У ліцэі — свая Паўлінка

Калі з канцэртнай праграмай выступае дзяржаўны прафесійны ліцэй, можна не сумнявацца — на сцэну абавязкова выйдзе навучэнка трэцяга курса Паўліна Смірнова. Як заўжды шчыра ўсміхнецца і, падхапіўшы рытм музыкі, прыгожа заспявае эстрадную ці народную песню.
З самага маленства, як успамінае Паўліна, што б яна ні рабіла, заўжды ціха мурлыкала песню. Добры голас і слых дастаўся дзяўчыне ў спадчыну.
— Гэта наша, сямейнае, — жартуе Паўліна.
Праўда, вакальныя здольнасці дзяўчыны раскрыліся не так даўно. У школьныя гады сціплая Паўліна нікому не прызнавалася, што можа спяваць, і заўжды заставалася ў цяньку. А вось у прафесійным ліцэі “схаваць” свой талент не атрымалася. У час першага “праслухоўвання” яе заўважыў музычны кіраўнік Уладзімір Галавій.
Свой першы выхад на сцэну Паўліна памятае, быццам гэта было толькі ўчора:
— Хвалявалася вельмі, здавалася, што нічога не атрымаецца. Але загучала музыка, пачала спяваць і пра страх зусім забыла.
— А цяпер перад канцэртам хвалюешся? – пытаюся ў дзяўчыны.
— І цяпер хвалююся. Хочацца праспяваць добра, каб усім спадабалася, каб песня падарыла настрой.
Гэта толькі здаецца, што спяваць на сцэне лёгка. Нехта скажа: а што тут складанага, калі ёсць у цябе голас — бяры ў рукі мікрафон і радуй публіку. На самой справе да кожнага канцэрта нават самадзейныя артысты рыхтуюцца доўга і старанна. А вось калі часу на рэпетыцыі не хапае, эстрадны нумар яшчэ зусім “сыры”, а трэба ўжо выступаць, тады і даводзіцца хвалявацца. Але Паўліна, як адзначаюць яе музычныя кіраўнікі, а ў народнай і эстраднай студыях з ёю вось ужо трэці год займаюцца Уладзімір Галавій і Анатоль Барысюк, заўжды вельмі адказная, яна ніколі не падводзіць. Адным словам — музычная палачка-выручалачка.
Сёлетні год для Паўліны адказны. Яшчэ некалькі месяцаў, і будзе развітвацца яна з ліцэем, за тры гады асвоіла спецыяльнасці повара і швачкі. Прафесіі, трэба сказаць, для любой дзяўчыны карысныя і не лішнія. Але цяпер Паўліна ўсё часцей задумваецца над тым, каб звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Хоча паспрабаваць паступіць на вакальнае аддзяленне ў музычны каледж.
— Шкада толькі, што музычнай адукацыі ў мяне няма, — засмучаецца дзяўчына. – Вельмі хацелася ў музычнай школе вучыцца, але не атрымалася.
Аднак адсутнасць музычнай адукацыі ніколькі не пера­шкаджае Паўліне паспяхова выступаць на сцэне, удзельнічаць у розных музычных конкурсах. Вось і зараз дзяўчына рыхтуецца да новага выступлення на абласным аглядзе, дзе калектыў ліцэя будзе прадстаўляць праграму “Пад дахам дома свайго”.
Да падбору песеннага рэпертуару Паўліна падыходзіць сур’ёзна. Вельмі важна, лічыць яна, знайсці менавіта “сваю” песню, тую, якая будзе гучаць, падыдзе да твайго голасу і характару. У гэтым і ёсць сакрэт поспеху на сцэне. А яшчэ ёсць у Паўліны свой маленькі сакрэт. Яна піша вершы. І марыць, што калі-небудзь яе вершы стануць песнямі.
НА ЗДЫМКУ: Паўліна Смірнова.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У ліцэі — свая Паўлінка: 1 комментарий

  • 01.02.2012 в 3:25 пп
    Permalink

    Паўліна выступала ў Ляхавецкай школе.Адораная дзяўчынка,Хай збудуцца яе мары

Добавить комментарий