“ПАКУТЫ — ВЫПРАБАВАННЕ ДЛЯ ДУШЫ”

“Не толькі паміж людзьмі трэба шукаць саюза міру, але і ў сваім целе, сваім духу, сваёй душы”.
                         Ніл Сінайскі.
Месцам правядзення чарговага пасяджэння клуба “Крок насустрач”, што аб’ядноўвае бацькоў, дзеці якіх пакутуюць ад цяжкіх захворванняў нервовай і апорна-рухальнай сістэмы, была абрана Нядзельная школа пры Маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царкве. Сустрэча з благачынным цэркваў раёна айцом Віктарам Паляцілам пачалася з кароткага знаёмства з работай Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, пры якім і дзейнічае клуб “Крок насустрач”. Дырэктар Цэнтра Людміла Лукавец распавяла пра асноўныя накірункі дзейнасці Цэнтра, пра тое, якую дапамогу аказваюць спецыялісты – псіхолагі, дэфектолагі “асаблівым” хлопчыкам і дзяўчынкам (заняткі спецыялістаў наведвае больш за 40 дзяцей з рознымі адхіленнямі ў развіцці) і якую работу праводзіць Цэнтр з бацькамі гэтых дзяцей, каб, у першую чаргу, дапамагчы ім пераадолець псіхалагічны бар’ер.
Шчырая размова са святаром, якая працягвалася амаль дзве гадзіны, закранула многія аспекты праблемы нара­джэння ў сям’і хворага дзіцяці. Першы з іх – маральны. Як знайсці ў сабе сілы, каб змірыцца з рэальнасцю? Як навучыцца пакорлівасці, каб несці па жыцці цяжкі крыж і не абвінавачваць у гэтым нікога? Як пазбавіцца ад адчаю, смутку? Дзе знайсці крыніцу цярплівасці, ад якой можна жывіцца жыццёвым аптымізмам? На ўсе гэтыя пытанні айцец Віктар пастараўся даць адказы, слушныя парады.
Менавіта адносінамі да хворага дзіцяці, як гаварылася, выпрабоўваецца наша дабрыня і ў цэлым духоўнасць грамадства. А таму ніколі не павінны гучаць словы: “За што пакараў мяне лёс?”. Кожны чалавек, хворы ці здаровы, — асоба. І калі ўспрымаць сваё “асаблівае” дзіця як асобу, клапаціцца не толькі пра яго фізічныя патрэбы, але і пра яго духоўны свет, абавязкова з’явяцца сілы пераадольваць любыя цяжкасці, і жыццё напоўніцца сэнсам.
У дыскусіі закраналася шмат праблем, з якімі давялося сутыкнуцца грамадству. А гэта і маладзетнасць сем’яў, прычынай якой у першую чаргу з’яўляюцца аборты, і п’янства, якое ўсё больш распаўсюджваецца, і грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі. Поспех у барацьбе з усім гэтым праваслаўная царква бачыць у духоўным ачышчэнні чалавека.
Айцец Віктар распавёў удзельнікам сустрэчы пра тое, якім павінен быць сапраўдны пост, падказаў, як трэба рыхтавацца да прычасця, растлумачыў матулям, як падрыхтаваць дзіця да споведзі, і на памяць аб сустрэчы падарыў усім абразкі заступніка дзяцей прападобнага Стыліяна.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


креатин моногидрат купить

купить кухню киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!