Каб была чыстая, як неба

Многія маларытчане заўважылі, што ў апошні час вада з вадаправоднага крана стала намнога чысцейшай і смачнейшай. Гэтаму паспрыяла тое, што з 21 ліпеня ў райцэнтры на водазаборы “Заазёрны” ўведзена ў дзеянне станцыя абезжалезвання і помпавая станцыя ІІ пад’ёму.
— Станцыя, якая займае 1,68 гектара, будавалася ў рамках рэспубліканскай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Чыстая вада”, — расказвае Анатоль Жлукта, начальнік станцыі. – Яна была ўзведзена амаль за 9 месяцаў. На будаўніцтва затрачана прыблізна 6,3 мільярда рублёў. Станцыя абезжалезвання адпавядае ўсім сучасным падрабаванням. Яна складаецца з адміністрацыйнага будынка, вытворчай лабараторыі, дыспетчарскай, кацельні на мясцовых відах паліва, самой станцыі, пляцоўкі прамыўных вод. У штаце прадрыемства – 15 чалавек. Кантроль за вадою вядзецца кругласутачна і пазменна. Праектная магутнасць станцыі – 3800 метраў кубічных вады ў суткі. Маларыта ж у суткі сёння спажывае 1800 кубічных метраў вады летам і 1500 – зімою. Узровень аўтаматызацыі на прадпрыемстве высокі. Увесь тэхналагічны працэс вядзецца і кантралюецца аўтаматычнай сістэмай.
— Анатоль Іванавіч, колькі стадый праходзіць вада, каб чыстай трапіць да спажыўца?
— Раней вада са свідравін, якія размешчаны адна ад адной на адлегласці 200-300 метраў, з глыбіні прыкладна 200 метраў адразу накіроўвалася да спажыўца. Сёння ж яна са свідравін, якіх у нас 5, паступае спачатку ў фільтры, затым — у рэзервуары для чыстай вады, якія створаны для раўнамернай яе падачы. І толькі пасля гэтага пад ціскам да 0,3 мегапаскаля вада, ачышчаная, трапляе ў кватэры. З вады выдаляюцца жалеза, марганец, серавадарод і іншыя шкодныя хімічныя рэчывы. Мы яе ачышчаем ад механічных, біялагічных і хімічных дамешак. Утрыманне жалеза зніжаецца прыкладна на 95-96%. Фільтры перыядычна прамываюцца. Тое, што яны затрымліваюць, можна пабачыць на пляцоўках прамыўных вод. Неабходна звярнуць увагу і на такую акалічнасць, што кошт вады пры гэтым для спажыўцоў застаўся ранейшым.
Адна з вартасцей станцыі – вытворчая лабараторыя. Яна адна з найлепшых у раёне, бо абсталявання, якое ёсць тут, у іншых пакуль што няма. Лабараторыя праводзіць кантроль за вадою па ўсіх параметрах згодна з санітарнымі правіламі і нормамі. Сёння 4 яе супрацоўнікі ажыццяўляюць хімічны, бактэрыялагічны і радыялагічны кантроль для ўласных патрэб. Пасля акрэдытацыі фізічныя і юрыдычныя асобы змогуць зрабіць любы кантроль якасці вады.
— А што значыць жалеза ў вадзе?
-Жалеза, якое знаходзіцца ў вадзе, з’яўляецца прычынаю многіх нашых праблем. Нават пры такіх нізкіх яго канцэнтрацыях, як 0,3 мг/л, на ракавінах, посудзе, тканіне і іншых паверхнях могуць з’яўляцца плямы. Больш высокія канцэнтрацыі надаюць вадзе характэрны металічны прысмак, пах і могуць змяніць, напрыклад, смак і знешні выгляд кавы, гарбаты… Наяўнасць у вадзе жалеза ўплывае і на якасць ежы. Акрамя таго, пастаяннае спажыванне такой вады можа садзейнічаць узнікненню захворванняў унутраных органаў, у першую чаргу – нырак і печані. Вялікая канцэнтрацыя жалеза ў вадзе дрэнна ўплывае на скуру чалавека, можа быць прычынаю ўзнікнення розных алергічных рэакцый… Агульнавядома і тое, што жалеза, якое знаходзіцца ў вадзе, спрыяе зарастанню і карозіі трубаправодаў, выхаду са строю бытавога абсталявання.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Анатоль Жлукта, начальнік станцыі абезжалезвання; адміністрацыйны будынак.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.