“Распілілі” мільён

Фотаконкурс “Мае любімыя…”, які ўпершыню арганізавала каманда гарадскога партала malorita.ru, завяршыўся прыемным сюрпрызам для трох пераможцаў. Між сабой яны падзялілі адзін мільён беларускіх рублеў.
А хто які “кавалак” ад гэтай сумы атрымае, вырашалі самі карыстальнікі сайта, якія на працягу снежня наведвалі партал і аддавалі свае галасы самым лепшым фотаздымкам. Удзельнікам конкурсу мог стаць любы, было б жаданне, фотаапарат ды цікавыя імгненні, якімі хацелася падзяліцца.
— Malorita.ru не плануе абмяжоўвацца выключна форумам ды навінамі, якія тычацца Маларыты і раёна. У каманды партала нараджаецца нямала ідэй, якія далі б магчымасць маларытчанам і жыхарам раёна паказаць сябе з нечаканага боку. І “Мае любімыя…” толькі наш першы крок у гэтым напрамку, — расказвае адміністратар партала Канстанцін Гардзіеўскі. – Дарэчы, у конкурсе ўдзельнічала 7 чалавек, якія даслалі нам 54 фотаздымкі. Безумоўна, за “так” змагацца не цікава. Але фінансава нас падтрымаў маларыцкі прадпрымальнік Сяргей Панасюк, таму ўсё атрымалася на належным ўзроўні.
У выніку любімы сабака Заграй прынёс свайму гаспадару Алегу Коцелеву перамогу ў намінацыі “…Жывёлы”, а заадно і “кавалачак” у 200 тысяч рублеў. Лепшым фотаздымкам у наміна­цыі “…Сябры” фарумчане прызналі вясёлы летні эцюд “Мы лёталі” Дзяніса Кіцеля, які, між іншым, заслужыў 56 пахвальных клікаў. Палет над берагам Атлантычнага акіяна падарыў Дзянісу 300 тысяч рублёў. А самым цікавым фотаздымкам быў прызнаны фотаэцюд, які даслаў брэстаў­чанін Андрэй Дышко і дзе быў адлюстраваны адзін з моман­таў начнога Брэста. Андрэю і дастаўся самы вялікі “кавалак” – паў­мільёна рублёў.
— Я фотаапарат з рук, лічы, не выпускаю пасля таго, як некалькі гадоў назад пабываў на Каўка­зе, — рас­казваў Андрэй. — Паступова назбіралася нядрэнная фотакалекцыя. Чаму б не паспрабаваць свае сілы? А на перамогу, шчыра кажучы, і не разлічваў.
Дарэчы, каманда партала па сакрэту паведаміла “ГЧ”, што летам мalorita.ru рыхтуе новы конкурс. Які? Сачыце за навінамі на партале – даведаецеся.
Святлана Рыцкая.
НА ЗДЫМКУ: уладальнік першай прэміі Андрэй Дышко.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


gefest-sv.kiev.ua

http://220km.net

UDI 818A HD+