Павенчаныя каханнем

Шанцуе мне на ціка­вых людзей. Выпадкова завітаў у госці і ў сям’ю Бялясавых. Гаспадар сям’і, Яўген Іванавіч, сустракаў мяне на лесвічнай пляцоўцы. Павітаўшыся, ён ласкава запрасіў у кватэру, сказаўшы: “Мы раскажам многае, а пра што напішаце – выбар за вамі”. Пераступіўшы парог, убачыў Марыю Васільеўну, якая, усміхаючыся, завіхалася на кухні. За кубачкам кавы паступова завязалася размова. Шчырая, даверлівая. Склалася ўражанне, што знаёмы мы не некалькі хвілін, а ўсё жыццё. Яўгена Іванавіча і Марыю Васільеўну можна слухаць бясконца. Быццам бы не пра сваё жыццё яны расказваюць, а чытаюць цікавы раман пра каханне, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца ён і яна.
Жэня нарадзіўся і вырас на Шклоўшчыне ў сялянскай сям’і. У Акуліны Емяльянаўны і Івана Іванавіча ён быў пятым сынам, самым меншым. Біяграфія ў Жэні шмат у чым такая ж, як і ў яго равеснікаў. Пасля вызвалення роднага краю ад захопнікаў пайшоў вучыцца ў 3 клас. У 1949 г., пасля заканчэння сямігодкі, надумаў паступаць вучыцца ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча. Гэта была мара з дзяцінства. Хлопцу вельмі хацелася быць падобным на Веру Піліпаўну, жонку старэйшага брата, якая працавала фельчарам. Жанчына была вопытным спецыялістам. У вёсцы пра яе гаварылі: “Як Піліпаўна скажа, так і будзе!” Ёй давяралі нават больш, чым урачам у райцэнтры. Да парад Веры Піліпаўны прыслухоўваліся, з ёю заўжды раіліся. Жанчыну паважалі ў вёсцы і любілі ўсе без выключэння. Дапамагаць людзям, аблягчаць іх фізічны боль хацеў і Жэня. Аднак экзамен па рускай мове напісаў не надта добра, таму медыкам так і не стаў. Каб не губ­ляць дарэмна час, праз некалькі дзён завёз дакументы ў Магілёўскае педагагічнае вучы­лішча. Уступныя іспыты вытрымаў і стаў вучыцца на настаўніка фізічнай культуры. Пасля 2 курсаў вучобы прызываецца на тры гады на службу ў армію ў Германію.
— Вярнуўшыся дадому, — успамінае Яўген Іванавіч, — пайшоў працягваць вучобу далей. 4 снежня 1954 г. я ўвайшоў у адну з аўдыторый вучылішча, дзе займаўся трэці курс, і сеў за адну парту з дзяўчынаю. Больш не было дзе. Усё занялі навучэнцы. Дзяўчына мне ўсміхнулася. Я на ўсё жыццё запомніў той погляд. Светлы, адкрыты. Штосьці ў ім было незвычайнае і нават таямнічае. Яна мне здалася загадкай, якую захацелася разгадаць.
— Той дзяўчынай была я, — прызнаецца Марыя Васільеўна.
Яна родам з Рага­чоў­шчыны са шматдзетнай сям’і. Марыя і яе сястра Галіна – блізняты, у бацькоў былі чацвёртым і пятым дзецьмі. Маці і бацька працавалі ў калгасе. Марыя, закончыўшы сямігодку, вырашыла стаць настаўнікам фізічнай культуры. Таму падала дакументы ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Вучоба давалася лёгка. Дзяўчына паспявала ва ўсім, мела поспехі ў спартыўнай гімнастыцы і нават атрымала І разрад па гэтаму віду спорту.
