлівацца.
Аляксандр Літоўчык, ІП:
— Наша райспажыўтаварыства ўзняло арэндную плату індывідуальным прадпрымальнікам. Чым гэта абумоўлена, ці можа ўлада ўмяшацца, каб знізіць стаўкі арэнды?
— Так адразу адказаць не магу. Даручу намесніку старшыні райвыканкама Эдуарду Кандзярэшку разам са старшынёй райспажыўтаварыства Аленай Цімашэнка разгледзець ваша пытанне.
Мікалай Ташкінаў, г. Маларыта, вул. Паркавая, д. 3, кв. 39:
— У нашым пад’ездзе зроблены рамонт. Усё пабелена, пафарбавана. У цэлым прыгожа. Але ў сцяне на нашай пляцоўцы пакінута вялікая дзірка, вакол паштовых скрынак фарба аблуплена. Нехта ж павінен ліквідаваць недаробкі: будаўнікі-рамонтнікі ківаюць на камунгаснікаў, а тыя – на іх?
— Ваш дом уключаны ў праграму капітальных рамонтаў жылля сёлетняга года, таму ўсе недахопы будуць ліквідаваны.
Іван Аляксеевіч Ігнацюк, г. Маларыта, вул. Савецкая, 111:
— У трэцім пад’ездзе нашага дома вельмі брудна, дзверы паламаныя, не зачыняюцца. Сюды заходзяць нават і бадзяжныя сабакі. Неаднаразова звярталіся ў ЖКГ, дзе абяцалі, што ўсё зробяць, а воз і цяпер там.
— Ваша пытанне адрасую дырэктару РВА ЖКГ Анатолю Жлукце і яно будзе ўзята на кантроль.
Ганна Іванаўна Варанчук, пенсіянерка, г. Маларыта, вул. Бугаёвай:
— Вуліца наша разбіта, ні праехаць, ні прайсці, яна даўно “просіць” капітальнага рамонту…
— Капітальны рамонт у гэтым годзе ў сувязі з выкананнем вялікіх аб’ёмаў работ па праграме падрыхтоўкі да дажынак правесці не ўяўляецца магчымым, а вось камунальнай службе будзе даручана падтрымліваць вуліцу Бугаёвай у належным стане за кошт грэйдзіравання.
Таццяна Паўлаўна Уласюк ад імя жыльцоў дома № 3 па вул. Школьнай:
— Ці запланавана добраўпарадкаваць наш дом да “Дажынак-2010”?
— Рамонт гэтага дома ў праграму па падрыхтоўцы да “Дажынак” не ўключаны.
Кацярына Пугач, інвалід І групы, г. Маларыта, вул. Лермантава, 5, кв. 17:
— У наш двор цяпер цяжка пад’ехаць і “хуткай”, якую амаль кожны дзень сюды выклікаюць, ды і родзічы нашы на сваіх аўтамабілях не могуць пад’ехаць, бо двор не чысцяць ад снегу.
Казімір Віктаравіч, ведаючы, што ў гэтым доме пражываюць у асноўным інваліды і адзінокія састарэлыя, даручыў дырэктару РВА ЖКГ Анатолю Жлукце ўзяць узнятае пытанне пад асобы кантроль.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Казімір ЛАПІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://engi.kiev.ua

kamod.net.ua