Сесiя раённага Савету дэпутатаў

У прамысловасці

За 2009 год, як адзначыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, вытворчасць прамысловай прадукцыі ў раёне склала 137%. Знізілася яе энергаёмістасць. Асноўны вытворца – “ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” за 2006 – 2009 гады вытворчасць прадукцыі павялічыў у 3 разы. Значыць сюды, падкрэсліў кіраўнік раёна, недарэмна ўкладзены значныя фінансавыя рэсурсы, а ў бліжэйшыя гады на мадэрнізацыю прадпрыемства будзе выдзелена яшчэ 15 мільярдаў рублёў. Для самога ж калектыву, як лічыць кіраўнік камбіната Таццяна Камянчук, мінулы год быў і складаным, і цікавым. Выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі. Прадукцыя выпускаецца высокіх спажывецкіх якасцей. Маларыцкія харчавікі даказалі ролю айчыннага вытворцы, заваёўваючы рынкі Украіны, Расіі, Казахстана. Вось і нядаўна мэрыя Санкт-Пецярбурга запрасіла кіраўніцтва камбіната для перамоў аб пастаўках дзіцячага харчавання ў паўночную сталіцу Расіі. А гэта не што іншае, як стымул працаваць яшчэ лепш. Толькі ў мінулым годзе прадпрыемства асвоіла каля 20 новых найменняў прадукцыі для дзяцей. Тут летась пачалі працаваць з бананам, цвятной капустай. Галоўная задача, якая стаіць перад камбінатам, рэалізоўваць прадукцыі столькі, колькі выпускаецца, працаваць не на склад, а на спажыўца.

У цэлым па раёне тэмпы росту прамысловай вытворчасці на 2010 год прагназуюцца ў межах 114,5%, па спажывецкіх таварах – 118%.

У сельскай гаспадарцы

Падводзячы вынікі работы на сяле, Казімір Лапіч адзначыў, што працаўнікі вёскі справіліся з асноўнымі прагнознымі паказчыкамі паспяхова. У гэтай галіне народнай гаспадаркі стаіць асноўная задача – павышаць аддачу кожнага гектара. У многіх гаспадарках добра разумеюць гэта і навучыліся працаваць на зямлі. Як немалое дасягненне, Казімір Лапіч адзначыў, што летась з кожнага бала-гектара атрымана больш за цэнтнер зерня і 52 цэнтнеры кармоў. І гэта лепшыя паказчыкі ў вобласці. Выкананы прагноз па вытворчасці малака: яна склала 113%. Раён выйшаў на паказчык у 5100 кілаграмаў малака ад каровы, што на 250 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе. У прыватным унітарным прадпрыемстве “Савушкі­на” наблізіліся да сямітысячных надояў, у СВК “Дарапеевічы” – шасцітысячных. Аднак ёсць яшчэ нямала праблем з якасцю яго. У СВК “Ланская”, “Арэхава”, напрыклад, вельмі нізкі працэнт рэалізуемага высокагатунковага малака. Гэтыя пытанні будуць актуальнымі сёлета, бо 2010 год Прэзідэнтам РБ аб’яўлены Годам якасці.

Вялікая работа праведзена і праводзіцца па будаўніцтву і рэканструкцыі ферм у СВК “Ляхаўцы”, “Арэхава”, “Чырвоны партызан”, “Макраны”, “Гвозніца”.

Паказчыкі на апошні год пяцігодкі ў сельскай гаспадарцы даведзены высокія. Аднак, як адзначыў Казімір Лапіч, яны аб’ектыўныя. Тэмп росту валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі даведзены да 109%. Каб выканаць заданні, трэба імкнуцца, каб на 1 га сельгасугоддзяў была 1 галава буйной рагатай жывёлы. Гэта павінна стаць арыенцірам для кожнага сельгаспрадпрыемства. У раёне прынята праграма далейшай рэканструкцыі ферм з такім разлікам, каб штогод уводзіць па 2 невялікія фермы з даільнымі заламі. Да такіх ферм і  патрабаванні будуць больш строгія – атрымліваць малако экстра-класам. На 2010 год прадугледжана ўвесці ў строй другую чаргу фермы ў в. Дворышча і пашырыць ферму ў в. Дарапеевічы з тым, каб павялічыць пагалоўе тут да 900 галоў.

Планы напружаныя для жыхароў вёскі. Таму з першых дзён новага года, падкрэсліў Казімір Лапіч, штодзённы прырост малака павінен быць не менш чым 11%. Рост заработнай платы ў сельскай гаспадарцы неабходна павялічыць на 25%. А гэта значыць, што настолькі трэба павялічыць і вытворчасць прадукцыі.

У будаўніцтве

У горадзе і сельскай мясцовасці ў 2009 годзе выканана заданне па ўводу жылля – пабудавана 19 тыс. кв. метраў яго. Гэта 32- і 36-кватэрныя ЖБК у горадзе, рэканструкцыя інтэрната райаграпрамтэхнікі пад жылы дом, 72-кватэрнага жылога дома ў в. Хаціслаў. У СВК раёна пабудавана 39 жылых до­мікаў. Яшчэ больш жылля запланавана на гэты год – 23 тыс.кв. метраў, у тым ліку – 100 домікаў на сяле. Асаблівая ўвага будзе нададзена сёлета будаўніцтву аб’ектаў у рамках абласных дажынак-2010 – басейна са спартыўнай залай, гасцініцы, добраўпарадкаванню парка, вуліц, асфальтаванню дарогі Маларыта-Ляхаўцы. Кіраўнік раёна звярнуў увагу, у прыватнасці кіраўніцтва ПМК-8, на тое, каб гэтая арганізацыя актыўней выкарыстоўвала свой патэнцыял у будаўнічых аб’ёмах. Наогул жа, абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” павінен стаць  для раёна экзаменам на сталасць. Таму пачынаць падрыхтоўку да яго, поў­насцю ўключацца ў работу трэба цяпер ужо. Казімір Лапіч звярнуў увагу адказных асоб на маруднасць зносу старога жылля, на тэрміны вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі, якая не павінна стрымліваць ход работ. На падрыхтоўку да дажынак запланавана выдзеліць 50 мільярдаў рублёў. Асвоіць гэтыя сродкі своечасова – справа гонару для раёна.

Бюджэт: асноўныя прыярытэты захаваюцца

Сесія зацвердзіла бюджэт раёна на 2010 год. Варта адзначыць, што ён, як і ў ранейшыя гады, захавае свае прыярытэты – сацыяльную накіраванасць. Найбольш сродкаў будзе ўкладзена ў сістэму адукацыі, ахову здароўя, жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, фізічную культуру, спорт, сацыяльную палітыку, сацыяльную ахову. Усяго расходы раённага бюджэту складуць 62 мільярды 304 мільёны рублёў.

Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.