— Сапраўды, у той дзень была звычайная лекцыя, — працягвае Марыя Васільеўна.-Нечакана адчыніліся дзверы і разам з прадстаўніком адміністрацыі вучылішча з’явіўся ён, Жэня. Высокі, статны, падцягнуты, сімпатычны. Многія дзяўчаты адразу так і ахнулі. Гэта, напэўна, быў падарунак лёсу, каб усё жыццё ісці побач з такім хлопцам. Я ж ад нараджэння шустрая была, вёрткая, баявая. Свайго шанцу ніколі не ўпускала. А тут такі выпадак…
Жэня і Марыя так да заканчэння вучобы і прасядзелі разам за адной партай. Агеньчык сапраўднага кахання ўспыхнуў з маленькай іскрынкі. У канцы вучобы ён ужо шугаў сапраўдным полымем у сэрцах дваіх людзей. Але ўзаконьваць свае адносіны маладыя людзі не спяшаліся, бо на першым плане была ўсё ж вучоба.
Надышлі выпускныя экзамены, а пасля і размеркаванне. Жэня і Марыя былі ў ліку першых, таму маглі выбраць самі першае месца працы.
— Мы хацелі удваіх паехаць у адзін і той жа раён, — прызнаецца Яўген Іванавіч. – Аднак такой магчымасці не было. Два маладыя спецыялісты-фізкультурнікі ў адзін і той жа раён тады не патрабаваліся. І толькі ў Брэсцкай вобласці маглі мы працаўладкавацца. Падумаўшы, згадзіліся. Мы згодны былі ехаць хоць на край свету, толькі б быць разам. Былі перакананы, што з усім справімся, бо ў нас было самае галоўнае – шчырае і ўзаемнае каханне.
У аблана нам, маладым спецыялістам, на выбар прапанавалі Ганцавіцкі і Маларыцкі раёны. Супраць Маларытчыны чамусьці выступаў мой дзядзька. Ён прыводзіў нейкія аргументы, але мы яго не паслухалі. Я быў перакананы, што многае, калі не ўсё, залежыць ад самога чалавека, ад яго адносін да справы і тых, хто знаходзіцца побач. Таму з Марыяй выбралі Маларыцкі раён.
12 жніўня 1956г. Марыя і Жэня цягніком прыехалі ў райцэнтр. Адразу зайшлі ў кабінет да начальніка аддзела народнай адукацыі Васіля Маркава. Маладыя папрасілі, каб іх накіравалі на працу ў адну і тую ж школу.
-Як сёння помню словы Васіля Піліпавіча, — усміхаецца Яўген Іванавіч, — які тады сказаў так: “Каб паехаць разам у адну школу, неабходна і быць адной сям’ёй”. Мы не ведалі, што рабіць. Выйшлі на вуліцу. Была субота, 6 гадзін вечара. Доўга не думаючы, пайшлі ў ЗАГС. Нас адразу там жа і распісалі.
Шчаслівыя, ён і яна ў магазіне купілі бутэльку віна, пайшлі ў гасцініцу, дзе спыніліся, і накрылі невялічкі стол. Заключэнне шлюбу адзначылі ўчацвярых: Жэня, Марыя, тэхработніца гасцініцы і паэт Мікола Засім, які ў той дзень здымаў тут нумар.
— У панядзелак зранку мы зноў былі ў кабінеце Маркава, — гаворыць Марыя Васільеўна. – Яму паказалі пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Васіль Піліпавіч накіраваў нас на працу ў Олтушскую школу выкладаць фізічную культуру. Праз год мы пераехалі на іншае месца працы.
— Так склаліся абставіны, — прызнаецца Яўген Іванавіч. – Я стаў выкладаць у Велікарыцкай школе, а жонка –у Печкаўскай пачатковай школе.
Жэня і Марыя працавалі старанна, добрасумленна. Яўген да таго ж не цураўся і грамадскай працы. Ён быў агітатарам на Велікарыцкай малочна-таварнай ферме. Хутка ўступіў у партыю, стаў старшынёй прафсаюзнага камітэта, сакратаром партыйнай арганізацыі школы. Як актывісту ў красавіку 1967 г. Яўгену прапанавалі па­саду інструктара арга­нізацыйнага аддзе­ла райкама пар­тыі. Падумаўшы, ён згадзіўся. Марыя Васільеўна з новага навучальнага года стала працаваць настаўніцай фізічнай культуры ў Маларыцкай СШ. Тут яна выкладала аж да выхаду на заслужаны адпачынак.
