З усмешкай да кліента!

З надыходам Новага года адразу ж надыходзяць розныя святы, у тым ліку і прафесійныя. Так, у першую нядзелю сту­дзеня сваё прафесійнае свята адзначалі ра­ботнікі банка. Усе мы неаднойчы наведвалі гэтую ўстанову, і, пагадзіцеся, як прыемна, калі цябе сустракаюць з усмешкай і ветліва абслугоўваюць. А між тым, у гэтых людзей таксама могуць быць і свае клопаты, і праблемы, але кліенты гэтага не павінны заўважаць. У гэтым мяне пераканала і Ганна Яўгенаўна Гаўрылюк, якая пра­цуе ў аддзяленні 120/16 ААТ “ААБ Беларусбанк”, што ў вёсцы Ланская.
— Кажуць, што працаваць з людзьмі вельмі цяжка, — дзялілася Ганна Яўгенаўна, — але і тут ёсць свае плюсы. Часам, бывае, прыйду ранкам на работу, настрою няма, а тут зой­дзе нехта, анекдот раскажа ці цікавы выпадак з жыцця, глядзіш, ужо і развесяліўся. Вяскоўцы прыходзяць, каб атрымаць зарплату, зняць грошы, папоўніць баланс на тэлефоне, і заўсёды амаль усе пытаюцца: «Ну, як ты тут?» Прыемна становіцца, што, нягледзячы на свае праблемы, клопаты, людзі не забываюць і пра шчырыя чалавечыя адносіны, якія ніхто яшчэ не адмяняў.
Слухала Ганну Яўге­наўну і міжволі думала: так, любая работа з людзьмі патрабуе пэўнай самааддачы і цярпення. Але калі ты нячулы да іншых, і яны да цябе цягнуцца не будуць.
Між іншым, працаваць пачынала Ганна Яўгенаўна, маючы за плячыма толькі сярэдне-спецыяльную адукацыю. Цяпер жа яна студэнтка 4-га курса завочнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэ­та, па заканчэнні якога атрымае спецыяльнасць эканаміста.
— Памятаю першыя дні маёй працы ў аддзяленні банка, калі даводзілася доўга заседжвацца, бо адразу немагчыма было ўсяму навучыцца, — расказвала Ганна Яўгенаўна. – Але пачынаць усім цяжка, і ўсім трэба прайсці праз пэўныя перашкоды. Менавіта так набываецца вопыт, які затым вельмі дапаможа.
Анастасія Максімук.
На здымку: Ганна Гаўрылюк, работнік аддзялення “Беларусбанка” вёскі Ланская.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.designprof.com.ua

http://pills24.com.ua

https://best-cooler.reviews/