— А я, — кажа Яўген Іванавіч, — затым закончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу і на пасадзе інструктара працаваў па красавік 1976г., а затым атрымаў назначэнне на пасаду дырэктара Маларыцкага кааператыўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Тут працаваў да моманту закрыцця ўстановы, да 25 жніўня 1994 г. Усюды нам з жонкаю хацелася быць не горшымі за іншых. Мы не выбіралі лёгкіх шляхоў, імкнуліся не канфліктаваць ні з кім. Калі нешта і не задавальняла, то нікога ў гэтым не абвінавачвалі. Разумелі, што само з неба нішто не ўпадзе. Каб быў нейкі вынік, неабходна працаваць. Мы рабілі тое, што заслугоўвае ўзнагароды, але не шукалі і не чакалі яе…
У Марыі Васільеўны было іншае захапленне. Яна ўсё жыццё займалася спортам. За дасягнутыя поспехі ў развіцці фізічнай культуры і спорту мае амаль 30 грамат і дыпломаў рознага ўзроўню. Яна 9 разоў выступала на абласных спаборніцтвах па мнагабор’ю, з іх 7 разоў уздымалася на першую прыступку п’едэстала. А ў жніўні 1974 г. узнагароджана дыпломам І ступені за ўдзел у спаборніцтвах па комплексу “Гатоў да працы і абароны” на прызы газеты “Комсомольская правда”. Між іншым, апошні раз Марыя Васільеўна ў такіх спаборніцтвах выступіла ва ўзросце 45 гадоў.
Марыя Васільеўна і Яўген Іванавіч разам ужо больш 55 гадоў. Па меркаванні суседзяў і тых, хто іх добра ведае, гэта – ідэальная пара ва ўсіх адносінах. Трапяткія і чулыя адносіны адзін да аднаго яны здолелі пранесці праз гады і захаваць да сённяшняга дня. Незвычайная ўважлівасць, клопат адзін пра аднаго, душэўная цеплыня, шчырасць, далікатнасць, тактоўнасць і даверлівасць у адносінах – вось тое, што характэрна для гэтай сямейнай пары.
— Для нас самае галоўнае, — кажа Яўген Іванавіч, — жыць без падману, фальшы, быць уважлівымі да сваёй палавіны, умець разумець адзін аднаго. І са словамі, і без іх. Часам дастаткова аднаго погляду, ледзь прыкметнага жэста рукі, кіўка галавы, выразу твару, каб зразумець усё правільна і беспамылкова. Гэта дасягаецца не за адзін месяц. Такое шліфуецца дзесяцігоддзямі.
— Усё сумеснае жыццё мы разам самі вучыліся будаваць свой сямейны дом, закладвалі падмурак, узводзілі сцены, — падтрымлівае размову Марыя Васільеўна. – Рэцэптаў аднолькавых для ўсіх, вядома ж, няма на свеце. Тут неабходна ісці сваёй сцежкай. Мы вучыліся дараваць адзін аднаму, цярпенню. А хіба лёгка ўмець цаніць погляды сваёй палавіны? Характары ў нас розныя, таму давялося паступова змяняцца на карысць іншага. Толькі ад яго і яе залежыць, якім будзе сумеснае жыццё. Парады даваць лёгка, затое цяжка самому па іх жыць. А муж для мяне – самы лепшы дарадца, сябар. Да яго думкі, слова заўсёды прыслухоўваюся нават і зараз.
Марыя Васільеўна і Яўген Іванавіч, у якіх стаж сямейнага жыцця мае адлегласць у 55 гадоў, перакананы: для таго, каб быць шчаслівымі ў шлюбе, не так многа і трэба. Найпершая і найгалоўнейшая ўмова для гэтага – каханне. Усюды і заўжды, нягледзячы ні на якія абставіны. Сапраўднае каханне – лекі ад любой немачы.
Р.S. Яўген і Марыя Бялясавы выхавалі дачку Алу і сына Юрыя, маюць 3 унукаў і адну ўнучку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Бялясавы сёння.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://optiontradingstrategies.net

www.oncesearch.com/details/chaturbate-random-girls-10-siswet19-fairykarina-hello-x-pussy-mollybrooke-95093
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!